Тураўская станцыя кальцавання птушак

За 20 гадоў працы навукоўцамі, арнітолагамі, замежнымі спецыялістамі тут акальцавана больш за 50 тысяч птушак. Птушкі з тураўскімі кольцамі былі сустрэтыя больш чым у 50 краінах Еўропы, Афрыкі і Азіі. Па цэлым шэрагу відаў атрыманая інфармацыя (тэрміны пралёта, месцы зімовак, працягласць жыцця) – абсалютна новая для нашай краіны. Штогод на станцыю на падмогу прыязджаюць дзясяткі валанцёраў і бёрдвотчараў.

Станцыя працуе рэгулярна з сакавіка па верасень. Асноўная група птушак, на якой спецыялізуецца СТАНЦЫЯ – кулікі. Кальцуюцца і іншыя птушкі, у першую чаргу-водна-балотныя. Для адловаў птушак выкарыстоўваюцца спецыяльныя пасткі і павуцінневыя сеткі. Станцыя — гэта не толькі кальцаванне кулікоў. Гэта яшчэ і вывучэнне гнездавання, а таксама многіх іншых аспектаў, так ці інакш звязаных з кулікамі і іншымі птушкамі.

Наведвальнікам станцыі кальцавання раскажуць пра гісторыю станцыі і заказніка Тураўскага луга. Яны змогуць паназіраць за працай арнітолагаў, убачыць, як вызначаецца выгляд, пол і ўзрост птушак.