Царква Святога Мікалая ў вёсцы Кажан-Гарадок

Кажан-Гарадок - населены пункт, якi размешчаны на поўдні Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці. У самым цэнтры вёскі знаходзіцца адна з галоўных славутасцяў - царква Святога Мікалая.

Узвядзенне царквы адносіцца да 1818 года, калі на кургане-магільніку быў пабудаваны драўляны храм, пры ўзвядзенні якога не выкарыстоўвалася ніводнага цвіка. Існуе мясцовая легенда, згодна з якой зямлю на курган, на якім быў пабудаваны храм, наносілі ў шапках палонныя французы часоў вайны з Напалеонам. Будаўніцтва храма заняло каля пяці гадоў і доўжылася з 1813 да 1818 гады. Узвядзенне царквы пачынаў мясцовы майстар Аляксандр Маліноўскі. Праз два з паловай гады пасля пачатку будаўніцтва кантракт з ім быў скасаваны, і да будаўніцтва прыступілі іншыя майстры: Сымон Канапацкі і Васіль Лістапад.

Храм мае пірамідальна-цэнтрычную кампазіцыю. Будынак складаецца з пяці зрубаў, размешчаных у форме крыжа. Сярэдні зруб вылучаецца не толькі сваім аб'ёмам, але і вышынёй, а таксама памерамі завяршальнай часткі, якая ўвянчаная купалам. Чатыры іншыя зрубы таксама на сваіх вяршынях маюць купалы, сіметрычна размешчаныя адносна цэнтральнай главы. Усё гэта стварае завершаную карціну пяцікупальнага храма з пірамідальнай кампазіцыяй.

Над уваходам у царкву ў другой палове XIX стагоддзя ўзведзена званіца, якая парушыла першапачатковую сіметрычную форму будынка. Менавіта пасля перабудовы ў 1876 гады храм атрымаў аблічча, якое i захавалася да нашых дзён.

Яшчэ адзін рамонт адбыўся ў сярэдзіне 1950-х гадоў, калі быў абноўлены падмурак і дах. У цэлым, знешні выгляд храма акцэнтуе ўвагу на завяршальных частках, якія выкананы ў стылі барока. Але пры гэтым ён пазбаўлены якіх бы там ні было яркіх дэкаратыўных элементаў. У іх ліку можна назваць толькі вокладкі ваконных рам і пазалочаныя крыжы. Акрамя рысаў стылю барока, храму ўласцівыя прыёмы традыцыйнага дойлідства Палесся.

Што тычыцца ўнутранага ўбрання царквы ў Кажан-Гарадку - яно досыць багатае. Тут можна ўбачыць шматлікія скульптурныя кампазіцыі, што ў цэлым не характэрна для праваслаўных храмаў, і архітэктурныя элементы, выкананыя з дрэва. Тут жа знаходзіцца сапраўдны шэдэўр мясцовых майстроў - двух'ярусны пазалочаны іканастас.

У царкве захаваліся іконы, якія адносяцца да XVIII стагоддзя - гэта «Тройца новазапаветных» і «Архістратыг Міхаіл». А побач з абразом святога Мікалая, у гонар якога быў асвячоны храм, размешчаная лампада, падораная самім імператарам Мікалаем II.

Асаблівасцю царквы ў Кажан-Гарадку, якая з'явілася з цягам часу па прычыне прасядання грунту пад цэнтральнай часткай храма, стаў нахіл цэнтральнай вежкі ў бок званіцы.

Побач з храмам на царкоўным двары размяшчаецца сучасная капліца. Яшчэ адна праваслаўная капліца ў гонар Святога Сымона Стоўпніка, пабудаваная ў XIX стагоддзі, знаходзіцца на мясцовых могілках.

Царква Святога Мікалая дзейнічае. Да таго ж, яна з'яўляецца аб'ектам гісторыка-культурнай спадчыны краіны і ўключана ў шэраг турыстычных маршрутаў.