Царква Пакроўская ў Докшыцах

Непадалёк ад Бярэзінскага біясфернага запаведніка знаходзіцца мястэчка Докшыцы. Чым прывабна яно для турыстаў? Гэты невялікі населены пункт – даволі характэрнае месца на турыстычным маршруце. У першую чаргу тым, што тут знаходзяцца праваслаўны і каталіцкі храмы з цікавай гісторыяй. Тэатралам жа спадабаецца Докшыцкі народны тэатр. Ды і проста пагуляць па вуліцах Докшыцаў – сапраўднае задавальненне. Гэты горад, як і кожны іншы беларускі, патанае ў колерах і зеляніне, а выток ракі Бярэзіна надае Докшыцам статус горада на вадзе.

Ад драўлянай да каменнай

Не адразу Докшыцы сталі такімі, як яны выглядаюць цяпер. Ды і не адразу ў горадзе з'явіўся праваслаўны храм – Пакроўская царква. Хоць дакладна вядома з дакументаў, што праваслаўны храм у Докшыцах з'явіўся яшчэ ў 1514 годзе. Тады быў ён драўляным. На жаль, не наканавана яму было захавацца да нашых дзён.

Але вернікам патрэбен быў храм, і вырашана было пабудаваць новы, зараз ужо каменны. Будаўніцтва было пачата ў 1863 годзе. У Докшыцах паралельна стварылі для жыхароў горада невялікую драўляную царкву, куды яны маглі прыходзіць маліцца, пакуль ішло будавўніцтва новай царквы.

Ішлі гады, храм быў пабудаваны, але неўзабаве разабраны. На яго месцы ў пачатку XX стагоддзя пабудавалі Пакроўскую царкву, якая і зараз цешыць гараджанаў і турыстаў.

Ваенны час

Дарэчы, нават падчас Вялікай Айчыннай вайны храм не быў разбураны. Немцы скарысталі памяшканне царквы толькі для таго, каб збіраць там палонных. У Пакроўскай царкве ў ваенны час нават прайшоў рамонт. Такім чынам, храм захаваўся і цешыць гараджан.

У цэнтры горада

Пакроўская царква знаходзіцца ў цэнтры гарады Докшыцы. Загароджаная каменным плотам, царква і сама часткова выкладзена каменем. Гэта надае храму асаблівую прывабнасць. Атынкаваныя зборы храма ствараюць кантраст з каменным мурам, але і, без сумнення, спалучаюцца з сінім дахам. Такім чынам, выдатны будынак царквы ўпрыгожвае сабой самае сэрца Докшыцаў. У яснае надвор'е, калі на небе няма ні хмурынкі, царква зліваецца з сіняй роўняддзю неба. У зіхаценні залатых купалаў адлюстроўваецца святло сонца. Калі вы трапіце ў Докшыцы ў зімовую пару, то абавязкова будзеце здзіўлены тым, як выглядае царква, што стаіць на белым дыване са снегу.

Абавязкова зайдзіце ўнутр храма, бо ён адкрыты для наведвання практычна кожны дзень. Калі вам пашчасціць трапіць у Докшыцы ў адно з царкоўных святаў, вы станеце непасрэдным удзельнікам набажэнства.

Народны звычай

Покрыва Найсвятой Багародзіцы – гэта вялікае свята ў праваслаўных вернікаў. У гонар Покрыва пабудавана шмат храмаў як у нас у Беларусі, так і ў іншых краінах. У народзе лічыцца, што ў гэты дзень сустракаюцца восень з зімой. Ды і менавіта з гэтага свята, паводле народнай традыцыі, пачынаецца прыход зімы. Лічыцца, што белая посцілка ў гэты дзень хавае пад сабой зямлю.

Пакроўская царква ў Докшыцах – гэта не толькі храм для праваслаўных вернікаў, але і цікавая славутасць як для турыстаў, так і для паломнікаў.