Гаючая крыніца ў вёсцы Палыкавічы

Палыкавічы – гэта невялікая, але вядомая вёсачка на Магілёўшчыне. Стаіць яна на маляўнічым беразе Дняпра. Лічыцца, што самыя першыя людзі прыйшлі на гэтыя землі яшчэ ў перыяд да нашай эры, але ў пісьмовых крыніцах Палыкавічы згадваюцца толькі ў першы год XVI стагоддзя.

У XVI-XVII стагоддзях вёска некалькі разоў змяняла сваіх уладальнікаў, у XVII стагоддзі Казімір Сініцкі пабудаваў тут найпрыгажэйжы палац, але да нашых дзён пабудова не дажыла.

Святая апякунка

У 1552 годзе ў наваколлі вёскі з'явілася крыніца, звалі яе Пятніцкай - у гонар Параскевы Пятніцы. Спачатку яна належыла старасце Магілёва Станіславу Кезгайле. Каля яе стаяла капліца. Драўляная царква тут была яшчэ ў 1186 годзе, яе асвяцілі ў гонар пакутніцы Параскевы, а з Афона сюды прывезлі часціцы гэтай Святой. З тых часоў яе пачалі лічыць апякункай царквы і крыніцы, што з'явілася ў яе наваколлі ў сярэдзіне XVI стагоддзя.

Святая Параскева лічыцца апякункай дзяўчын і жанчын, яе завуць захавальніцай сямейнага ачагу і шлюбу. Таму ў XIX-XX стагоддзях на Магілёўшчыне нават існаваў звычай. Кожнай дзяўчыне, якая мела патрэбу ў дапамозе гэтай Святой у сямейных справах, трэба было здзейсніць паломніцтва – пешкі дайсці да цудатворнай крыніцы ў Палыкавічах.

Напачатку XIX стагоддзі Палыківачы былі прыватнай уласнасцю Івана Рымскага-Корсака, ён заняўся добраўпарадкаваннем мясцовай крыніцы. Па яго загадзе з каменя пабудавалі грот, пакрыты ацынкаваным жалезам, у саму крыніцу апусцілі зруб. Так гаючая вада з крыніцы ішла па трубах у спецыяльны басейн на 100 вёдраў – менавіта такім чынам жыхары Палыкавіч і навакольных вёсак маглі набіраць адсюль ваду. Пры Рымскім-Корсаку тут з'явілася і новая каменная Свята-Параскевіцкая царква.

Пасля яго крыніца перайшла ва ўладанні вядомага сябра і паплечніка Мікалая Другога Аляксандра Мешнікава. Ён часта прыходзіў да гаючых вод, ды і сам рускі цар Мікалай, які быў глыбока веруючым чалавекам, не раз прыязджаў з жонкай і дзецьмі на гэтыя землі і наведваў святую крыніцу.

Але незалежна ад таго, хто валодаў крыніцай, дарога да яе заўсёды была даступная простаму народу.

Сюды прыходзілі людзі ў розных жыццёвых сітуацыях, але лічыцца, што гаючая вада асабліва дапамагала чалавеку пры крывацёку, язвавай хваробе, ангіне ці хваробе зубоў. Дарэчы, беларускі інстытут геахіміі і геафізікі не так даўно праводзіў даследаванні вады з палыкавіцкай крыніцы. Высвятлілася, што ступень яе мінералізацыі - 25%, а таксама яна ўтрымлівае нямала гаючых рэчываў, якія сёння выкарыстоўваюць у бальнеалагічным лячэнні.

У савецкі час і крыніца, і бліжэйшая капліца былі разбураны. Царкву зачынілі яшчэ ў 30-х гадах, тады ж быў забіты настаяцель храма. Яго цела знайшлі з 17 нажавымі параненнямі. У самым пачатку Вялікай Айчыннай мясцовыя вернікі самі адрамантавалі драўляны будынак царквы, прынеслі сюды свае абразы – усю вайну тут ішлі службы. У 70-х гадах храм згарэў. Мясцовым жыхарам давялося шукаць грошы на аднаўленне святыняў. Грошы ахвяраваў грамадзянін Германіі, і ў 2000 годзе каля крыніцы зноў адбудавалі капліцу ў імя Параскевы Пятніцы. А новую каменную царкву ўзвялі да 2012 года.

Крыніцу ў Палыкавічах не трэба доўга шукаць. Кожны мясцовы жыхар пакажа вам дарогу. Ды і самі Палыкавічы сёння ўжо практычна прыгарадны раён абласнога цэнтра. Мясцовую гаючую крыніцу сёння ведаюць і ў Беларусі, і далёка за яе межамі.