Траецкі касцёл у пасёлку Рось

Гэты каталіцкі храм вядомы не толькі ў Беларусі. У касцёле Найсвяцейшай Тройцы ў Росі (Ваўкавыскі раён) знаходзіцца цудатворная скульптура Хрыста Журботнага, а таксама цудоўны саркафаг Соф'і Пац.

«Ісуса Журботнага», дарэчы, вылавілі рыбакі...

Першы драўляны касцёл у Росі з'явіўся ў канцы XVI стагоддзя дзякуючы ініцыятыве канцлера ВКЛ Гераніма Хадкевіча, які валодаў у той час мястэчкам. Хадкевіч таксама ахвяраваў храму звон (1597) і святую чашу (1589). Каталіцкі прыход быў утвораны ў 1611 годзе.

У першым касцёле былі тры алтары. І ўжо ў 1618 годзе ў касцёльных дакументах згадваецца цудатворная фігура Езуса Журботнага. Па легендзе, скульптуру дзіўным чынам вылавілі ў рэчцы мясцовыя рыбакі.

«Журботны Езус» стаў галоўнай святыняй і ў новым храме, пабудаваным на месцы ранейшага у 1682 годзе пры падтрымцы яшчэ аднаго ўладальніка Росі – Марціяна Агінскага. Цудатворнай постаці вернікі прыносілі так званыя воты (сярэбраныя сэрцайкі і г. д.) – у знак падзякі за здзейснены цуд або вылячэнне. У 1700 годзе на постаці мелася 32 воты, у 1775-м – 210, на сённяшні дзень іх больш за 250.

Будаўніцтва каменнага касцёла ў Росі

Цагляны касцёл у Росі пачалі будаваць у 1770 годзе. Фінансаваў будаўніцтва Яўхім Патоцкі, але ў 1796 годзе будаўніцтва заглухла і аднавілася толькі ў 1802-м. Нарэшце, у 1807 годзе касцёл Святой Тройцы быў узведзены (па іншых крыніцах – яшчэ ў 1801-м).

У 1808 годзе новы храм у стылі класіцызму быў асвячоны ксяндзом Францішкам Цыбульскім. Праз 30 гадоў да будынка прыбудавалі драўляную званіцу.

Цудатворная фігура «Ісуса Журботнага» апынулася і ў новым касцёле. Яна была прычынена іконай «Езус і грэшніца». «Хрыста Журботнага» можна ўбачыць у храме і сёння. І не толькі ўбачыць, але і папрасіць аб цудзе...

Касцёл Святой Тройцы ў пасёлку Рось – помнік архітэктуры класіцызму. Ён мае прамавугольную ў плане форму з выступоўцам трансептом і паўкруглай апсідай. Галоўны фасад завершаны трыгліфным фрызам з карнізам, над якім вылучаецца ацікавы франтон з паўкруглым аконным праёмам. Бакавыя фасады дэкарыраваны рустоўкай.

У інтэр'еры над уваходам на чатырох круглых калонах размешчаны хоры. На сценах і алтарнай часткі – жывапісныя кампазіцыі і дэкаратыўныя роспісы. Драўляны двух'ярусны алтар дэкараваны накладной пазалочанай разьбой і скульптурай.

Грабніца для Соф'і

У 1852 годзе здарыўся пажар, які знішчыў дах касцёла. У тым жа годзе на рамонт даху ахвяравала грошы ўдава Фелікса Патоцкага Соф'я Пац. Праз чатыры гады пасля пажару ўдава памерла.

Пасля яе смерці ў касцёле быў усталяваны шыкоўны саркафаг з белага мармуру працы італьянскага скульптара Джуліо Маскецці. Грабніцу для Соф'і замовіла ў Італіі пляменніца памерлай. Усталявалі яе ў 1881 годзе. Зараз саркафаг можна ўбачыць у адным з бакавых алтароў.

Траецкі касцёл: некалькі фактаў

Касцёл дзейнічаў і ў савецкія гады. Але ўлады забралі ў святара жыллё (плябанію) і вярнулі толькі ў 1990 годзе. У гэтым жа годзе касцёл быў адрэстаўраваны.

Касцёл Святой Тройцы ў Росі мае статус дыяцэзіяльнага санктуарыя «Езуса Журботнага». Да цудатворнай фігуры з 2001 года арганізуюць пешыя пілігрымкі (паломніцтва) з усіх куткоў Беларусі і іншых краін. Пілігрымкі ў Рось праходзяць у жніўні.

Настаяцелем касцёла ў Росі з'яўляецца экзарцыст Гродзенскай дыяцэзіі ксёндз Чэслаў Паўлюкевіч. У абавязкі экзарцыста ўваходзіць выгнанне злых духаў і дэманаў шляхам асаблівых малітваў і абрадаў. Так што калі ў вас з'яўляюцца часам чорныя думкі – едзьце ў Рось.