Траецкі касцёл у вёсцы Жодзішкі

Каталіцкі касцёл Найсвяцейшай Тройцы ў Жодзішках (Смаргонскі раён) славіцца сваім старажытным арганам, а таксама тым, што яго настаяцелем у свой час быў вядомы дзеяч нацыянальнага адраджэння ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі. Акрамя таго, раней храм належаў нават кальвіністам…

Ніколі не зачыняўся

Першы касцёл у Жодзішках у 1553 годзе пабудавалі Осцікавічы, якія тады валодалі мястэчкам. Касцёл быў драўляны, таму ў 1612 годзе новыя ўладальнікі Камары пабудавалi мураваны храм, якi асвяцiлi ў гэтым жа годзе.

З прыходам у Жодзішкі кальвіністаў Кішак храм выконваў функцыі кальвінскага збору (па іншай версіі, гэта быў другi будынак). Ва ўсялякім выпадку, пасля контррэфармацыі і са з'яўленнем у мястэчку езуітаў (1708) храм у 1820 годзе перайшоў да каталікоў.

Вядома, што пасля паўстання пад кiраўнiцтвам Кастуся Калiноўскага настаяцель Вішнеўскi быў нават сасланы, але сам касцёл царскія ўлады не зачынілі, хоць i канфіскавалі некалькі каштоўных абразоў - «Сэрца Iсуса», «Святы Язафат».

Набажэнствы ў Траецкім касцёле ў Жодзішках праходзілі ў самыя нядобрыя для рэлігіі часы, але касцёл ніколі не зачыняўся. Праўда, падчас Першай Сусветнай вайны храм панёс важкую страту - была разбурана званіца. У 1920 годзе ён перажыў рэканструкцыю, але званіцу так i не аднавілі.

Архітэктурныя асаблівасці храма

Касцёл у Жодзішках з'яўляецца помнікам архітэктуры стылiстыкi рэнесанс. Гэта мураваная аднанефная пабудова з алтарнай апсідай у форме квадрата, а таксама з сакрыстыяй, арыентаванай на поўнач, і вуглавымі контрфорсамі.

Неф накрыты двухсхільным дахам. Галоўны фасад завершае шчыт, а партал уваходу афармляе рустыка. Сцены расчляняюцца лапаткамі плоскімі і вокнамі лучковымі, маюцца таксама хоры.

Беларусы - налева, палякі - направа...

У 1924 годзе настаяцелем касцёла стаў вядомы беларускі ксёндз і грамадскі дзеяч Вінцэнт Гадлеўскі (член Беларускага нацыянальнага камітэта ў 1917 годзе, член Рады БНР у 1918 годзе, адзін з заснавальнікаў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі).

Гадлеўскі быў прыхільнікам беларусізацыі каталіцызму ў нашай краіне. Ён адным з першых распачаў чытаць на беларускай мове пропаведзі ў касцёле, за што падвяргаўся шматлiкiм ганенням з боку польскіх улад.

Так, улады арганiзавалi нават спецыяльную камісію, якая павінна была высветліць нацыянальную прыналежнасць асноўнай масы вернікаў. Пасля вячэрняй імшы прадстаўнікі камісіі папрасілі вернікаў выйсці з касцёла і згрупавацца ў двары ў залежнасці ад таго, да якой нацыянальнасці адносіць сябе кожны вернік. Беларусы павінны былі стаць з левага боку ад храма, палякі - з правага. Вынік вельмi расчараваў камісію. На баку беларусаў аказалася 90 % вернікаў.

За сваю дзейнасць святар Гадлеўскі адседзеў два гады ў польскiм астрозе, але быў выпушчаны пад націскам парафіі, якая гразiла нават бунтам уладам. Набажэнствы ў касцёле і зараз ідуць на беларускай мове.

Цікавыя факты

  • У касцёле Святой Тройцы па сённяшнi дзень працуе вялікі старажытны арган, які з'явіўся ў храме ў 1727 годзе.
  • У касцёле захаваліся роспісы аўтарства вядомага беларускага і літоўскага мастака і графіка Пятра Сергіевіча, ураджэнца Браслаўшчыны. Яму належыць таксама адзін з абразоў Траецкага касцёла ў Жодзішках.
  • У 2012 годзе касцёл адзначыў сваё 400-годдзе. Урачыстую імшу ўзначальваў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

Касцёл належыць да Гродзенскай епархіі Смаргонскага дэканату Рымска-Каталіцкай Царквы Беларусі.