Траецкі касцёл у вёсцы Індура

Касцёл Святой Тройцы ў Індуры (Гродзенскі раён) – знакамiты каталіцкі храм, у сценах якога знаходзіцца цудатворны абраз Маці Божай Індурскай. Асабліва ўрачыста касцёл выглядае на Каляды і Вялікдзень. Індура таксама славіцца сваімі велікоднымі «вербачкамі».

Гісторыя ўзвядзення храма

Каталіцкая парафія ў Індуры адлік сваей дзейнасцi вядзе з 1522 года, калі ў мястэчку па ініцыятыве ўрадніка ВКЛ Яна Давойны быў пабудаваны першы драўляны касцёл. Давойна выдзялiў грошы і на абнаўленне храма ў 1546 годзе.

Мураваны касцёл замест драўлянага храма быў узведзены ў мястэчку толькі ў 1815 годзе (па некаторых звестках у 1825-м). Узвядзеннем кіраваў настаяцель парафіі ксёндз Радзевiч. Як і папярэднiя храмы, касцёл з цэглы асвяцілі ў гонар Святой Тройцы.

Касцёл пасля рэканструкцыі

У пачатку XX стагоддзя касцёл рэканструявалi па праекце гродзенскага губернскага архітэктара Уладзіміра Срокi. Абноўлены храм набыў рысы эклектычнага стылю з элементамі неабарока і неакласіцызму.

Да ўсходняй сцяны быў прыбудаваны трансэпт з невялічкай паўкруглай апсідай. Да паўднёвага боку галоўнага фасада прыбавiлі неабарочную капліцу, да паўночнай - вежу-званіцу.

Галоўны фасад абноўленага будынка выдзяляецца 4-калонным дарыйскiм порцікам з вялікім арачным праёмам над акном хораў. У аркавых нішах устаноўлены драўляныя фігуры святых. Трохнефавую святыню ўпрыгожваюць тры драўляныя алтара ў стылістыцы позняга класіцызму. На галоўным алтары – барэльефны малюнак Найсвяцейшай Тройцы і Усёвідушчага Вока. На левым бакавым алтары знаходзіцца абраз Індурскай Божай Маці.

У 1900 году сцены касцёла былі распісаны вялiкаснымі фрэскамі «Святы Францішак здымае Ісуса з крыжа», «Iсус з рыбакамі падчас навальнiцы», «Тайная вячэра». На хорах знаходзіцца старажытны барочны арган.

Двор касцёла поўнасцю абгароджаны, на яго тэрыторыі знаходзіцца не так даўно пабудаваны «Грот Марыі». Каля будынка ўстаноўлены некалькі скульптур - «Ісус засмучаны» і «Дзева Марыя ад сямі смуткаў», а таксама літоўскія слупы-каплічкі.

Цікавыя факты пра Траецкі касцёл

  • Траецкі касцёл у вёсцы Індура вядомы таксама тым, што гэта адзіны каталіцкі храм у Беларусі, дзе нават у савецкі час служылі езуіты. Касцёл ніколі не зачыняўся. У 2000 годзе езуіцкі цэнтр у Індуры атрымаў статус місіі. Толькі з 2009 года ў касцёле служаць парафіяльныя святары.
  • На працягу пяці год, з 1905 па 1909, пры храме дзейнічаў таксама манаскі Дом сясцёр служак Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Сёстры-манашкі таксама выкладалі ў школе.
  • Настаяцелі касцёла пастаянна і паслядоўна вялі барацьбу за цвярозы лад жыцця ў вёсцы. Асабісты ўклад у цвярозую справу ўнёс літоўскі ксёндз Казімерас Жыліс, які служыў тут яшчэ ў перыяд СССР. У народзе гэтага святара называлі «ксяндзом-вулканам».
  • Жыхары Індуры ганарацца не толькі храмам у сваёй вёсцы, але і тым фактам, што іх уменне ствараць букецікі на Вербніцу трапіла ў рэестр элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якое знаходзiцца пад аховай дзяржавы. Унікальныя «вербачкі» ствараюць тут выключна з белай вярбы, а ўпрыгожваюць рознымі травамі, каласкамі, кветкамi сухацвету.

Траецкі касцёл размешчаны ў самым цэнтры вёскі Індура (вул. Рагачоўскага, 69). Храм належыць Гродзенскай епархіі Рымска-Каталіцкай Царквы Беларусі.