Траецкая царква ў вёсцы Маркава

Аб існаванні праваслаўнага храма ў вёсцы Маркава Маладзечанскага раёна пісьмовыя крыніцы паведамлялі ўжо ў пачатку XVII стагоддзя. Але гісторыкі мяркуюць, што гэтая святыня існавала тут значна раней. Тлумачыцца гэта проста: тут бывала вялікая княжна Алена Іванаўна, вядомая тым, што надзяляла сваёй увагай толькі тыя месцы, дзе ўжо ёсць царква, ці ж бывала там, дзе на яе ахвяраванні аднаўляліся разбураныя храмы.

Сама ж вёска нядаўна адзначыла 600-годдзе. Сёння тут жыве каля 700 чалавек. Знаходзіцца яна ўсяго ў 16 кіламетрах ад Маладзечна.

Траецкая царква ў Маркава будавалася двойчы

У пачатку XX стагоддзя праваслаўны храм у мястэчку ўжо быў, але побач з ім вырашылі пабудаваць яшчэ адзін. Будаўніцтва храма з дрэва ішло хуткімі тэмпамі, яно падтрымлівалася самімі маркаўчанамі, мясцовым брацтвам, ксяндзом Фабіянам Акулічам. У 1831 годзе адбылося асвячэнне царквы ў імя Святой Тройцы. Як вядома, дрэва – матэрыял не вельмі даўгавечны, і ўжо праз 10 гадоў храм прыйшлося рэстаўраваць. А ў 1847-м тут зладзілі прыбудову (у ёй размяшчаўся дадатковы алтар і трон для набажэнстваў), асвечаны затым у гонар Успення Найсвяцейшай Багародзіцы. У гонар знамянальнай падзеі ўзвялі новую званіцу на 4-х слупах з каменя.

Цяперашняя Траецкая царква з'явілася ў Маркава ў 1860 годзе

На яе ўзвядзенне дзяржава выдзяліла 6 тысяч рублёў золатам. Ужо ў 1859 годзе на самым высокім месцы ля старой царквы быў закладзены падмурак будучага храма, плошча якога склала 104 квадратных метра.

Праз паўгода ў імя Святой Тройцы быў асвечаны падмурак. Паводле апісанняў царквы вядома, што пол выслалі драўлянымі дошкамі, сярэднюю яе частку накрываў глухі купал, іканастас складаўся з 13 ікон, размешчаных у 2 яруса, меўся ўвесь неабходны посуд. Пры царкве налічвалася і 33 дзесяціны зямлі. Прыпісаны былі да яе і некалькі старых капліц з суседніх вёсак – Хатуцічы, Вяжуці і Гатковічы, а яшчэ царква Стрэчання Гасподняга, якая ў Маркава стаяла яшчэ з сярэдзіны XVIII стагоддзя, але да 1869 года была каталіцкім касцёлам.

У 1885 годзе царкве спатрэбіўся рамонт, яго зрабілі на сродкі мяшчан. Адначасова была дабудавана званіца – на ёй знаходзілася 5 званоў «вагай ад 13 футаў да 13 пудоў». Колькасць пастаянных парафіянаў перавышала 2 тысячы мужчын і жанчын.

У сярэдзіне XX стагоддзя ў Свята-Траецкай царкве з'явілася копія Пачаеўскай іконы Найсвяцейшай Багародзіцы, якую даставілі сюды з Вільні. На ёй да гэтага часу захаваўся памятны надпіс, зроблены пратаіерэем Іаанам Багаткевічам.

Сучасная гісторыя храма

У 1990-х у Свята-Траецкую царкву з духавенствам прыязджаў Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі. У 2005 годзе споўнілася 145 гадоў з дня асвячэння храма, у гэтую памятную дату прыход наведаў Філарэт, Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.

10 гадоў настаяцель храма збіраў разнастайную інфармацыю, фотаздымкi, размаўляў са старажыламі вёскі, запісваў іх успаміны аб прыходзе – усё гэта стала своеасаблівай гістарычнай хронікай. У 2012 годзе на дабрачынныя ахвяраванні была выдадзена гісторыя храма. 

У 2015 годзе храм адзначыў 155-годдзе, у гонар гэтай падзеі ў цэнтры Маркава ўсталявалі памятны знак. Царква адметная тым, што за паўтары стагоддзі тут не спыняліся набажэнствы, больш дваццаці святароў служылі тут.