Свята-Траецкі касцёл у Высокім

Свята-Траецкі каталіцкі храм у горадзе Высокае (Брэсцкая вобласць) лічыўся ў свой час самым прыгожым касцёлам на Брэсцкім Палессі. З XVII стагоддзя касцёл змяніўся, але і сёння прыцягвае ўвагу турыстаў складнасцю і лаканічнасцю сваёй архітэктуры.

 Узвядзенне і асвячэнне храма

 Пачатак будаўніцтва высокаўскага каменнага касцёла прыпадае на 1603 год. Мураваны касцёл заклалі ў гарадку па ініцыятыве сына Лаўрэна Вольскага Андрэя. Адзначым, што Вольскія арандавалі Высокае з 1538 года.

Ужо праз шэсць гадоў пасля пачатка будаўніцтва, у 1609-м годзе, Траецкі касцёл у Высокім асвяціў епіскап луцкі Павел (Валуцкі). Першапачаткова будынак нагадваў па форме крыж – 44 аршыны даўжыні і 12 у шырыню (аршын – 0,71 метра). Касцёл атачала моцная каменная сцяна.

Храм быў пабудаваны на месцы драўлянай капліцы святой Варвары, узведзенай у 1571 годзе і спаленай у руска-шведскую вайну. Калі верыць гістарычным легендам, то на гэтым жа месцы яшчэ ў часы вялікага князя літоўскага Вітаўта (1350-1430) стаяў драўляны храм.

 400 гадоў гісторыі Свята-Траецкага касцёла

 За 400 гадоў свайго існавання Свята-Траецкі касцёл у Высокім некалькі разоў перабудоўваўся і мяняў знешняе аблічча. Яго гісторыя цесна злучана з гісторыяй самога горада і ў першую чаргу – з гісторыяй Высокаўскага замка.

Касцёл лічыўся адным з самых багатых у ваяводстве. У ім знаходзіліся лепшыя работы мясцовых і замежных мастакоў, якія былі перанесены з галерэі палаца.

 Рэканструкцыя касцёла ў 1735 годзе

Першая сур'ёзная перабудова храма ажыццявілася ў 1735 годзе. Хутчэй за ўсё, касцёл, як і замак у Высокім, пацярпеў падчас Паўночнай вайны (1700-1721) і патрабаваў рамонту. Спонсарам рэканструкцыі выступіў Міхаіл Сапега. Нагадаем, што менавіта Сапегі, у прыватнасці гетман Павел Ян Сапега, ініцыіравалі будаўніцтва замка ў Высокім. У выніку касцёл быў не толькі абноўлены, але і змяніў сваё аблічча.

 Перабудова ў 1872 годзе

Сур'ёзныя змены зведаў Свята-Траецкі касцёл у 1872 годзе, калі Высокае ўжо знаходзілася ў складзе Расійскай імперыі (з 1807 году). Змяненні закранулі фасадную частку касцёла, а таксама фасадныя вежы, якія першапачаткова мелі тры ўзроўні.

Аднаўленне храма з 1993 года

У час Вялікай Айчыннай вайны касцёл моцна пацярпеў. У савецкі час набажэнствы ў храме не праводзіліся. У 1970-х гадах будынак касцёла выкарыстоўвалі ў якасці спартыўнай залы політэхнічнага вучылішча. Храм аддалі вернікам у 1993 годзе, тады ж пачаліся аднаўленчыя работы, у выніку якіх Свята-Траецкі касцёл набыў сучасны выгляд.

 Асаблівасці архітэктуры

 Некаторыя аднаўленчыя працы ў касцёле вядуцца і ў нашы дні. Тым не менш, храм з першага погляду ўражвае велічнасцю барочнага збудавання з лаканічнай архітэктурай. Ён мае трохнефавую планіроўку і двухвежавы фасад, характэрныя для рымска-каталіцкіх касцёлаў XVIII стагоддзя. Завяршае архітэктурную кампазіцыю паўцыліндрычная апсіда, што знаходзіцца ззаду будынка.

Цэнтрам фасаднай часткі служыць высокая сцяна (ацікавы тып) з трохвугольным франтонам. Пад ёй – біблейская цытата на лацінскай мове: «Deus caritas est» («Бог ёсць любоў»).