Стары млын у вёсцы Мельнікі

Невялікая вёсачка з з цікавай назвай Мельнікі размясцілася ў дваццаці кіламетрах ад абласнога цэнтра - Брэста. Лагічна, што менавіта ў такім месцы і знаходзіцца адзiн са старэйшых млыноў на тэрыторыі Беларусі.

Нашу краіну называюць краем рэк і азёр. Таму выкарыстанне воднага рэсурсу максімальна эфектыўна было тыповым для нашых продкаў. Былі шырока распаўсюджаныя на тэрыторыі Беларусі вадзяныя млыны, якія будаваліся пераважна з дрэва. Пры пабудове стваральнікі заўсёды праводзілі дакладны разлік усіх канструктыўных элементаў, узводзячы будынак на магутных палях або трывалым падмурку.

Жорны размяшчалі ўнутры самога будынка, пад дахам, каб іх не пашкодзіла непагадзь, знадворку заставалася толькі кола, якое і прыводзіла ў рух вада. Самай пільнай увагі ўдастойвалася гэтае кола, якое ў дыяметры часам дасягала чатырох метраў! Яго зборка адбывалася наступным чынам: да вала, размешчанага гарызантальна, прыкручвалi два драўляных вобады на адлегласці ў пяцьдзесят сантыметраў адзін ад аднаго. Знутры яны абшываліся дошкамі, а знадворку ўстаўляліся перагародкі - менавіта такім чынам і атрымліваліся імправізаваныя каўшы, якія размяшчаліся адзін за адным уздоўж кола. Вада, трапляючы ў паглыбленне такога каўша, і прыводзіла ў рух усё кола. У памяшканні млына на вале прымацоўвалі іншае кола, злучанае зуб'ямі з гарызантальнай шасцярнёй. Вось, якую прыкручвалі да шасцярні, праходзіла праз адтуліну, зробленую ў ніжнім камені, і нерухома прымацоўвалася да верхняга. Шчыліна паміж жорнамі рэгулявалася: чым шырэй яна была, тым грубейшы атрымліваўся памол. Адным з ключавых фактараў, якія ўплываў і на хуткасць, і на якасць памолу, была аднастайнасць падачы збожжа, якая рэгулявалася з дапамогай спецыяльнага прыстасавання: да тары са збожжам мацаваўся дазатар.

Вадзяны млын у вёсцы Мельнікі – гэта выдатна захаваны прыклад драўлянага дойлідства, які стаіць на жывапісным беразе ракі Пульва. Млын уяўляе сабой прамавугольны двухпавярховы будынак з добра захаванымі мукамольнымi механізмамі ўнутры, а таксама прыгожай разьбой знадворку.

Дакладная дата пабудовы млыну невядомая, аднак, згодна з восьмай рэвізіяй, праведзенай у 1833 годзе, у маёнтку Грымяча, часткай якога з'яўляліся Мельнікі, ужо працаваў вадзяны млын. Але той будынак, які захаваўся да нашых часоў, был пабудаваны крыху пазней.

У XIX стагоддзі гэтымі землямі валодала графіня Красінская. Сам жа будынак млына з'явіўся тут альбо ў пачатку XX стагоддзя, альбо ў міжваенны перыяд паміж Першай і Другой сусветнымі войнамі.Наступнымі яе гаспадарамі былі Чамброўскі і Рэмерз

Пасля Вялікай Айчыннай вайны млын яшчэ на ўсю моц працаваў, забяспечваючы мукой калгас, да якога i быў прыпісаны. Затым гэты будынак  электрыфікавалi. Некалькі гадоў таму млын закінулі, і цяпер гэты цудоўны помнік архітэктуры прыходзіць у заняпад. Калі вам падабаецца традыцыйнае беларускае дойлідства, то вам абавязкова варта пабываць у вёсцы Мельнікі і палюбавацца на цудоўнуы млын.