Спаса-Праабражэнская царква ў вёсцы Новая Мыш

Праваслаўная Праабражэнская царква ў вёсцы Новая Мыш пад Баранавічамі адным сваім выглядам выклікае пачуццё спакою і хатняй утульнасці. Акружаная старымі ліпамі, гэтая на першы погляд сціплая царква займае важнае месца ў жыцці мястэчка, якое мае слаўнае мінулае.

Новамышская царква размяшчаецца зусім недалёка ад маляўнічай рэчкі Мышанка. Гэта пра яе напісаў вядомую баладу беларускі фалькларыст і паэт Ян Чачот, які правёў дзяцінства на яе берагах. У аснову сюжэта лягла мясцовая легенда. Сцісла нагадаем змест, каб вы адчулі паэзію мясцовых пейзажаў, якія адкрываюцца з царкоўнага дворыка.

Легенда аб Мышанцы

Кажуць, што ў старажытныя часы жыў тут небагаты літвін Мышка, у якога была неверагодна прыгожая дачка. І быццам бы спакусіўся аднойчы яе прыгажосцю княжы рыцар, які сустрэў дзяўчыну ў лесе. Каб абараніць свой гонар, прыгажуня ўскочыла ў сядло і даскакала да берага безназоўнай ракі.

Пагоня была ўжо блізка, і літвінка кінулася ў ваду. На жаль, пераплысці раку сіл не хапіла. Яна патанула. А рэчку з тых часоў называюць Мышанкай. Кажуць, што напярэдадні Юр'ева дня тапельніца выходзіць на бераг. Але бачыць яе могуць толькі людзі з крышталёва чыстай душой.

Дарэчы, у Новай Мышы ў 1996 годзе Яну Чачоту ўсталявалі помнік.

Узвялі на казённыя грошы

Гісторыя драўлянага Праабражэнскага храма ў Новай Мышы вядзе свой адлік з 1859 года. Гістарычныя дакументы паведамляюць, што царква была пабудавана на ўрадавыя сродкі, а таксама на ахвяраванні мясцовых жыхароў. На жаль, імя архітэктара гісторыя не захавала. Праваслаўны прыход у мястэчку складаў у тую пару каля 3,5 тысяч вернікаў.

Папярэднікам праваслаўнай царквы ў Новай Мышы можна лічыць уніяцкі храм, які ў гістарычных дакументах згадваецца з 1680 года. Уніяцкая царква ў мястэчку была пабудавана па ініцыятыве Хадкевічаў, якія валодалі Новай Мышшу з 1563 года. Новы храм аб'яднаў у той час каля 1 тысячы вернікаў.

Архітэктурныя рысы Свята-Праабражэнскай царквы

• Драўляны будынак у стылі старажытнарускай культавай архітэктуры (рэтраспектыўна-рускі стыль). Цэнтрычны крыжова-купальны храм.

• Дах чатырохсхільны, завершаны пяццю васьміграннымі двух'яруснымі барабанамі з шатровымі верхавінамі, увянчанымі лукавіцападобнымі купаламі.

• У адным з купальных барабанаў пабудавана званіца з чатырма званамі.

• Здвоеныя аконныя праёмы з каляровымі вітражамі.

• Асноўны прастор інтэр'еру займае малітоўная зала з аднаярусным іканастасам, які мае цэнтральны кілепадобны франтон.

На іканастасе можна ўбачыць абразы «Спас Пантакратар», «Маці божая з дзіцем» (канец XVIII стагоддзя), «Святы Аляксандр Неўскі» (XIX стагоддзе) і іншыя.

 У агульнай гармоніі

Храм у гонар Праабражэння Гасподняга стаіць у самым цэнтры вёскі Новая Мыш (вул. Садовая, 1) і мірна суседнічае з каталіцкім Праабражэнскім касцёлам (1825 год). Царква хоць і маладзейўая за касцёл, але вельмі арганічна ўпісалася ў гістарычныя і культурныя прасторы мястэчка, якім валодаў калісьці сам кароль Жыгімонт Аўгуст.

Цяпер царква належыць Баранавіцкаму благачынню Пінскай праваслаўнай епархіі РПЦ.