Селішча ў вёсцы Юравічы

Вёска Юравічы размешчана ў Калінкавіцкім раёне Гомельскай вобласці, недалёка ад горада Мазыр. Такой пагорыстай мясцовасці не знайсці нідзе ва ўсёй Беларусі. Яна пабудавана на ўзгорку, менавіта таму, калі стаць на самую высокую кропку, можна ўбачыць горад Мазыр, які размяшчаецца ў 20 кіламетрах. Амаль 25 тысяч гадоў таму ў Юравічах была стаянка старажытных людзей. Менавіта сваім гістарычным мінулым і знакамітая гэтая вёска.

Здаўна гэтая вёска лічылася вялікім гандлёвым цэнтрам, куды 25 чысла кожнага месяца з'язджаліся купцы і гандляры на кірмашы. Для таго, каб абараніць месца ад разбурэнняў і войнаў, у вёсцы быў пабудаваны вал з канавамі, якія і выконвалі ахоўную функцыю.

На высокім узгорку быў некалі размешчаны вялікі драўляны замак, які належаў феадалам. Да цяперашняга часу захаваўся высокі вал, які акружаў замак і служыў для яго абароны. Ёсць некалькі версій аб паходжанні назвы вёскі. Па адной з іх, у XII стагоддзі пасяліўся ў гэтым замку на ўзгорку нашчадак Юрыя Даўгарукага, з-за чаго сталі вёску называць Юравічы. А па іншай версіі, назва яе паходзіць ад этноніма “юры”, што азначае “горы”, а “юр” - адкрытае месца. Аднак гэта толькі здагадкі гісторыкаў.

Юравічы ўяўляюць вялікую цікавасць для археолагаў, бо старажытныя паселішчы ў вёсцы да канца яшчэ не вывучаныя. У 1929 годзе тут праводзіліся археалагічныя раскопкі, падчас якіх былі знойдзеныя косткі. Даследчыкі прыйшлі да высновы, што належаць яны мамантам. Пасля гэтых даследаванняў было вырашана правесці больш маштабныя і глыбокія раскопкі, пасля якіх і была выяўлена стаянка старажытных людзей. У 1970 годзе праводзіліся яшчэ даследаванні, і вакол вёскі былі знойдзены яшчэ тры паселішчы, што гаворыць аб тым, што ў старажытныя часы гэта месца было прыдатным для жылля і карысталася вялікай папулярнасцю.

Таксама археолагі знайшлі рэшткі сярэднявечнага горада, які, па здагадках, існаваў тут у IX-X стагоддзі. Аднак да гэтага часу невядома, чаму гэты горад знік, а таксама чаму ён не згадваецца ў гістарычных дакументах. Старажытнае паселішча было ўмацавана для абароны з усіх бакоў валамі і канавамi. Да цяперашняга часу захаваліся толькі два з іх, а два іншых былі разбураны і знесены.

Падчас раскопак таксама былі знойдзены рэшткі кафлянай пліткі, прасліцы, рэшткі гліняных гаршкоў, а таксама ўнікальная касцяная лыжачка, на якой намаляваны знак Рурыкавічаў. Частка знойдзенага посуду і кафлі адносiцца да XIV-XV стагоддзяў, калі гарадзішча ўжо было адноўлена і лічылася ўмацаванай сядзібай.

Менавіта таму Юравічы прыцягваюць вялікую ўвагу тых, хто цікавіцца старажытнай архітэктурай, міфалогіяй, археалогіяй. Таксама шмат сюды прыязджае турыстаў, якія любяць адкрываць для сябе новыя старонкі гісторыі, вывучаць новыя месцы, пазнаваць цікавыя факты. Маршрут у гэтую вёску ужо ўключаны ў многія турыстычныя паездкі па Беларусі і карыстаецца вялікай папулярнасцю.