Часам лёсы храмаў становяцца падобнымі на лёсы людзей. Гэтак жа як чалавек, царква пад уплывам часу змяняецца, церпіць нейкую бязладзіцу. Некаторыя храмы захоўваюць свой першародны выгляд, некаторыя разбураюцца пад напорам часу ці падзей. Ад іншых застаюцца толькі руіны. Але важна тое, што існуе памяць. Бо кажуць, пакуль чалавека помніць, ён жыве. Гэтак жа і з храмамі.
Як усё пачыналася
У вёсцы Наваспаск, што ў Смаргонскім раёне Гродзенскай вобласці, знаходзяцца руіны Спаса-Праабражэнскай царквы. Цікавы лёс гэтых руін. Як і большасць цэркваў на тэрыторыі Беларусі, Спаса-Праабражэнская была ўніяцкай. Зразумела, пан Букатый які ўзводзіў уласнымі сіламі царкву на працягу 35 гадоў і не меркаваў, што храм будзе чакаць такі нялёгкі лёс.
Ён думаў, што ў сваім першародным выглядзе Спаса-Праабражэнская царква будзе стаяць вечна. Абачлівы пан Букатый падчас будавання збудаваў у сцяне царквы схоў і пакінуў там энную суму грошай на аднаўленне царквы. Але і гэта не дапамагло. Дакладней, грошы не былі знойдзены пасля.
Час змен.
Ішлі гады, змяняўся ўрад, храм у XVIII стагоддзі стаў праваслаўным. А праваслаўныя цэрквы, як вядома, ствараліся і ствараюцца больш аскетычнымі па сваім выглядзе. Такім чынам, усе ўніяцкія багацці Спаса-Праабражэнскай царквы былі знішчаны. Праваслаўнай царква была да пачатку XX стагоддзя. Частка беларускіх зямель перайшла да Польшчы ў часы Першай сусветнай вайны. Так царква апынулася на тэрыторыі дзяржавы, дзе асноўнай рэлігіяй быў каталіцызм.
Ініцыятарам ператварэння праваслаўнай царквы ў каталіцкі храм выступіў адзін пан па прозвішчы Трацінскі. Але яго задумцы не наканавана было спраўдзіцца, бо вайна дыктавала свае ўмовы. Ды і пасля Першай сусветнай, пачалася Вялікая Айчынная вайна. А потым і антырэлігійны час. Так царква была разрабавана і стала ператварацца ў руіны.
Надзея памірае апошняй.
Як вядома, у 90-ыя гады XX стагоддзя Беларусь захліснула хваля вяртання да рэлігіі. Так, менавіта ў гэты перыяд адбывалася масавае аднаўленне касцёлаў і цэркваў. Цікава, што спроба аднавіць Спаса-Праабражэнскую царкву ў Наваспаске ўсё ж была. Знайшлася адна даволі заможная жанчына, якая была гатова аднавіць руіны. На жаль, ёй не дазволілі гэта зрабіць.
Тады незнаёмая вырашыла пабудаваць новую праваслаўную царкву каля руін. Для будавання было трэба высечы сад. Мясцовыя жыхары былі не згодны з гэтай задумай. Так і засталося будаванне новай царквы – няздзейсненым.
Турыстам расказваюць гэтыя гісторыі, калі праводзяць тут экскурсіі. Паглядзець на руіны храма могуць усе ахвотнікі. Вёска Наваспаск – цікавае месца з даволі насычанай гісторыяй.
Абавязкова наведаеце і вы гэту даволі прывабную славутасць з нялёгкім лёсам. Няхай вам не будзе сумна ад таго, што царква не адноўлена. Варта задумацца пра тое, што памяць пра гэты храм і яго гісторыю перадаюцца з пакалення ў пакаленне.
1
2...
487