Ратуша ў Магілёве

Адной з самых цікавых славутасцяў Магілёва з'яўляецца будынак ратушы. Неабходнасць ва ўласнай ратушы з'явілася ў сувязі з набыццём горадам Магдэбургскага права. У 1578 годзе быў узведзены драўляны муніцыпальны будынак, які пастаянна падвяргаўся пажарам.

Увосень 1679 года было прынята рашэнне пра ўзвядзенне каменнага будынка. Будаўніцтва заняла амаль дваццаць гадоў, нягледзячы на тое, што асноўны корпус ратушы быў узведзены яшчэ ў 1681 годзе. Кіраваў яго ўзвядзеннем майстар Фесцы. Будаўніцтва вежы першапачаткова было ажыццёўлена на працягу 4 гадоў архітэктарам Крузбергам з Быхава, аднак яго тварэнне абвалілася, і на яго руінах ўзвялі новую вежу вышынёй 38 м. У выніку атрымаўся двухпавярховы будынак. У будынак вялі два ўваходы - парадны і дваровы, кожны з якіх меў ганак. Першы паверх ратушы служыў месцам правядзення судоў мясцовага значэння. Тут жа размяшчалася канцылярыя. На другім паверсе муніцыпальнага будынка засядаў магістрат. У падвале ратушы захоўвалася казна, былі склады, а таксама размяшчаліся памяшканні для зняволення злачынцаў да суда. Памяшканні ацяпляліся плітамі з кафлі, а першы паверх з другім злучала лесвіца. Звонку сцены ратушы былі пакрытыя тынкоўкай. Круглыя вокны ратушы ўпрыгожвалі прыгожыя жалюзі. Завяршэннем вежы служыў гранёны купал са шпілем. Акрамя таго, на вежы размяшчаўся вялікі гадзіннік.

У 1773 годзе было прынята рашэнне аб поўнай перабудове будынка ратушы з мэтай, каб ён лепш ўпісваўся ў агульную кампазіцыю горада, інакш кажучы, больш стаў адказваць стылю класіцызму. У гады Вялікай Айчыннай вайны галоўны будынак горада быў пашкоджаны настолькі, што план па яго аднаўленні змаглі распрацаваць толькі ў 1953 годзе. Аднак праекту не было  наканавана рэалізавацца, і ў 1957 годзе будынак ратушы цалкам знеслі. У 1979 годзе А. Трусавым на месцы былой ратушы былі праведзены археалагічныя раскопкі, у выніку якіх вучоны і яго каманда выявілі старадаўні падмурак і рэшткі сцен. Акрамя таго, былі знойдзены нават элементы інтэр'еру ратушы. Усё гэта дапамагло ў далейшай распрацоўцы праекта ўзвядзння новага будынка ратушы на ранейшым месцы.

У 1992 годзе ў сімвалічнай цырымоніі закладкі першага каменя былі зроблены першыя крокі ў кірунку да аднаўлення ратушы. У 2007 годзе пачаліся інтэнсіўныя будаўнічыя работы, вынікам якіх стала адкрыццё будынка ратушы усяго праз год. На галоўным фасадзе вежы адноўлены ўнікальны элемент гарадской ратушы – яе гадзіннік, які быў сканструяваны па праекце Генадзя Васільевіча Галоўчыка. А ў 2014 годзе будынак быў ўпрыгожаны механічнай фігурай гарадскога трубача. Гараджане шляхам галасавання далі скульптуры імя Магіслаў.

Ратуша ў Магілёве – прыгожы будынак з няпростай гісторыяй і ўнікальнай архітэктурай. Яна сапраўды з'яўляецца ўвасабленнем таго, наколькі беларусы трапятліва і з павагай адносяцца да гісторыі сваёй краіны.