Ратуша ў Чачэрску

Горад Чачэрск стаў вядомы ў летапісах з канца дванаццатага стагоддзя. Назва яго паходзіць ад назвы ракі Чачоры, на якой стаіць горад. У 1511 годзе горад Чачэрск Гомельскай вобласці атрымаў Магдэбургскае права (права горада на самакіраванне), і кіраваць ім стала рада. Але высветлілася, што для яе паседжанняў прыдатнага будынка ў горадзе не было. Тады было вырашана пабудаваць у горадзе драўляную ратушу, якая да нашых дзён не захавалася.

У другой палове XVIII стагоддзя ў горадзе пачаўся ўсплёск будаўніцтва. Па загадзе графа Захара Чарнышова была пабудавана новая ратуша, якая ў горадзе стаіць да гэтага часу. Знешне яна выглядае вельмі хораша і кампактна. Верхнюю частку ратушы ўпрыгожваюць пяць веж. Чатыры размешчаны па баках і адна – у цэнтры. Нават прымаючы ва звагу тое, што зроблены яны з дрэва, глядзяцца ў спалучэнні з каменным будынкам яны вельмі элегантна. Самі вежы дэкарыраваны каменем, таму знешне іх адрозніць ад каменных немагчыма. Архітэктурнае ўбранне ратушы нехарактэрнае для мастацкіх нормаў канца васямнаццатага стагоддзя. У яе архітэктуры запазычаны элементы гатычнага стылю – гэта нішы, спічастыя аркі, якія вельмі добра выглядаюць побач з элементамі класічнага дойлідства.

Архітэктары прызнаюць ратушу ў Чачэрску адной з самых незвычайных. Такіх, па іх думцы, у Беларусі засталося толькі пяць: у Слоніме, Нясвіжы, Віцебску, Шклове і, вядома ж, у Чачэрску.

Ёсць у ратушы свая асаблівасць: калі глядзець на яе з розных бакоў, то можна ўбачыць, што з аднаго боку яна выглядае вытрыманай у стылі класіцызму, з іншага боку – у стылі готыкі, а часам у ёй можна нават убачыць элементы ўсходніх стыляў.

Ратуша замыкае перспектыву галоўнай вуліцы горада і займае цэнтральнае месца ў ім.

Ратуша ў Чачэрску – гэта своеасаблівы помнік беларускага класіцызму. Пра гэта нам кажа строгасць формаў, цэнтрычнасць кампазіцыі і сіметрычнасць усёй пабудовы. Ёй уласцівыя і элементы абароннай архітэктуры, але для фартыфікацыйных мэт ратуша не выкарыстоўвалася ніводнага разу. Такога роду элементы проста дадаюць ёй дэкаратыўнае афармленне.

У 1974 годзе ратуша пацярпела падчас моцнага пажару. Больш за 30 гадоў яна знаходзілася на рэстаўрацыі. Сёння ў ёй размяшчаецца гісторыка-этнаграфічны музей, яе могуць наведваць турысты. Экспанаты музея складаюць старадаўнія абразы і археалагічныя артэфакты, знойдзеныя падчас раскопак. Раней у ратушы размяшчалася школа іканапісу.

З агляднай пляцоўкі, яая знаходзіцца на чацвёртым паверсе ратушы, адкрываецца выдатная панарама на ўвесь горад.

Гасцям Чачэрска абавязкова трэба наведаць галоўную славутасць горада, пазнаёміцца з яго гісторыяй, а таксама нацешыцца маляўнічым відам на ўвесь горад.