Помнік Язэпу Драздовічу ў Мінску

Мінск – сталіца Беларусі, у якой размешчаны самыя разнастайныя помнікі і манументы. Дзякуючы некаторым з іх, вяртаюцца з забыцця імёны часам вельмі несправядліва забытых дзеячаў мінулых стагоддзяў. Гэтак жа адбылося і з Язэпом Драздовічам – адным з самых загадкавых мастакоў мінулага стагоддзя.

Беларускі Леанарда да Вінчы

Лёс гэтага мастака сапраўды цяжкі і нават месцамі трагічны. Сучаснікі яго не разумелі, практычна ўсё сваё жыццё ён правёў у беднасці, не меў жонкі і нашчадкаў. Зрэшты, гэта і не дзяўна. Гісторыя захоўвае мноства прыкладаў, калі людзі, якія маюць самыя перадавыя погляды, часцей пакутавалі за іх, чым былі прызнаны. Так адбылося і з Язэпам Драздовічам, светапогляд і даследаванні якога намнога апярэдзілі час, калі ён жыў.

Будучы мастак нарадзіўся ў канцы XIX стагоддзя, у 1888 годзе, у невялікай, але вельмі маляўнічай вёсачцы Пунькі, што на Віцебшчыне. Сям'я хоць і была дваранскай, аднак вельмі беднай: маці засталася адна з шасцю дзецьмі на руках. Але, нягледзячы на гэта, змагла даць малодшаму сыну жаданую мастацкую адукацыю, якую Язэп атрымаў у Віленскай школе жывапісу, што насіла імя прафесара І. Трутнева.

Першыя працы Драздовіча з'яўляюцца пад уплывам яго захаплення стылем мадэрн. Ён праяўляе сябе ў кніжных ілюстрацыях – яго праца была размешчана на вокладцы «Першага беларускага календара на 1910 год» (выданне «Наша Ніва»). Акрамя гэтага, ён займаўся афармленнем зборнікаў вершаў Канстанцыі Буйло пад назвай «Каменная кветка». Натхняўся мастак і роднай прыродай, стварыўшы некалькі графічных краявідаў Дзісненшчыны.

Падчас Першай сусветнай вайны працаваў фельчарам, у мірны час – вучыў маляванню дзяўчынак у Вышэйшай жаночай школе, папрацаваў таксама ілюстратарам у розных выдавецтвах і мастаком-дэкаратарам. Праявіў ён сябе і на ніве этнаграфіі, і ў навуковых даследаваннях. Яго лічылі дзіваком, бо задоўга да першага палёту ў космас ён звярнуў свой позірк менавіта на неба. Ён верыў, што вельмі хутка людзі змогуць пакінуць межы зямлі і сустрэцца з іншапланецянамі. Гэтаму прысвечаны цэлы цыкл яго палотнаў «Жыццё на Сатурне», «Жыццё на Марсе» і «Жыццё на Месяцы».

«Вечны вандроўнік»

Скульптура, якая ўшаноўвае памяць Язэпа Драздовіча, створана рукамі таленавітага скульптара І. Голубева і архітэктара У. Марухіна. Яна назывецца «Вечны вандроўнік», бо менавіта вандроўнікам і быў гэты перадавы навукоўца і адораны мастак, які не атрымаў прызнанне пры жыцці. Манумент у поўнай меры ўвасабляе не толькі партрэтнае падабенства з мастаком, але і адлюстроўвае яго светапогляд. Скульптура ўяўляе сабою фігуру мужчыны, які ідзе з з кіем у руках і мальбертам праз плячо. Побач высіцца дрэва з вельмі незвычайнай кронай. У лісці і галінках пазнаецца цэлы «беларускі космас», растуць планеты, што суседнічаюць з казачнымі замкамі і рыцарамі… Цудоўны помнік для незвычайнага чалавека, які Вы можаце ўбачыць уласнымі вачамі, наведаўшы Мінск.