Помнік салдатам 1-й сусветнай вайны ў вёсцы Данюшава

Рэспубліка Беларусь знаходзіцца ў сэрцы Еўропы і таму не аднойчы станавілася месцам баявых дзеянняў. Тэрыторыю краіны адваёўвалі, дзялілі і далучалі да іншых дзяржаў.

Праз некалькі дзясяткаў гадоў пасля кровапралітнай Першай сусветнай вайны пачалася Вялікая Айчынная вайна, якая ў многіх мясцінах знішчыла і сцерла памяць пра герояў 1914-1918 гадоў. Але сляды Першай сусветнай засталіся ў Беларусі і дагэтуль. Гэта фрагменты акопаў, мастоў і дарог, вайсковыя могілкі, помнікі і абеліскі.

Вёска Данюшава, якая знаходзіцца ў Гродзенскай вобласці Беларусі, пабачыла нямала гістарычных падзей. Паселішча на месцы будучай вёскі ўзнікла недзе ў сярэдзіне XV стагоддзя.

Данюшава заўсёды была невялікай і акуратнай вёскай. Гэта пацвярджаюць многія крыніцы. У 1999 годзе насельніцтва вёскі складала ўсяго трыццаць дзевяць чалавек. Населены пункт размясціўся на высокім беразе ракі Вілія, густа пакрытым зелянінай. Тут знаходзіцца старадаўні касцёл і званіца. Касцёл пабудавалі ў 1809 годзе з ініцыятывы Марціна Кліманскага.

Прырода гэтага края незвычайна маляўнічая і каларытная. На другім беразе Віліі знаходзіцца заказнік “Блакітныя азёры”.

У часы Першай сусветнай вайны заходняя частка Беларусі знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. Цэлых два с паловай гады па краіне праходзіла лінія фронту. У вёсцы Данюшава ў тыя гады быў арганізаваны нямецкі шпіталь. Ужо ў пачатку вайны каля Троіцкага касцёла ў цэнтры вёскі былі ўсталяваныя два помніка загінулым афіцэрам.

На працягу чатырох гадоў вайсковыя могілкі каля касцёла разрасталіся. Немцы ўзвялі тут і значных памераў помнік з каменя. Над кронамі дрэваў узвышаецца вялікі абеліск, а яго падножжа патанае ў зеляніне траў і кветак. Стварылі гэты помнік у 1915 годзе.

Пасля вайны рэшткі забітых нямецкіх вайскоўцаў былі перазахаваны на вайсковых могілках у суседняй вёсцы, а на пастаменце помніка з’явіўся абраз Маці Божай у бела-блакітным убранні. На абеліску ёсць таблічка з надпісам па-нямецку: “Памяці слаўных таварышаў, 1915”.

Першая сусветная вайна доўжылася крыху больш за чатыры гады. У ёй удзельнічала больш за трыццаць краін. Ахвярамі баявых дзеянняў сталі больш за 10 мільёнаў людзей, параненых было ў два разы больш. Галоўныя бітвы адбываліся на тэрыторыі сучасных Беларусі і Польшчы. У выніку гэтай страшнай вайны Беларусь была падзелена на дзве часткі, заходняя тэрыторыя краіны адышла да Польшчы. Ахвяры і страты былі проста каласальнымі.

На жаль, многія забываюць пра тую зацяжную вайну, але помнікі, прысвечаныя памяці загінулых салдат і афіцэраў, нагадваюць нам пра тыя падзеі. Памятаць і ведаць аб прычынах і выніках той бязлітаснай вайны вельі важна. Шмат у якіх краінах 11 лістапада адзначаюць як дзень перамір’я і заканчэння Першай сусветнай вайны. Гэты дзень святкуюць нават у такой далёкай ад нас Новай Зеландыі. А вось у Беларусі і Расіі, на жаль, пра Першую сусветную амаль што не ўзгадваюць. Хаця на тэрыторыі абедзвюх краін ёсць шмат памятных месцаў, звязаных з гэтай вайной.

І гэта добрая магчымасць для ўсіх нас наведаць выдатныя месцы, вывучыць гісторыю і ўсвядоміць глыбіню і трагічнасць падзеяў тых гадоў. Каб умела і разумна будаваць сучаснасць і будучыню, жыццёва неабходна ведаць сусветную і лакальную гісторыю.