Помнік «Мядзведжай акадэміі» ў Смаргоні

Смаргонь – беларускі горад, які размясціўся ў Гродзенскай вобласці. Яго гісторыя – багатая і шматгранная. У многіх людзей ен асацыюецца ў першую чаргу з гераічнай 810-дзённай абаронай горада ў часы Першай сусветнай вайны. Смаргонская акадэмія, якая з свой час гадавала дрэсіраваных мядзведзяў, праіснавала не так доўга, аднак памяць пра яе жыве і па гэты дзень.

 

Уладанні Зяновічаў і Радзівілаў

 

Смаргонь – старажытны горад, і няхай горадам яна стала толькі ў 1903 годзе, упершыню ў гістарычных хроніках аб гэтым населеным пункце згадваецца яшчэ ў 1503. Наступнае згадванне аб мястэчку адбылося праз трыццаць гадоў і было звязана з з'яўленнем у Смаргоні яе галоўнай архітэктурнай славутасці - касцёла Святога Міхаіла Архангела. Храм быў узведзены з абарончымі мэтамі і ў наш час з'яўляецца папулярным турыстычным аб'ектам.

«Мядзведжую акадэмію» прынята звязваць толькі з дынастыяй Радзівілаў, аднак яна існавала ўжо пры кіраванні Зяновічаў. У 1622 годзе, калі мястэчкам валодала гэтая шляхецкая дынастыя, у Смаргоні размяшчалася вуліца пад назвай Скамарохава (пасля Мядзведжая), дзе жылі людзі з прозвішчам Скамарох. Таму існуе здагадка, што заснавана яна была яшчэ пры Зяновічах, а росквіт прыйшоўся на праўленне знакамітых Радзівілаў, у прыватнасці, яе часта звязваюць з імем славутага нашчадка дынастыі – Караля Станіслава Радзівіла па мянушцы Пане Каханку. Ён валодаў горадам на працягу амаль трыццаці гадоў – з 1762 па 1790 гады.

 

«Адразу відаць, скончыў смаргонскую акадэмію!»

 

Цяпер так кажуць пра тых, хто мае паверхоўныя і бедныя веды, якія спрабуе выдаць за эрудыцыю. На самай жа справе смаргонская акадэмія выпускала вельмі адукаваных і выхаваных артыстаў – мядзведзяў, якія кожны раз атрымлівалі авацыі на кірмашах не толькі ў Беларусі, але і за мяжой.

У тыя часы мядзведжая пацеха была ў вялікай пашане. Навучанне ў акадэміі вялося па трох напрамках. Мядзведзяў навучалі мядзведжым баям, у якіх звер сыходзіўся са зверам альбо з чалавекам у адзінаборстве; цкаванні, калі мядзведзь змагаўся з сабакамі; камедыі. Апошняе было самым складаным: вялізныя калматыя звяры вучыліся кланяцца і прысядаць, танчыць і маршыраваць, глядзець у люстэрка і многім іншым, не менш арыгінальным нумарам. Методыкі і дрэсіроўка, што ўжываліся ў сценах акадэміі, былі вельмі дзейснымі.

 

Помнік акадэміі

 

Акадэмія праіснавала з XVII па канец XVIII (альбо XIX) стагоддзя. Будынак, у якім яна размяшчалася, на жаль, не захаваўся.

Ідэя ўвекавечыць факт існавання акадэміі дрэсіроўкі мядзведзяў ўзнікла даўно. Першапачаткова планавалася ўзвядзенне драўлянай скульптуры, аднак у выніку ў Смаргоні з'явілася скульптурная кампазіцыя з чыгуну, якая так і называецца – «Мядзведжая акадэмія».

Смаргонская славутасць - гэта скульптурная група, якая была створана заслужаным дзеячам мастацтваў Уладзімірам Церабуном. Яна ўяўляе сабой фігуры двух скамарохаў з музычнымі інструментамі ў руках, каля якіх скача мядзведзь, які ўстаў на заднія лапы. Цудоўная выява ўпрыгожвае цэнтральную алею гарадскога парку.