Атэль «Еўропа» ў Мінску

Пяцізоркавая гасцініца з двухсотгадовай гісторыяй знаходзіцца на Інтэрнацыянальнай вуліцы ў цэнтры сталіцы Рэспублікі Беларусь. Сяміпавярховы атэль прапануе рэспектабельныя прасторныя нумары і абслугоўванне на вышэйшым узроўні – персанал размаўляе на замежных мовах, у гасцініцы ёсць басейн і саўны, канферэнц-зала, фітнэс-цэнтр, раскошны рэстаран з вытанчанай кухняй, чатыры бары, бібліятэка і мноства іншых паслуг, што адпавядаюць атэлям падобнага ўзроўня. Шкляныя ліфты з панарамнымі сценамі дазваляюць агледзець вытанчаны і прадуманы інтэр'ер памяшкання. Атэль уваходзіць у міжнародную сетку гасцініц Warwick International Hotels.

Будынак атэля з’явіўся на карце Мінска ў пачатку XIX стагоддзя. Паводле адной з версій, спонсарам і ініцыятарам будаўніцтва выступіў Веніямін Паляк – выхадзец з самай заможнай купецкай мінскай дынастыі. Згодна з іншай, першапачатковы будынак быў двухпавярховай драўлянай пабудовай і валодаў ім Пётр Юпінскі, які прадаў сваю ўласнасць сямейству Палякаў. Потым, прыкладна ў сярэдзіне XIX стагоддзя, Веніямін Паляк прыбудаваў да будынка трохпавярховы корпус і адкрыў «гасцініцу Паляка». Тут спыняліся вандроўнікі, акцёры і музыкі. Але ў 1884 годзе ў памяшканні атэля разгарэўся пажар, які знішчыў яго да падмурка. Гасцініца патрабавала рэканструкцыі, пасля якой быў дабудаваны яшчэ адзін паверх. Урэшце будынак стаў трохпавярховай пабудовы. Пасля рэканструкцыі гасцініца здабыла новае жыццё і атрымала назву «Еўропа».

Хоць XX стагоддзе ў выніку негатыўна адбілася на жыцці гістарычнага помніка, пачыналася ўсё вельмі цікава. Пачатак стагоддзя стаў лепшым часам для атэля. У 1906-1909 гадах гасцініцу зноў перабудавалі. Зараз яна ўяўляла сабою шасціпавярховы з гаўбцамі і ляпнінай будынак у стылі мадэрн. Мноства дэкаратыўных элементаў на фасадзе будынка, раскошныя нумары з выгодамі, шыкоўны рэстаран Саўлевіча, самая буйная ў Мінску кнігарня, цырульні і адзіны ў Мінску на тыя часы ліфт зрабілі гэты атэль лепшым у горадзе. Гімназісты ўпотай прабіраліся ў будынак атэля і каталіся на ліфце да таго часу, пакуль іх не заставаў знянацку парцье. Будынак быў самым буйным у горадзе, а валодалі ім у той час Якаў і Рыгор Палякі – усё тое ж сямейства, што стаяла і ля вытокаў гасцініцы. Але з прыходам савецкай улады атэль змяніўся, і далёка не ў лепшы бок. Раскошны рэстаран з аркестрам стаў сталовай, у многіх прасторных нумарах размясціліся дзяржаўныя ўстановы, а ва ўсім будынку пасяліліся пацукі і клапы.

Потым пачалася Другая сусветная вайна, і ўжо ў першыя яе гады ў будынак атэля трапіла бомба, разбурыўшы яго дашчэнту. Месца, дзе была гасцініца, заставалася пустым даволі доўгі час. У 1950-ых тут пасадзілі дрэвы. І толькі ў 2004 годзе ўлады Мінска прынялі рашэнне адбудаваць дарэвалюцыйны будынак зноў, максімальна захоўваючы яго аўтэнтычнасцб і падрабязна ўзнаўляючы асаблівасці тагачаснай архітэктуры. Прэзідэнт рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка агучыў асноўную ўмову: ізноў пабудаваны атэль павінен быць пяцізоркавым, і гэта ўмова, як мы ведаем, была выканана. Будынак быў узведены, захаваўшы свае лепшыя рысы, якімі славіўся яшчэ ў XIX і XX стаголлзі. Праўда, цяперашняя гасцініца атрымалася сяміпавярховай. У 2007 годзе атэль «Еўропа» зноў адкрыў свае гасцінныя дзверы. Зараз кожны можа наведаць гэта гістарычнае месца.