Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік «Нясвіж»

Горад-музей

Хоць Нясвіж і маладзейшы за некаторыя турыстычныя жамчужыны Беларусі, ён усё ж адзін з самых наведвальных гарадоў, уключаных у мноства турыстычных маршрутаў. Гэта і нядзіўна: яшчэ з XV стагоддзя, якое лічыцца часам яго заснавання, ён займаў перадавыя пазіцыі як цэнтр перадавой думкі тых часоў (прыгонныя сяляне Нясвіжа аднымі з першых атрымалі волю), культуры, рамесніцтвы, адукацыі. Ужо ў 1562 годзе менавіта тут узнікае першая друкарня, дзе вялікія гуманісты XVI стагоддзя Сымон Будны і Васіль Цяпінскі публікавалі свае творы на беларускай мове. Акрамя таго, менавіта ў Нясвіжы адбылося зараджэнне беларускага тэатральнага мастацтва: першы пастаянны тэатр пад назвай «Камедыхауз» з'явіўся менавіта тут. Будучы спачатку аматарскім, ён неўзабаве выйшаў на прафесійны ўзровень і ператварыўся ў прыдворны.

Нясвіж – адзін з першых гарадоў, што атрымаў Магдэбургскае права. Ён уражвае яшчэ і тым, што ў часы, калі большасць будынкаў узводзілі з больш таннага і менш даўгавечнага дрэва, гэты горад, ужо пачынаючы з XVI стагоддзя, забудоўваўся з дапамогай каменя. Менавіта гэтымі каменнымі забудовамі ў практычна некранутым выглядзе могуць цешыцца як жыхары Нясвіжа, так і шматлікія турысты, якія з года ў год прыязджаюць на экскурсію ў гэты выдатны горад.

Нясвіж можна без перабольшання назваць горадам-музеем, скансэнам, музеем пад адкрытым небам. Напэўна, нідзе больш на тэрыторыі Беларусі не знайсці такой жа канцэнтрацыі архітэктурных помнікаў у адным месцы. Адзін толькі Нясвіжскі замак, што займае ганаровае месца ў Спісе сусветнай спадчыны ЮНЭСКА, чаго варты! Аднак і акрамя яго ў Нясвіжу ёсць, чым здзівіць нават самага патрабавальнага турыста.

Архітэктурная спадчына

Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік «Нясвіж» уключае ў сабе некалькі важных не толькі для самаго горада, але і для ўсёй Беларусі архітэктурных і культурных аб'ектаў. Спадчына, якую захоўвае ў сабе гэты старажытны беларускі горад, сапраўды ўнікальная і багатая. Сярод аб'ектаў, якія на дадзены момант захаваліся і даступныя да агляду турыстамі, важна ўзгадаць:

•  шырокавядомы не толькі ў рэспубліцы Беларусь, але і далёка за яе межамі палаца-паркавы ансамбль, узвядзенне якога датуецца XVI стагоддзем;

•  вежа замка;

•  хата, што належала рамесніку ў XVIII стагоддзі;

•  парк «Альба» і аб'екты, што знаходзяцца ў ім (XVII-XVIII стагоддзі);

•  заезджы двор, пабудаваны ў XIX стагоддзі;

•  былы калегіум разам з прылеглай да яго тэрыторыяй, на якой размяшчаюцца казармы, пабудаваныя тут у XIX стагоддзі;

•  будынак ратушы і былыя гандлёвыя рады, датаваныя XVI-XVIII стагоддзямі;

•  знакамітая «Слуцкая брама», якая таксама датуецца XVI-XVIII стагоддзямі;

•  манастыр езуітаў і Фарны касцёл (дадзены комплекс з'явіўся на тэрыторыі Нясвіжа ў XVI-XIX стагоддзях);

•  некалькі капліц Булгарына;

•  будынак манастыра бенедыктынак, узнікненне якога датуюць XVI-XVIII стагоддзямі;

•  будынак плябаніі сямнаццатага стагоддзя;

•  будынак манастыра бернардынцаў.

Такім чынам, ужо толькі з вышэйпералічанага становіцца зразумела, наколькі разнастайна і багата архітэктурная спадчына Нясвіжа. Можна з упэўненасцю сказаць, што аднаго дня не хопіць, каб пазнаёміцца з усімі славутасцямі гэтага вядомага горада.

У нацыянальным гісторыка-культурным музеі-запаведніку «Нясвіж» праводзіцца плённая навукова-даследчыцкая праца, выстаўная дзейнасць. Усе намаганні працаўнікоў снакіраваны на захаванне багатай спадчыны для будучых пакаленняў.