Манастыр кармелітаў у Засвіры

У Мінскай вобласці ёсць невялікая вёсачка Засвір, якая размясцілася непадалёк ад возера Свір, ад якога і атрымала сваю назву. Тут жа і знаходзіцца манастыр кармелітаў – гістарычны помнік барока пачатку XVIII стагоддзя.

Кармелітамі зваліся каталіцкія манаскія ордэны, якія былі заснаваны ў XII стагоддзі ў часы крыжовых паходаў. Галоўным іх заданнем з'яўлялася яднанне з Богам праз бесперастанныя малітвы. Вялікае значэнне надавалася шанаванню Багародзіцы. Вонкавае аблічча іх было незвычайным: кармеліты апраналіся ў белы плашч з цёмнымі палосамі, які меў назву скапулярый. Менавіта таму ў народзе іх і празвалі сарокамі. Гаварылася, што такой вопраткай яны падкрэслівалі сваю бязгрэшную душу. Манахі вялі нехарактэрны для сучаснага чалавека лад жыцця: недаядалі, займаліся перапісваннем кніг, чытаннем. Ці вядома Вам, што некаторыя кармеліты і зусім жылі ў лесе ўсё сваё жыццё? Выключэнне складалі толькі святы, на якія яны ўсё ж прыходзілі ў манастыры.

У 1697 годзе манастыр быў пабудаваны спачатку з дрэва. А каменны манастыр кармелітаў узвялі толькі ў 1713-14 гадах. Размясціўся ён непадалёк ад возера Свір. Вядома, што адказнымі за будаванне гэтага будынка і адначасна галоўнымі спонсарамі былі Крыстоф і Ядвіга Зяновіч. У той час гэтыя людзі актыўна садзейнічалі развіццю хрысціянства на нашых землях.

Цікавы той факт, што манастыр быў не проста адзінкавай пабудовай, а цэлым комплексам будынкаў і памяшканняў з дваром. Каля манастыра знаходзілася званіца, недалёка ад якой можна было ўбачыць касцёл. Усе гэтыя будынкі былі пабудаваны і ўпрыгожаны згодна з усімі канонамі барока: плоскія нішы, фігурныя вежы, франтоны, двухсхільны дах, паўкруглая прыбудова з мноствам адтулін.

Ці ведаеце Вы, што ў неспакойны час, у гады паўстання Каліноўскага, салдаты цара ўтрымоўвалі манахаў у палоне пад манастыром? Тыя ж вельмі спакойна адтуль выпаўзалі праз падземныя хады, а таксама дазвалялі паўстанцам хаваць там сваю зброю. Калі ўсё супакоілася, манастыр вырашылі зачыніць. Храм спачатку быў праваслаўным, але пасля 1919-га году яго аддалі каталікам. Вучонымі высветлена, што кіраваў манастыром Кастусь Стаповіч, больш вядомы як Казімір Сваяк, беларускі фалькларыст і паэт. Цікавым з'яўляецца той факт, што ён гаварыў і праводзіў службы выключна на роднай беларускай мове.

Пры савецкай уладзе касцёл зачынілі, як і ўсе падобныя культавыя пабудовы. Сваю службу ён аднавіў адносна нядаўна. У памяшканні манастыра некаторы час знаходзіліся інтэрнат і школа.

Аднак час не бывае літасцівым да нікога і нічога, манастырскі комплекс трухлеў і разбураўся. У канцы XIX стагоддзі будынак касцёла адрэстаўравалі. А вось ад манастыра на дадзены момант мала што захавалася, затое ў вельмі добрым стане знаходзяцца Траецкі касцёл і жылое памяшканне. Аднак Засвір усё роўна працягвае цікавіць турыстаў і аматараў старажытнай архітэктуры.