Месца стаянкі нямецкай дывізіі ў гарадскім пасёлку Юрацішкі

Нягледзячы на тое, што Першая сусветная вайна віхурай пранеслася па тэрыторыі нашай краіны сотню гадоў таму, яе водгаласы выразна чуюцца і дагэтуль.

Працяглы час па беларускай зямлі праходзіла лінія фронту, таму Першая сусветная пакінула тут шмат брацкіх магіл і паўразбураных дотаў. Нямецкія вайскоўцы ў той перыяд актыўна рабілі абарончыя збудаванні. Іх руіны сёння можна пабачыць у вялікіх і малых населеных пунктах Беларусі.

Першая сусветная вайна негатыўна паўплывала на жыццё і развіццё шматлікіх беларускіх вёсак, мястэчак і гарадоў. Пакінула на іх свае раны і напаміны. Так, у пасёлку Юрацішкі з часоў Першай сусветнай захаваўся манумент, прысвечаны штабу пяхотнага дывізіёну кайзераўскай арміі. Месца стаянкі нямецкай дывізіі ў гарадскім пасёлку Юрацішкі добра захавалася. Гэта масіўны цёмна-шэры камень, на якім высечаны надпіс і дата “1915-1918”.

Гарадскі пасёлак Юрацішкі на Гродзеншчыне мае слаўную гісторыю. У XVI стагоддзі Юрацішкі ўваходзілі ў склад Вялікага Княства Літоўскага, мястэчкам валодалі знакамітыя шляхецкія дынастыі. Так склалася, што Юрацішкі былі месцам актыўных баявых дзеянняў яшчэ задоўга да Першай сусветнай. Мястэчка было знішчана пажарам падчас вайны паміж Рэччу Паспалітай і Расіяй. Паўночная вайна таксама пакінула тут свае сляды. Юрацішкі ўваходзілі ў склад Расійскай імперыі, Польшчы, БССР. Невялікае беларускае мястэчка сапраўды прайшло праз вялікія і жорсткія гістарычныя выпрабаванні.  

У гады Першай сусветнай вайны Юрацішкі ўяўлялі сабой “смачны кавалак”для немцаў, бо мястэчка знаходілася побач з лініяй фронта. Да таго ж тут спраўна функцыянавала чыгунка, якую кайзераўцы маглі цалкам кантраляваць. Так што зусім не дзіўна, што нямецкае камандаванне размясціла свой штаб менавіта ў Юрацішках. У гэтым стратэгічна важным месцы немцы марылі застацца назаўсёды, таму ў гонар свайго прабывання усталявалі грандыёзны памятны камень. Гэты манумент сведчыць пра тое, што кайзераўскія войскі лічылі гэтыя землі сваімі.

Большасць нямецкіх вайскоўцаў размяшчалася ў Юрацішках у доме Радкевічаў, якія ў тыя гады валодалі мястэчкам. Вакол дома ў той час рос надзвычайна прыгожы парк, было шмат гаспадарчых пабудоваў. На жаль, парк да нашых дзён не дайшоў. А вось дом захаваўся выдатна. Апошняй уладальніцай сядзібы была Вераніка Радкевіч. Пасля таго, як памёр яе муж, яна пераехала ў Вільню.  

На месцы стаянкі нямецкай дывізіі ў гарадскім пасёлку Юрацішкі стаіць вялізны камень з надпісам па-нямецку, а каля мясцовай царквы знаходзіцца пахаванне нямецкіх жаўнераў часоў Першай сусветнай вайны – адзінаццаць магільных пліт. Як бы хто ні ставіўся да гэтага помніка і нямецкіх могілак, гэта таксама частка нашай гісторыі. І таму гэта месца прыцягвае і выклікае цікавасць у былых вайскоўцаў, краяведаў і звычайных турыстаў.