Літаратурны музей Петруся Броўкі

Літаратурны музей Петруся Броўкі – адзіны ў Беларусі мемарыяльны музей-кватэра. Музей знаходзіцца ў доме, які з’яўляецца помнікам архітэктуры пачатку ХХ стагоддзя. Ён быў пабудаваны ў стылі мадэрн архітэктарам Генрыхам Гаем як даходны дом. Майстэрня архітэктара і бюро "Гай, Свянціцкі & Со" размяшчаліся ў правым крыле будынка. З 1951 па 1980 гады ў гэтым доме ў кватэры № 4 жыў народны паэт Беларусі Пятрусь Броўка.

Экспазіцыя музея складаецца з дакументальнай і мемарыяльнай частак. Дакументальная частка падрабязна знаёміць з жыццёвым і творчым шляхам Петруся Броўкі. Сярод экспанатаў – рукапісы і аўтографы паэта, яго родных, сяброў і сучаснікаў, машынапісныя варыянты кніг, лісты і паштоўкі, нотныя запісы на словы паэта, фатаграфіі паэта і яго акружэння, а таксама мастацкія работы, падораныя Петрусю Броўку, і графічныя лісты з ілюстрацыямі да яго твораў.

Мемарыяльная частка – бібліятэка і рабочы кабінет Петруся Броўкі – той інтэр’ер, дзе ўся мэбля і прадметы стаяць на тых месцах, як і пры жыцці паэта. Асабістая бібліятэка Петруся Броўкі захоўвае творы мастацкай літаратуры ад старажытнарымскіх часоў да 1980 года. Гэта кнігі замежных аўтараў у перакладзе на беларускую або рускую мову, беларуская і руская савецкія літаратуры, класічная і пасляваенная літаратура. Гэтыя кнігі выступаюць маўклівымі сведкамі літаратурнага густу паэта.

Музей ажыццяўляе актыўную выставачную дзейнасць, праводзяцца публічныя лекцыі і адкрытыя дыскусіі, прэзентацыі кніг і літаратурныя вечарыны. Асаблівае месца займае праца з дзецьмі: у практыку музея ўведзеныя інтэрактыўныя адукацыйныя праекты.