Крыжаўзвіжанскі касцёл у вёсцы Галынка

У невялікай вёсачцы Галынка ў Гродзенскай вобласці знаходзіцца касцёл Узвышэння Святога Крыжа. Ён быў заснаваны ў 1714 годзе за кошт багатай шляхецкай сям’і Храбтовічаў. Нягледзячы на ваенныя дзеянні, якія вяліся тут на працягу стагоддзяў, будынку храма ўдалося выстаяць, быццам сам анёл-ахоўнік засцерагаў яго ад разбурэнняў.

Да пачатку XX стагоддзя храм належаў уніяцкай царкве, крыху пазней – каталіцкай парафіі. З 1939 да 1945 года будынкам валодала праваслаўная царква. Але з той прычыны, што большасць мясцовых жыхароў былі каталікамі, храм у гэты час амаль што пуставаў.  

Па перыметры будынка знаходзяцца чатыры аднолькавыя невялікія капліцы. У гады Вялікай Айчыннай вайны на важныя святы тут праходзілі крыжовыя шэсці, але мясцовым прыхаджанам было забаронена хоць на крок заступаць за межы гэтых пабудоваў. Парушальнікаў правіла маглі пакараць штрафам, а ў самым горшым выпадку – растраляць.   

У пасляваенныя часы, калі храму ў 1947 годзе пагражала закрыццё і знішчэнне, мясцовыя вернікі зачыніліся ў касцёле і на працягу некалькіх дзён бесперапынна маліліся, просячы ў малітвах лепшай долі для храма і ўсёй вёскі.

У 2009 годзе касцёл адрэстаўравалі: аднавілі фасад будынка, зрабілі больш трывалы фундамент.

Сёння храм Узвышэння Святога Крыжа выглядае вельмі чыстым і дагледжаным. Касцёл невялікі па памерах, унутры храма вельмі ўтульна і ціха. Тут пануе атмасфера, прасякнутая верай і чысцінёй людскіх думак і спадзяванняў.

Наогул, інтэр’ер касцёла вельмі прыгожы і незвычайны. Сцены упрыгожваюць 12 выяваў, якія распавядаюць пра апошнія часы Ісуса Хрыста падчас Крыжовага шляху. Таксама ў прасторы інтэр’ера шмат вялікіх маляўнічых абразоў. За алтаром вымалёўваецца вобраз Царскай брамы, дэкараванай фрагментамі са Святой Бібліі.

Жыхары вёскі пастаянна прыносяць у касцёл жывыя кветкі, даглядаюць клумбы на тэрыторыі храма. Ужо больш за 30 гадоў касцёл жыве без святара, таму парафіяне прызвычаіліся наводзіць у гэтым месцы прыгажосць.

Паводле расповядаў ксяндза, недалёка ад касцёла калісьці пражываў рабін. Гэта яшчэ адно пацверджанне таму, што людзі тут здаўна жылі адной вялікай сям’ёй – у згодзе і добрасуседстве.

На сённяшні дзень прыход налічвае каля 420 вернікаў, сярод якіх нямала жыхароў суседніх вёсак і мястэчак. Але раздзялення на сваіх і чужых тут няма. Для прыхаджан храм з’яўляецца не толькі святым месцам для малітоўных богаслужэнняў, але і месцам, дзе можна проста паразмаўляць, даведацца пра апошнія падзеі і навіны. Мясцовыя жыхары вельмі цэняць і любяць свой касцёл, бо для іх гэта – дарагая сэрцу святыня.