Касцёл Ушэсця Дзевы Марыі. Пасёлак Дзераўнае

Наша краіна можа пахваліцца багаццем велічных касцёлаў, прыгажосць якіх складана не заўважыць. Вялікая частка знаходзіцца ў Заходняй частцы краіны, асабліва багатая на іх Гродзенская мясцовасць: Гервяты, Ашмяны, Варняны, Іўе, Індура, Рэпля, Солы і г.д. - пералічваць іх можна бясконца доўгі час. Усе яны непаўторныя і не падобныя адзін да аднаго. Касцёлы Беларусі ставяцца да адных з самых унікальных помнікаў архітэктуры. На нашай тэрыторыі захавалася мноства храмаў неаготыкі. Готыка развівалася ў краінах, дзе папулярная была каталіцкая вера, а ў Беларусі яна знайшла адпаведнае ўжыванне ў афармленні касцёлаў. Наша краіна з'яўляецца скарбніцай багатай культуры і помнікаў гісторыі. Беларускія касцёлы нясуць у сабе адбітак духоўнай спадчыны нацыі: прыгажосць, характар, непаўторнасць беларускай душы.

Часта касцёлы размяшчалі ў невялікіх мястэчках, вёсках, сёлах. Пасёлак Дзераўнае, што ў Стаўбцоўскім раёне, размешчаны паміж Івянцом і Стоўбцамі. З усіх славутасцяў, якія кідаюцца ў вочы, адразу вылучаецца старадаўні будынак касцёла Ушэсця Дзевы Марыі (які быў пабудаваны ў 1630-я гады). Ён з'яўляецца адным з самых старых касцёлаў Беларусі і помнікам архітэктуры готыкі і рэнесансу. Непадалёк ад касцёла можна ўбачыць могілкі, на якіх знаходзіцца драўляная каталіцкая капліца 19-га стагоддзя, дзе ў свой час былі пахаваныя сваякі Фелікса Дзяржынскага - бацька, брат і сястра.

Знаходзіцца касцёл Ушэсця Дзевы Марыі ў цэнтры пасёлка Дзераўнае, але толькі вось знайсці яго не так проста. Для таго, каб туды дабрацца, трэба аб'язджаць вёску бокам, а не па галоўнай трасе.

Калі казаць пра яго знешні выгляд, то касцёл даволі сціплы, што для таго часу было досыць характэрным. Бо раней вялікае значэнне давалася абарончаму прызначэнню, ахове пабудоў.

Закладзены касцёл быў на ахвяраванні князёў Радзівілаў і Вішнявецкіх у 1590-м годзе. Некаторыя лічаць, што ў тыя гады ён так не выглядаў, а сапраўдную сваю форму касцёл здабыў у 1630-я гады. У другой палове 17-га стагоддзя храм яшчэ больш удасканалілі - прыбудавалі да яго трох’ярусную вежу. У яго падножжа знаходзяцца некалькі помнікаў, на якія былі нанесеныя надпісы на польскай мове. Непадалёк ад самога будынка касцёла размешчана званіца і магілы служыцеляў царквы. Побач знаходзіцца Нядзельная школа, у якой навучанне падаецца толькі на беларускай мове. Службы ў касцёле Ушэсця Дзевы Марыі ў Дзераўным праводзяць таксама на беларускай мове. Цікава тое, што і ўсе мясцовыя ў гэтым пасёлку размаўляюць выключна на роднай мове, што ў наш час з'яўляецца рэдкасцю і здзіўленнем. Мясцовыя жыхары называюць свой касцёл жамчужынай Стаўбцоўскага раёна. У дадзены момант касцёл выглядае дагледжана, культурна. Дзераўляне з задавальненнем наведваюць яго кожную нядзелю.

Пасёлак Дзераўнае імкліва развіваецца, але ў той жа час ён шануе свае традыцыі, захоўвае гісторыю продкаў.

Крыніцы фота: https://vedaj.by/index.php/ru/goroda/minsk/stolbtsy/derevnaya

http://minoblturism.gov.by/objects/585/