Касцёл Святой Тройцы ў вёсцы Забалаць

Знойдзеныя званы ў Забалаці і касцёл Святой Тройцы

Кожная паездка ў беларускую вёску сёння - гэта чарговае адкрыццё для падарожнікаў. Так, многія невялікія населеныя пункты захоўваюць сапраўдныя скарбы ў глыбіні лясоў і палёў. Пераканацца ў тым, што гэта менавіта так, вы можаце зусім лёгка, выбраўшы адну з такіх вандровак.

Паважны ўзрост

А ці не выправіцца нам сёння ў вёску Забалаць? Гэтая вёска ў Воранаўскім раёне Гродзенскай вобласці - яркі прыклад таго, чаму варта шукаць турыстычныя жамчужыны ў глыбінцы. Прыкладна за 90 кіламетраў ад Гродна, у вёсцы Забалаць, знаходзіцца касцёл Святой Тройцы. Будынку ўжо больш за 200 гадоў, і на працягу такога доўгага часу свайго існавання яго дзверы ніколі не зачыняліся. Толькі ўявіце, больш за два стагоддзі касцёл радуе сваіх вернікаў! Ёсць, вядома, у Беларусі касцёлы і больш паважнага ўзросту, але іх на пальцах можна пералічыць.

У стылі класіцызму

Самае першае згадванне пра храм датуецца 1622-м годам, толькі тады касцёл Святой Тройцы быў драўляным. На жаль, будынку не наканавана было захавацца, і ў 1803 - 1812 гады на тым самым месцы, дзе стаяў драўляны храм, узвялі касцёл з каменю. Акрамя таго, і сам касцёл Святой Тройцы абнесены бутавай агароджай. Ён стаў сапраўдным упрыгожваннем вёскі і радасцю для вернікаў. Пабудаваны ён быў у стылі класіцызму. У касцёле і па гэты дзень праводзяцца як святочныя, так і штодзённыя імшы.

Рэліквіі

Вы атрымаеце незабыўныя ўражанні ад паездкі, калі знойдзеце час зайсці ўнутр святыні, каб убачыць убранне храма на свае вочы. Вам, напэўна, будзе цікава даведацца, што сапраўднымі скарбамі касцёла Святой Тройцы ў вёсцы Забалаць з'яўляюцца старадаўнія іконы, якія захоўваюцца так доўга ў храме. Так-так, не здзіўляйцеся! У гэтым невялікім, але такім утульным храме сабраны каштоўныя іконы XVIII і пачатку XIX стагоддзяў. Да XVIII стагоддзя адносіцца ікона «Маці Божая Балесная». Астатнія іконы - "Маці Божая Рымская», «Святы Георгій», а таксама некаторыя іншыя - адносяцца да пачатку XIX стагоддзя.

Знойдзеныя званы

Касцёл Святой Тройцы знаходзіцца на паўднёвым захадзе вёскі Забалаць. І кожны, хто прыходзіць наведаць гэтую славутасць, не можа не заўважыць цікавы будынак побач з храмам - званіцу са званамі. Справа ў тым, што ў 2009 годзе ў Забалаці пры будаўніцтве кацельні вяліся земляныя работы. У ходзе гэтых работ былі знойдзены званы. Пазней атрымалася вызначыць, што на званах была выгравіравана дата - 1817 год. Стала зразумелым, што належаць гэтыя званы касцёлу Святой Тройцы. Праляжалі яны ў зямлі 70 гадоў, а значыць, іх схавалі мясцовыя жыхары ў 30-ыя гады XX стагоддзя ад савецкай улады і тым самым захавалі іх для нашчадкаў.

Зразумела, што пасля такой дзіўнай знаходкі званы вырашана было вярнуць касцёлу, таму побач з храмам пабудавалі званіцу. У ёй і ўзнялі знойдзеныя званы. Цырымонія вяртання была ўрачыстай, на ёй прысутнічалі як мясцовыя жыхары, так і ўлады, а таксама турысты, якія апынуліся якраз у гэты дзень у храме.

Наколькі нечаканымі бываюць часам знаходкі! Гэта як падарожжа - ніколі не ведаеш, што адбудзецца пры наведванні цікавага месца. Верце ў цуды і не пераставайце марыць пра новыя адкрыцці! Прыязджайце ў Беларусь!