Касцёл святога Юрыя ў вёсцы Паланечка

У Рэспубліцы Беларусь ёсць мноства маленькіх населеных пунктаў, пра якія мала хто ведае, але пры гэтым на іх тэрыторыі размяшчаюцца розныя архітэктурныя помнікі, на якія варта было б не толькі зірнуць. Адзін з такіх населеных пунктаў знаходзіцца ў Брэсцкай вобласці. Гэта невялікая вёсачка Паланечка. 

Вёска з насельніцтвам, якое па колькасці не перавышае пяцьсот жыхароў, раскінулася на беразе рэчкі Змейка. Першыя гістарычныя згадкі пра мястэчка датуюцца XVI стагоддзем.

Вядома, што вёска належала сям’і Радзівілаў – найбагацейшаму роду ў Вялікім Княстве Літоўскім. Гэта тыя самыя Радзівілы, што першымі ў дзяржаве атрымалі тытул князёў Свяшчэннай Рымскай імперыі. Зразумела, што дынастыя валодала не толькі вялікай зямельнай маёмасцю, але і цэлымі гарадамі, як, напрыклад, Мір і Несвіж. І менавіта гэты славуты род прыклаў руку да стварэння ў вёсцы Паланечка такіх культурных каштоўнасцяў, як палац Радзівілаў і Юр’еўскі касцёл.

Касцёл святога Юрыя, альбо царква Святога Георгія быў узведзены ў 1751 годзе непадалёку ад палаца Радзівілаў. Будынак быў выкананы з дрэва, бо ў той час гэта быў самы даступны матэрыял. Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай, калі Паланечка адышла да Расійскай імперыі, у 1897 годзе Юр’еўскі касцёл перабудавалі. Архітэктарам, як таго пажадалі Радзівілы, выступіў К. Вайцяхоўскі. Новы будынак быў гатовы ўжо ў 1899 годзе.

Абноўлены неагатычны касцёл таксама быў драўляны, але гэта толькі падкрэслівала ягоную чароўную прыгажосць. Экстэр’ер храма вылучаўся высокімі спічастымі вокнамі і контрфорсамі ў выглядзе прыступак, якія неслі хутчэй дэкаратыўную нагрузку. Канешне, прысутнічае тут і такі неад’емны элемент стылю, як акно-ружа на франтоне. Акрамя таго, галоўны ўваход абрамляюць дзве драўляныя вежы з высокімі шатровымі дахамі і накладным геаметрычным арнаментам.   

Юр’еўскі касцёл з’яўляецца зараз дзеючым храмам Пінскай каталіцкай дыяцэзіі. Інтэр’ер касцёла таксама апрацаваны дрэвам. Увагу прыцягвае драўляны алтар – яскравы прыклад народнай творчасці, з абразамі XVIII-XIX стагоддзяў. Цэнтральнае месца на алтары займае старадаўні абраз Маці Божай Малітанскай у залатой кароне.

Усярэдзіне касцёла знаходзяцца таксама дзве мемарыяльныя дошкі, адлітыя з чыгуну. Яны прысвечаны Радзівілам і датуюцца 1829 і 1836 гадамі. Ёсць у касцёле святога Юрыя і старадаўні арган, які стаіць на хорах насупраць алтара. Знешне арган, гэты неад’емны атрыбут каталіцкіх храмаў, не вылучаецца нейкай вытанчанасцю, затое мае дзевяць галасоў і багатую гісторыю. Стварыў яго вядомы віленскі майстар Астрамецкі падчас будаўніцтва касцёла ў 1897 годзе.  

Юр’еўскі касцёл праславіўся яшчэ тым, што менавіта ў ім хрысцілі вядомага геолага, географа, этнолага, а таксама асветніка і нацыянальнага героя Чылі Ігната Дамейку.