Касцёл Раства Дзевы Марыі ў вёсцы Відзы

Гарадскі пасёлак Відзы вядомы ўсім, хто захапляецца архітэктурнай і культурнай спадчынай нашай краіны. Бо менавіта тут знаходзіцца адзін з самых высокіх, калі быць дакладней, другі па вышыні ў Беларусі касцёл, асвячоны ў гонар Святой Тройцы. Яго вышыня (разам са шпілямі) складае 59 метраў, у той час, як касцёл, які трымае пальму першынства ў якасці самага высокага, знаходзіцца ў Гервятах. Ён усяго на пару метраў вышэйшы, і тое з улікам крыжа на шпілі - 61 метр.

Пра паходжанне назвы вёскі існуе захапляльная легенда. Аднойчы праз гэтыя землі праязджаў пан разам са сваёй сляпой дачкой. Яны спыніліся каля крыніцы, дзяўчына абмыла твар вадой з яго і ўскрыкнула: "Відзай! Відзай!", што азначала "Бачу! Бачу!". Вада ў крыніцы аказалася цудатворнай і гаючай. У падзяку за цудоўнае вылячэнне, пан спансіраваў узвядзенне касцёла, вакол якога з цягам часу рассяліліся людзі, якія і сталі зваць мястэчка Відзамі. 

Гістарычныя перадумовы ўзнікнення каталіцкай святыні

Упершыню каталіцкая царква ў Відзах з'явілася даволі даўно - у 1484 годзе. Узводзілі яе манахі-бернардынцы, якія прыехалі з Вільні для распаўсюджвання сваёй веры. У сярэдзіне XVIII стагоддзі бернардынцаў змянілі езуіты, якія пабудавалі тут свой касцёл і школу, аднак і яны доўга тут не затрымаліся - да 1867 года ўсе пабудовы былі разрабаваны і адышлі ў нябыт.

Будаўніцтва помніка, занесенага ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь, было пачата ў 1909 годзе. Працамі кіраваў знакаміты архітэктар, якога звалі Вацлаў Міхневіч. У 1914 годзе работы па ўзвядзенні храма былі завершаны, аднак неўзабаве ён пацярпеў - падчас ваенных дзеянняў Першай сусветнай вайны. Памяць пра гэта захоўваюць два снарады, умураваныя ў сцяну. Не абыйшла бокам святыню і Другая сусветная вайна, і атэістычнае савецкае ліхалецце, калі ў сценах храма то захоўвалі збожжа, то размяшчалі спартзалу. Толькі ў 1989 годзе касцёл вярнулі ва ўлонне царквы, пасля чаго пачаліся рэстаўрацыйныя працы.

Архітэктурнае аблічча касцёла Раства Панны Марыі ў вёсцы Відзы

Касцёл пабудаваны ў неагатычным стылі з чырвонай цэглы. Тры нефа і дзве вежы фарміруюць аблічча базілікі з бакавымі рызніцамі і кантаванай апсідай. Вежы - ступеністыя і шмат'ярусныя - завяршаюцца шатрамі, якія маюць васьмігранную вострую форму. Паміж вежамі размяшчаецца трохвугольны франтон, які завяршае зубчастая верхавіна. Акрамя таго, тутака ж размешчана тыповае для гатычнага стылю акно-ружа. Трансепт і неф, размешчаны ў цэнтры, маюць аднолькавую вышыню. Неф завяршае алтарная частка і кантаваная рызніца, непадалёк размяшчаюцца рызніцы, якія маюць меншую вышыню. Дзівіць прыгажосць вітражоў, агульнае аблічча касцёла, які імкнецца ўвысь, багацце ажурнага дэкору. Першапачатковы ўнутраны строй і орган, нажаль, не захаваліся. Аднак і адноўлены інтэр'ер не пакідае нікога абыякавым.

Такім чынам, цудоўны храм у Відзах - сапраўдная жамчужына Беларусі. Яна абавязкова спадабаецца людзям, якія захапляюцца прыгажосцю старажытнай архітэктуры. Да таго ж, знаходжанне мястэчка Відзы ўсяго ў сарака кіламетрах ад турыстычнай Мекі Беларусі - Браслава - дазваляе з лёгкасцю пабываць тут падчас адпачынку ў чароўным краю найчыстых беларускіх азёр.