Кар'еры пад Бярозай

У Беларусі маецца некалькі мелавых кар'ераў у розных кутках краіны. Напэўна, кожны чуў пра знакамітыя беларускія «Мальдывы» ў Гродзенскай вобласці, пад Ваўкавыскам. Аднак ёсць яшчэ падобныя мелавыя кар'еры пад горадам Бярозай у Брэсцкай вобласці.

Гісторыя стварэння

Бярозаўскія кар'еры маюць не прыроднае, а штучнае паходжанне, дата з’яўлення якіх адносіць нас да 30-х гадоў мінулага стагоддзя. У гэты час на тэрыторыі горада актыўна дзейнічала мясцовае панства, якое і стала ініцыятарам распрацоўкі кар'ераў для здабычы і перапрацоўкі мелу. 

Гэта быў працэс не з лёгкіх, бо на той час бедныя сяляне не мелі адпаведнага абсталявання і вымушаныя былі працаваць уручную, з дапамогай традыцыйных кірак і рыдлёвак. 

У 1939 годзе тэрыторыя кар'ераў была нацыяналізаваная, а пазней, з 1961 года, тут пачаў функцыянаваць Нова-Бярозаўскі вапнавы завод. У гэты час працягвалася распрацоўка кар'ераў для патрэб прадпрыемства. Лічыцца, што такім чынам першапачаткова былі выкапаны чатыры кар'еры, аднак за апошнія дзесяцігоддзі два з іх аб’ядналіся. Менавіта таму цяпер тут можна ўбачыць толькі тры з іх.

Завод плённа працаваў да 1990 года, а пасля яго закрыцця інфраструктура была выкуплена кампаніяй «Трайпл». Урэшце рэшт самі кар'еры закінулі з-за непатрэбнасці. З гадамі яны пачалі напаўняцца вадой, пакуль не ператварыліся ў азёры з бірузова-зеленаватым адценнем, якія мы і бачым сёння.

Тры азёры

Мясцовыя жыхары і турысты аддаюць перавагу купацца ў першым кар'еры, найбольш абсталяваным для гэтага і які мае дастаткова спадзістыя спускі. У некаторых месцах нават маюцца спецыяльныя лесвіцы, якія палягчаюць уваходжанне ў ваду.

Берага другога штучнага возера больш стромкія. Сярэдняя глыбіня складае каля 18 метраў, а з-за высокай празрыстасці вады (яна мае крынічнае паходжанне) у адсутнасці ветру можна ўбачыць дно (за выключэннем цэнтральнай часткі, дзе маюцца доўгія, аж да 17 метраў, водарасці). Другі кар'ер асабліва папулярны сярод аквалангістаў, прапаноўваючы досыць вялікія перапады глыбіні, і сярод рыбаловаў дзякуючы вялізнай разнастайнасці рыбы.

Самы буйны трэці кар'ер размяшчаецца бліжэй да тэрыторыі «Бярозаўскага КСІ». Ён жа і самы глыбокі, у некаторых месцах дасягае адзнакі ў 40 метраў.

Нягледзячы на папулярнасць мелавых кар'ераў сярод аматараў паплаваць і парыбачыць, варта быць вельмі асцярожнымі, бо няроўнае, часам з праваламі дно можа быць небяспечным.