Іешыва ў Міры

Геаграфічнае становішча

Мір – невялікі гарадскі пасёлак, які знаходзіцца ў Гродзенскай вобласці.

Гістарычныя звесткі

Першыя летапісныя ўзгадкі пра Мір датуюцца 1434 годам. Сваю назву населены пункт атрымаў хутчэй за ўсё таму, што ў яго наваколлях праходзіла мяжа паміж Руссю і Літвой. Хаця дакументальных пацверджанняў таго, што тут калі-небудзь заключаліся перамір’і, навукоўцы не маюць.

Насельніцтва

Насельніцтва гарадскога пасёлку складае крыху больш за 2250 чалавек.

Славутыя мясціны

Сярод шматлікіх выдатнасцяў Міра адно з самых папулярных месцаў, якое найчасцей наведваюць турысты з замежных краін, – Мірская іешыва. Гэта навучальная ўстанова была не толькі найбуйнейшай рэлігійнай школай літоўскага хасідзізму, але таксама выхоўвала і рыхтавала вялікую колькасць рабінаў, якія пазней самі ўзначальвалі іншыя іешывы.    

Заснавальнікам рэлігійнай школы для хлопчыкаў у Міры быў аўтарытэтны знаўца Торы Шмуэль Цікцінскі. Іешыва была створана ў 1815 годзе. Шмуэль быў не толькі дасведчаным тлумачальнікам святых яўрэйскіх пісанняў, але і таленавітым прадпрымальнікам, што дапамагло яму на працягу васьмі гадоў утрымліваць школу і кіраваць ёй.

Пазней у справах кіравання іешывай Шмуэлю дапамагаў ягоны сын. Аднак у 1835 годзе бацька і сын трагічна загінулі, а іешыву ўзначаліў мясцовы рабін. Праз пяць гадоў колькасць навучэнцаў (ешыботнікаў) складала ўжо 100 чалавек. У 1850 годзе справу Шмуэля Цікцінскага ў Міры прадоўжыў ягоны ўнук Хаім-Лейб Цікцінскі – таксама вядомы знаўца Торы. Рэпутацыя і прэстыж іешывы ўзрасталі штогод. Па колькасці вучняў яна саступала толькі Валожынскай іешыве.

У канцы XIX стагоддзя кіраваць Мірскай іешывай запрасілі знакамітага рабіна Эліягу-Барух Камая. Гэта было паспяховае рашэнне, бо па сваёй значнасці школа пачала афіцыйна займаць другое месца сярод іешываў краіны. А калі савецкія ўлады зачынілі Валожынскую іешыву, стала выконваць галоўную ролю ў вывучэнні Торы на тэрыторыі Беларусі.

Прамавугольны будынак іешывы мае чатырохсхільны дах. Прамавугольныя ж вокны і фасад без асаблівага аздаблення прыдаюць будынку стрыманы і строгі выгляд.

Бадай, самыя цяжкія часы для студэнтаў Мірскай іешывы наступілі ў 1939 годзе. Яўрэі пазналі ганенні з боку савецкай ўлады. У той жа час вельмі трывожныя весткі прыходзілі з захаду. Еўропа стала на парозе II Сусветнай вайны. У сувязі з гэтым школу Торы перанеслі ў Вільню. Але і там было вельмі неспакойна. У 1940 годзе японскі пасол выдаў ешыботнікам і членам іх сямей візы, каб тыя праз Маскву і Уладзівасток дабраліся да Японіі. Такім менавіта чынам навучэнцы Мірскай іешывы апынуліся ў Шанхаі. Там яўрэйская рэлігійная школа працавала яшчэ сем гадоў.  

У пасляваенныя часы паслядоўнікі і прадаўжальнікі справы Шмуэля Цікцінскага заснавалі два філіялы іешывы з агульнай назвай “Мір”. Яны знаходзіліся ў Нью-Ёрку і Іерусаліме.

Будынак былой іешывы ў Міры штогод наведваюць тысячы турыстаў. Рэлігійная школа ў гэтым мястэчку сапраўды мела багатую гісторыю і з’яўляецца сімвалам стойкасці яўрэйскага народа  і непахіснасці яго релігійных традыцый і перакананняў.