Гасціная Уладзіслава Галубка ў Мінску.

У першай палове XX стагоддзя ў Беларусі працаваў і тварыў вялікі тэатральны дзеяч Уладзіслаў Галубок. Можа быць, у цяперашні час гэта імя мала каму што кажа, але ў Мінску ёсць месца, дзе можна бліжэй пазнаёміцца з творчасцю вялікага артыста, першага Народнага артыста БССР і кіраўніка Трэцяга беларускага дзяржаўнага тэатра, створанага ім. І не проста сустрэцца, але і акунуцца ў той складаны перадваенны час. Гэта «Гасціная Галубка» - сталая экспазіцыя філіяла Дзяржаўнага музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Рэспублікі Беларусь.

Уладзіслаў Галубок быў вядомы як шматбаковая асоба, якая цалкам прысвяціла сябе тэатру. Ён мог адначасова быць і рэжысёрам, і акцёрам, і драматургам, і адміністратарам.  І ўсё гэта рабіў натхнёна і таленавіта.

Дзіўна, але Ўладзіслаў Галубок нарадзіўся ў знамянальным 1882 годзе, калі нарадзіліся Янка Купала і Якуб Колас. Гэта, напэўна, быў лёс: таксама ўславіць Беларусь сваёй творчасцю, як і вялікія паэты.

Займацца тэатральнай дзейнасцю Уладзіславаў Галубок пачаў яшчэ ў 1906 годзе, і ўжо ў 1920 годзе ён адкрыў свой тэатр, які назваў «Трупа Галубка». Тэатр развіваўся, і ў 1932 годзе ён пераўтварыўся ў Трэці беларускі дзяржаўны тэатр. Аднак, калі ў 1937 годзе пачаліся рэпрэсіі, то Ўладзіслаў Галубок таксама быў абвінавачаны ў антысавецкай прапагандзе і ў тым жа годзе расстраляны. І толькі праз 20 гадоў, у 1958 годзе, яго цалкам рэабілітавалі.

Таму стварэнне падобнага музея адразу была амаль невыканальнай задачай. Бо пасля арышту Ўладзіслава Галубка ўсё, што было звязана з яго тэатрам, было знішчана. Таму ўся музейная экспазіцыя збіралася літаральна па крупінках.

Размясцілася «Гасціная Галубка» ў Траецкім прадмесці, па вуліцы Старавіленскай, 14.  Калі заходзіш у музей, то адразу акунаешся ў атмасферу тэатра, музыкі, жывапісу.  «Гасціная Галубка» заўсёды дапамагае прадставіць свае працы розным майстрам мастацтваў, дзеячам тэатральнай і музычнай культуры.

Пройдучы далей, мы бачым і самога Уладзіслава Галубка, які глядзіць на нас ва ўпор з вялікага партрэта, выкананага алейнай фарбай. У наступнай зале, невялікім пакоі, які і ёсць сама гасціная, каля акна стаіць стары раяль. Менавіта ў гэтай зале, поруч з раялем, збіраюцца ўвесь час розныя госці - майстры сцэны, кіно, тэлебачання. Тут праходзяць музычныя вечары, прэм'ерныя выступы студэнтаў, розныя майстар-класы. Сталі ўжо традыцыйнымі папулярныя паседжанні «Клуба ветэранаў сцэны». На сценах і ў шафах гасцінай мы ўбачым гарнітуры з тэатра Ўладзіслава Галубка, розныя дакументы, фатаздымкі, тэатральныя афішы, унікальныя гістарычныя сведчанні пра творчасць і жыццё сапраўднага народнага артыста. Гэта ўся тая нешматлікая спадчына, што засталася пасля забыцця пры савецкай уладзе.

Падчас экскурсіі можна даведацца пра шмат цікавых фактаў з творчасці Уладзіслава Галубка. Напрыклад, што яго драматургічная спадчына складае 40 п'ес, а спектакль «Ганка» пры жыцці Уладзіслава Галубка ставіўся 498 разоў!

Яшчэ адна выбітнасць «Гасцінай Галубка» - гэта батлейка - беларускі народны лялечны тэатр. І тут яна нездарма - у сваёй творчасці Ўладзіславаў Галубак заўсёды імкнуўся захаваць беларускія традыцыі лялечнага тэатра. І сёння батлейка не проста экспанат, а дзейсны тэатр. Працаўнікі музея ўвесь час паказваюць гледачам розныя пастаноўкі, і самая цікавая з усіх - гэта «Цар Ірад».

Можна сапраўды сказаць, што наведвальнікі музея з задавальненнем адкрыюць для сябе яшчэ адну старонку гісторыі тэатральнага жыцця Беларусі.