Яўрэйскія могілкі ў вёсцы Друя

Друя – невялікае паселішча ў Браслаўскім раёне Віцебскай вобласці, размешчанае на мяжы з Латвіяй. Назва аграгарадка пайшла ад ракі Друйка, на якой стаіць населены пункт. У наш час там жыве каля паўтары тысяч чалавек. Згодна з гістарычнымі звесткамі, у 1897 годзе тут жыло чатыры тысячы семсот сорак два чалавекі, больш трох тысяч з якіх – яўрэі, якія пасяліліся ў вёсцы шмат гадоў таму.

Яўрэйскія могілкі ўзніклі у Друі прыкладна ў 1542 годзе. Тут пахаваны мясцовыя жыхары і ахвяры яўрэйскага гета. Гэта адзіныя яўрэйскія могілкі ў краіне з каляровымі надпісамі на помніках, а таксама адны з самых старых у Беларусі.

Беларусь заўсёды была талерантнай да іншых рэлігій і нацыянальнасцяў краінай. Вось і з яўрэямі беларусы ўжываліся добра: хадзілі адзін да аднаго ў госці, разам пілі чай, дапамагалі адзін аднаму. Але згоду і сяброўства парушыла Вялікая Айчынная вайна – найцяжэйшы час для ўсяго Савецкага Саюза.

Кажуць, яўрэі прадчувалі трагічны вынік і часта казалі, што гэта кара за іх грахі. Так, улетку 1941 года Друя трапіла ў акупацыю, у якой знаходзілася да ліпеня 1944 года. Ужо ў 1941 годзе нацысты стварылі тут жудасную ўстанову - яўрэйскае гета – месца, у якое перасялялі яўрэяў Друі і найбліжэйшых населеных пунктаў. Войскі нацысцкай Германіі выкарысталі жыхароў гета як працоўную сілу, рабавалі іх, прымушалі насіць адзенне з адмысловымі нашыўкамі. У сакавіку 1942 года яўрэяў пераправілі да сінагогі каля ракі Друйкі і забаранілі ім выходзіць за пазначаныя межы. У чэрвені таго ж года адбылася крывавая падзея – расстрэл яўрэяў. Нацысты забілі больш за тысячу трыста чалавек, і толькі некалькім атрымалася выратавацца. Падчас расстрэлу яўрэі спрабавалі супраціўляцца і падпалілі тэрыторыю гета ў некалькіх месцах. Менавіта так знікла з зямлі знакамітая Друйская сінагога – некалі найпрыгажэйшы старадаўні будынак, пабудаваны ў 1766 годзе. Сінагога, што знаходзілася ў свой час на тэрыторыі княства Літоўскага, лічылася адной з самых велічных у акрузе. Чатырохсхільны дах, вытанчаныя фігурныя вокны – будынак цалкам адпавядаў стылю барока. Усярэдзіне храма быў велічны алтар. На жаль, ад сінагогі засталіся толькі руіны з белай цэглы. Дарэчы, паводле адной з версій храм спалілі нацысты. Па іншай думцы, яўрэі хацелі загінуць падчас пажару ў малітве, але не ад рук фашыстаў. Згодна трэцяй версіі, людзі спрабавалі выратавацца, схаваўшыся ў клубах дыму і ўцякаючы праз падземны ход, які быў у сінагозе. Але выжыць ім не атрымалася - амаль усе загінулі.

На сённяшні дзень у Друі яўрэі ўжо не жывуць. Тыя, хто застаўся ў жывых, з'ехалі ў Польшчу. Пра жыццё яўрэяў у Друі напамінаюць толькі могільнік, помнік на месцы расстрэлу, пастаўлены яўрэямі, і рэшткі сінагогі. Мясцовыя жыхары кажуць, што цырымонія адкрыцця помніка была вельмі чуллівай. Яўрэйскія могілкі таксама аднавілі выхадцы з гэтых месцаў. На сродкі яўрэяў паставілі агароджу, прыбралі тэрыторыю, давялі да ладу старадаўнія помнікі.

Яўрэйскія могілкі ў вёсцы Друі – месца, што напамінае нам пра важныя гістарычныя падзеі, што адбыліся некалі ў Беларускай ССР.