Палацава-паркавы ансамбль у Нясвіжы

На паўночна-ўсходняй ускраіне Нясвіжа ў лукавіне ракі Уша, якая тут шырока разліваецца сажалкамі, размясціўся палацава-паркавы комплекс князёў Радзівілаў. Першы драўляны замак з'явіўся ў гэтых месцах у ХVI стагоддзі і знаходзіўся на тэрыторыі сучаснага Старога парку, а ў 1583 г. побач з ім па загадзе князя Мікалая Крыштофа Радзівіла Сіроткі было пачата будаўніцтва вялікага мураванага замка. Гэта збудаванне вытрымала нямала войнаў і бітваў, у тым ліку дзве цяжкія аблогі маскоўскім войскам у сярэдзіне ХVII ст. Аднак, у сувязі з хуткім развіццём артылерыі, роля замкаў у абарончай сістэме паступова зніжалася, і ў 1706 г. падчас Паўночнай вайны яго здолеў узяць шведскі кароль Карл ХІІ. Калі Радзівілы вярнуліся ў радавое гняздо і ўбачылі разбураны шведамі замак, яны прынялі рашэнне аднаўляць яго ў якасці зручнага для пражывання палаца.

Нясвіжскі палац славіўся сваёй бібліятэкай і архівам, а таксама скарбніцай, дзе, згодна з легендай, захоўваліся аздобленыя каштоўнымі камянямі скульптуры апосталаў. Аднак наступныя ваенныя ліхалецці спустошылі яго. У вайну 1812 г. замак быў разрабаваны, большая частка яго скарбаў вывезена ў сталіцу Расійскай імперыі.

Тым не менш Нясвіжскі палац застаўся ў руках Радзівілаў і да канца ХІХ стагоддзя вярнуў сабе былую славу культурнага цэнтра на беларускіх землях. У залах палаца можна было ўбачыць бясконцыя паляўнічыя трафеі, галерэі партрэтаў князёў, карціны і габелены на сценах, рыцарскія даспехі, а ў пакоях была сабрана лепшая мэбля і гадзіннікі з усёй Еўропы. Вакол замка былі высаджаны зялёныя каралі паркаў. Садоўнікі, умела выкарыстоўваючы блакітную роўнядзь сажалак, стварылі паркавыя кампазіцыі, якія да сённяшняга дня цешаць вока турыстаў. У ходзе савецка-польскай вайны Нясвіжскі палац некалькі разоў пераходзіў з рук у рукі, пакуль Рыжскі мір не падзяліў Беларусь на дзве часткі. Дзяржаўная мяжа была пракладзена ў 10 кіламетрах на ўсход, і Нясвіж апынуўся памежным горадам ІІ Рэчы Паспалітай. Ваеннае ліхалецце практычна разарыла Радзівілаў і яны былі вымушаны развітацца са значнай часткай сваіх сямейных калекцый. У 1926-1928 гг. былі распрададзеныя шматлікія рыцарскія даспехі. Другая сусветная вайна паставіла кропку на гісторыі роду Радзівілаў у Нясвіжы. Шматвяковыя гаспадары Нясвіжскага палаца назаўжды пакінулі радавое гняздо, а пасля заканчэння вайны ў замку размясціўся санаторый. Пасля таго, як Рэспубліка Беларусь атрымала незалежнасць, было прынята рашэнне аб музеефікацыі дадзенага аб'екта. У 1993 г. быў заснаваны гісторыка-культурны музей-запаведнік "Нясвіж", а у 2001 г. апошнія адпачывальнікі пакінулі сцены санаторыя і ў Нясвіжскім палацы былі пачаты рэстаўрацыйныя работы, якія праходзілі дзесяцігоддзе. У 2012 г. Нясвіжскі палац быў урачыста адкрыты для наведвання турыстамі.

Сучаснае жыццё палацава-паркавага ансамбля

Штогод Нясвіжскі палац і самую старажытную гарадскую ратушу, якая захавалася ў Беларусі, наведваюць каля 400 тысяч турыстаў. Сёння Нясвіж адзін з папулярных маршрутаў для турызму ў нашай краіне, а архітэктурны, жылы і культурны комплекс рэзідэнцыі роду Радзівілаў у Нясвіжы ўнесены ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЭСКА.

Экскурсія па Ратушы доўжыцца 45 хвілін, а агляд экспазіцыі палаца Радзівілаў займае каля паўтары гадзіны. Таксама вопытныя гіды знаёмяць турыстаў з прыгажосцямі паркаў, фрэскамі і радзівілаўскай крыптай Касцёла Божага Цела і іншымі шматлікімі славутасцямі, размешчанымі ў межах горада.

Акрамя разнастайных экскурсійных маршрутаў музей-запаведнік прапануе наступныя паслугі: экскурсіі з элементамі тэатралізацыі, квэсты, анімацыйныя прадстаўленні, фота ў касцюме, фота ў дэкарацыях, фотасесіі ў інтэр'ерах, тэатралізаваныя цырымоніі віншаванні маладых, інтэрактыўныя і музейна-педагагічныя заняткі, лекцыі. А таксама: арэнда залаў для правядзення канферэнцый, семінараў, пасяджэнняў; катэдж, гатэль, рэстаран; дзіцячае кафэ, дзіцячы адукацыйны цэнтр; сувенірныя крамы.

Музей-запаведнік "Нясвіж" працуе:

  • у летні перыяд (з 1 мая) – з 10.00 па 19.00. Набыць квіткі для наведвання Палацавага ансамбля можна не пазней 18.00.
  • у зімовы перыяд – з 9.00 па 18.00. Набыць квіткі для наведвання Палацавага ансамбля можна не пазней 17.00
  • 31 снежня палацавы ансамбль працуе да 17.00. Білеты можна набыць у інфармацыйна-касавым цэнтры да 15.30, у касах палаца да 16.00.

Выхадныя: 1 студзеня.