Палац Пацёмкіных і Галынскіх у Крычаве

Невялікі гарадок Магілёўскай вобласці пад назвай Крычаў упершыню згадваецца ў гістарычных летапісах яшчэ ў XII стагоддзі. На працягу сваёй гісторыі ён прайшоў праз шматлікія выпрабаванні. Але лёс ягоны складаўся і з дастаткова яркіх момантаў.

Напрыклад, у свой час Крычаў валодаў магдэбургскім правам, што было вельмі прэстыжна. Адной з галоўных выдатнасцяў горада лічыцца палац Пацёмкіных і Галынскіх – архітэктурная жамчужына Магілёўшчыны. Кажуць, што калі зірнуць на архітэктурны ансамбль з верталёта, то можна пабачыць літару “Е”, якая павінна асацыіравацца з імем Кацярыны II, бо некаторы час манументальным магілёўскім комплексам валодаў Рыгор Пацёмкін – галоўны фаварыт імператрыцы (паводле чутак, ён пабраўся з ёй шлюбам).  

Пасля аднаго з падзелаў Рэчы Паспалітай крычаўскія землі адышлі да Расійскай імперыі. Каб канчаткова замацаваць манархічную ўладу на беларускай тэрыторыі, Кацярына Вялікая пачала шчодра раздаваць землі асабліва набліжаным да яе асобам. Так, Рыгор Пацёмкін зрабіўся аднаасобным уладальнікам багатых земляў Крычаўшчыны, а ў дадатак – і не адной тысячы прыгонных сялян.

Гэта быў бадай самы смачны кавалак ад вялікага пірага, які наразала імператрыца. Пацёмкін адразу стаў абжывацца на падараванай тэрыторыі, а каб замацаваць за сабой уладанне, пачаў пабудову шыкоўнага палацавага ансамблю. Будаўніцтвам займаўся архітэктар Стараў. Цікава, што аднойчы ў палацы прыпынілася на ноч сама Кацярына Вялікая, якая прыязджала наведаць свайго фаварыта.

Комплекс уражвае і зараз. Палац цалкам вытрыманы ў духу класіцызму, мае сіметрычныя бакавыя крылы, цудоўную тэрасу і вялікі парк.

Паколькі Крычаў стаіць на Сожы, Пацёмкін адразу зразумеў, што гэтыя патэнцыйна заможныя тэрыторыі можна выкарыстаць дзеля ўласнай карысці. У выніку Крычаў, дзякуючы фаварыту Кацярыны, ператварыўся з маленькага беларускага мястэчка ў развіты горад.

Адзначым, што Пацёмкін валодаў палацам нядоўга. Праз нейкі час яго набыў Ян Галынскі. У сярэдзіне XIX стагоддзя ягоны ўнук перарабіў будынак на свой густ. Кіраваў перабудовай архітэктар Бернар Сімон.

Да нашых дзён дайшло падрабязнае апісанне (пачатак XX стагоддзя) палацавага інтэр’еру. На верх палацу вялі лесвіцы, зробленыя з дубу, а сцены ўпрыгожвала калекцыя зброі. Палац налічваў больш за семдзесят пакояў, была там і вялікая бібліятэка. Мелася таксама шмат арыгінальных партрэтаў Галынскіх і манархічных асобаў. Гэты сам па сабе раскошны палац стаяў у акружэнні пышнага парку, які па плошчы складаў дзясяткі гектараў. Асаблівае месца ў ім займалі ліпавыя прысады.    

У савецкі перыяд палац выкарыстоўвалі па-рознаму. Нейкі час там размяшчалася мясцовая гімназія, потым – інтэрнат. Даволі працяглы час комплекс наогул пуставаў і знаходзіўся ў занядбаным стане. Толькі ў 1990-я гады яго вярнулі да жыцця і адрэстаўравалі. Сродкі на аднаўленне комплексу былі выдзелены з дзяржаўнага бюджэту.

Палац Пацёмкіных і Галынскіх у Крычаве па праву лічыцца нацыянальным культурным здабыткам. Гэта цяпер сапраўдная гарадская славутасць, у сценах якой знаходзяцца мясцовы музей і ЗАГС.