Бабруйская крэпасць

Бабруйская крэпасць лічыцца адной з самых аснашчаных і надзейных цытадэляў, якія ў розныя часы будаваліся ў Расійскай імперыі.

На працягу свёй насычанай гісторыі бабруйская крэпасць зазнала нямала штурмаў, аблогаў і бед, пачынаючы з нашэсця Напалеона Банапарта і заканчваючы нямецка-фашысцкімі захопнікамі, якія ператварылі старажытную фартыфікацыю ў канцэнтрацыйны лагер смерці, дзе спалілі зажыва тысячы бязвінных людзей. Надзейныя сцены бабруйскай крэпасці і дагэтуль пакрыты шырокім слоем сажы і попелу – як памяць пра тыя страшныя і крывавыя для беларускай гісторыі часы.

Мае бабруская крэпасць дачыненне і да паўстання дзекабрыстаў. Цяпер напаўзабытая фартыфікацыя ў Бабруйску па праву папаўняе спіс архітэктурных помнікаў Беларусі і збірае турыстаў, якія атрымліваюць асалоду ад яе былой велічы.

Гэтае абароннае збудаванне пачалі ўзводзіць на беларускай зямлі ў 1810 годзе. Пабудову крэпасці ўхваліў сам расійскі імператар Аляксандр I. Крэпасць займала вялікую тэрыторыю – больш за сто гектараў. А яе ўзвядзенне легла на плечы простых сялян і салдат. Менавіта яны ажыццяўлялі гэты грандыёзны абарончы праект, які павінен быў не саступаць найлепшым прыкладам еўрапейскага ваеннага будаўніцтва.

Сама цытадэль знаходзілася ў акружэнні валоў і равоў, якія запаўняліся вадой з мясцовых рэчак. У сценах фартыфікацыі размяшчаліся запасы харчавання і боепрыпасаў. І ўжо неўзабаве беларускую цытадэль праверыла на моц і трываласць амбіцыёзная і шматлікая французская армія Напалеона Банапарта. Крэпасць, якую абаранялі рускія салдаты, не здавалася доўгія месяцы.

Цікава, што пасля вайны з Напалеонам будаўніцтва крэпасці прадоўжылася. Крэпасныя збудаванні дапоўнілі арыгінальныя будынкі, вытрыманыя ў стылі класіцызму. Крэпасць успрымалася як паўнавартасны абаронны аб’ект з усім неабходным для жыццядзейнасці абаронцаў – цудоўнымі будынкамі, брукаванымі вулачкамі, утульным скверам і нават асвячоным саборам. Простыя гараджане збіраліся сюды на кірмашы і ваенныя парады.   

Менавіта ў Бабруйскай крэпасці ў свой час служылі некаторыя дзекабрысты. Вядома, што менавіта ў сценах бабруйскага ўмацавання быў распрацаваны падрабязны план звяржэння расійскага самадзержца. Як вядома, план гэты ў далейшым пацярпеў фіяска. Цікава таксама, што пасля паўстання дзекабрысты зноў вярнуліся ў бабруйскую крэпасць, але на гэты раз у якасці зняволеных – каб адбываць турэмныя тэрміны.   

Падчас Другой Сусветнай вайны ў крэпасці дзейнічаў фашысцкі канцлагер. Яго ахвярамі сталі дзясяткі тысяч бязвінных грамадзян. У пасляваенныя часы ў крэпасці размяшчаліся складскія памяшканні. Многія пабудовы гістарычнай цытадэлі былі зруйнаваны.

Сёння вядзецца актыўная рэканструкцыя бабруйскай легенды: праводзяцца археалагічныя раскопкі, здымаюцца гістарычныя фільмы, ладзяцца шматлікія экскурсіі. У нашы часы на тэрыторыі крэпасці адкрылася грандыёзная і сучасная «Бабруйск-Арэна», якая сваімі памерамі і ўмяшчальнсцю можа даць фору некаторым сталічным палацам.

Бабруйская крэпасць – сапраўдная гарадская легенда. Штогод яе наведваюць тысячы турыстаў і турыстычных груп з Беларусі і замежных краін.