Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны

Музей упершыню быў адкрыты для наведвальнікаў 22 кастрычніка 1944 г., калі яшчэ працягвалася вайна. Народжаны ў агні вайны, сярод руін, ён стаў першым музеем гісторыі мінулай вайны і сёння з’яўляецца найбуйнейшым нацыянальным сховішчам матэрыяльных і духоўных помнікаў ваеннай гісторыі 1941-1945 гг.

Новы будынак музея размяшчаецца паўколам на ўзвышшы каля абеліска «Мінск – горад-герой». Цэнтральны фасад будынка выкананы ў выглядзе сімвалічнага салюта Перамогі, на промнях якога прадстаўлены барэльефы з дзесяццю знакавымі падзеямі часоў вайны – ад абароны Брэсцкай крэпасці да ўзняцця сцяга Перамогі над Рэйхстагам.

У мастацкім афармленні экспазіцыі шырока выкарыстаны рэканструкцыі, галоўная задача якіх – выклікаць у наведвальніка глыбокае адчуванне тагачасных гістарычных рэалій. Экспазіцыя абсталявана разнастайнымі аўдыё- і відэасродкамі для дэманстрацыі галасоў, шумаў, музыкі, відэаматэрыялаў, выяў сапраўдных дакументаў і даведачных матэрыялаў.

Плошча экспазіцыйных залаў складае 4200 кв.м, дзе прадстаўлена больш за 8 тысяч музейных прадметаў, навукова-дапаможных і экспазіцыйных матэрыялаў.

Фонды музея складаюцца з 30 калекцый і налічваюць больш за 150 тысяч адзінак захоўвання: гэта ўзнагароды, фатаграфіі, дакументы, лісты, асабістыя рэчы і зброя ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны – франтавікоў, партызанаў, падпольшчыкаў. Дзве музейныя калекцыі «Рукапісныя часопісы» і «Самаробная зброя» маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці катэгорыі «1».

З’яўляецца адным з найбольш наведваемых музеяў у Беларусі.

Наведвальнікам прапануюцца аўдыёгіды на мовах: руская, беларуская, нямецкая, іспанская, кітайская.