Арка мемарыяльная ў Магілёве

Адзін са старэйшых беларускіх гарадоў Магілёў быў заснаваны ў канцы XIII стагоддзя. Менавіта ў гэты час пачалося маштабнае будаўніцтва Магілёўскага замка. Горад мае доўгую і насычаную падзеямі гісторыю.

Магілёў уваходзіў у склад магутных дзяржаў, пачынаючы з Вялікага Княства Літоўскага і заканчваючы Рэччу Паспалітай. Пасля аднаго з падзелаў Рэчы Паспалітай ён стаў горадам Расійскай імперыі. Магілёў лічыўся вельмі спрыяльным месцам для вырашэння задач дзяржаўнага маштабу, таму вядомыя гістарычныя асобы марылі не толькі заваяваць гэты горад на Дняпры, але і проста наведаць яго. Сапраўды, у Магілёў прыязджалі многія выдатныя дзеячы і гістарычныя персоны, якія зрабілі значны ўплыў на ход сусветнай гісторыі.

Так адбылося, што пабудова Мемарыяльнай аркі ў Магілёве цесна звязана з наведваннем гэтага горада Кацярынай Вялікай. Зараз мемарыяльная арка – цікавы гістарычны аб’ект, які ўваходзіць у спіс беларускіх культурных каштоўнасцяў. Дакладна вядома, што напярэдадні аднаго з падзелаў Рэчы Паспалітай расійская імператрыца Кацярына II прыехала ў Магілёў, каб сустрэцца тут з аўстрыйскім імператарам Іосіфам і абмеркаваць з ім далейшы лёс Польскай дзяржавы. У гонар Кацярыны і ўзвялі ў Магілёве велічную і дзівосную арку. Менавіта праз гэтую браму расійская імператрыца і трапіла ў горад. Спраектаваў арку вядомы архітэктар Стасаў.

Безумоўна, сустрэча ў Магілёве вялікіх самадзержцаў і саюзнікаў была гістарычнай. Таму гарадскія ўлады імкнуліся прыемна здзівіць імператрыцу і пахваліцца перад ёй. Гэта атрымалася: знаходжанне Кацярыны ў горадзе было абстаўлена з максімальнай урачыстасцю. Паказальна, што ў гонар гэтай гістарычнай сустрэчы недалёка ад аркі быў нават закладзены новы храм – сабор Святога Іосіфа. Зразумела, што ўзвялі яго ў знак павагі да аўстрыйскага імператара. Адзначым, што гэты храм быў разбураны толькі ў савецкія часы, як, дарэчы, і многія іншыя каталіцкія і праваслаўныя храмы. 

Ужо пасля Другой сусветнай вайны савецкія ўлады вырашылі адрэстаўраваць калісьці такую цудоўную браму. Прычым кіраваліся яны не толькі ўласным густам, але, мусіць, і «кодэксам будаўнікоў камунізму». Бо на мануменце з’явіліся скульптурныя рэльефы Сталіна і Леніна, а таксама эмблема Савецкага Саюза. Пазней іх задрапіравалі масіўнай выявай сярпа і молата. Уезд у браму, праз які Кацярына трапіла ў горад, быў замураваны, а на арачнай плоскасці размясцілі памятныя дошкі, на якіх значыліся імёны савецкіх воінаў – удзельнікаў вызвалення Магілёва ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. 

На працягу сваёй гісторыі арка змяняла не толькі свой знешні выгляд, але і свае найменні. Цікава, што яна насіла нават назву «Трыўмфальная арка», так што ў Магілёве можна было сябе адчуваць, як у Парыжы. 

Мемарыяльная арка ў Магілёве няхай і ў змененым выглядзе, але дайшла да сённяшніх дзён. Гэты помнік архітэктуры мінулых гадоў сапраўды ўражвае сваёй прыгажосцю.