07.06.2017

Турыстычны гід па Беларусі VETLIVA прадстаўляе Вашай увазе цыкл артыкулаў "Вакол Беларусі за 7 дзён", з якіх Вы даведаецеся пра цікавыя месцы нашай краіны. З гэтай мэтай наша каманда адправілася ў займальнае падарожжа.

Мы вырашылі, што сямі дзён будзе досыць, каб праехаць па контуры Беларусі на машыне. Першымі пунктамі маршруту сталі: Гомель, Чачэрск, Магілёў, Віцебск, Полацак, Браслаў, Гродна, Брэст, Мазыр, Гомель. Усяго мы праехалі 2360 кіламетраў і патрацілі 170 літраў дызельнага паліва. 

 Спадарожжа па Беларусi

Першы дзень

Наша падарожжа бярэ пачатак у Гомельскай вобласці і заканчваецца абласным цэнтрам - горадам Гомелем. Ад паездкі мы чакалі яркіх эмоцый і прыгожых фатаграфій, новых знаёмстваў і прыгод. Забягаючы наперад, скажам, што гэтае падарожжа пераўзышло ўсе чаканні! Дадому мы прывезлі 300 гігабайт фота- і відэаматэрыялаў, таму нам не цярпіцца падзяліцца з вамі нашымі ўражаннямі.

Ну што, пачнём? Нагадаем, што адпраўной кропкай стала Гомельская вобласць, дакладней, горад Чачэрск, які знаходзіцца ў 60 км ад Гомеля. Спачатку надвор'е не цешыла: было халаднавата, ішоў дождж, аднак усё гэта нам не перашкодзіла атрымаць зарад станоўчых эмоцый. Першай выбітнасцю на нашым маршруце стала чачэрская  Ратуша. Яна размешчана ў канцы галоўнай вуліцы, аднак яе добра відаць з любой адлегласці.

Ратуша

Ратуша, размешчаная ў Чачэрску - выдатна захаваны помнік класіцызму, пабудаваны ў другой палове XVIII стагоддзі. Строгасць формаў, сіметрыя і цэнтрычнасць кампазіцыі будынка з'яўляюцца тыповымі рысамі гэтага архітэктурнага стылю. У 1974 гозе Ратуша пацярпела ад пажару і больш трыццаці гадоў была на рэканструкцыі. Цяпер у будынку размяшчаецца гісторыка-этнаграфічны музей, а на апошнім паверсе знаходзіцца назіральная пляцоўка, з якой Чачэрск відаць, як на далоні.

Каля Ратушы размешчана цэнтральная плошча горада, адміністрацыйныя будынкі і тыповы для цэнтра большасці гарадоў помнік Леніну. У цэлым, Чачэрск горад даволі кампактны, усе яго выбітнасці знаходзяцца ў крокавай даступнасці. Недалёка ад Ратушы знаходзіцца стары самалёт. Крыху далей - Спаса-Праабражэнская царква, якая цікавая тым, што яе форма круглая і стаіць яна на коле. Гэта вельмі нас здзівіла, таму штомы ніколі такога яшчэ не бачылі.

Царква

Царква дзіўнай формы была пабудавана ў 1783 годзе па ініцыятыве графа З. Г. Чарнышова. Праз сто гадоў будынак струхлеў, у ім практычна не праводзіліся службы. Царква была адрэстаўравана ў пачатку 2000-х гадоў і з'яўляецца дзейснай і дагэтуль.

Мы пабывалі ўнутры храма (тут, дарэчы, размяшчаецца старажытны абраз "Сашэсце ў пекла", датаваны 1678 годам). Аднак і акрамя яго тут ёсць вялікая колькасць старых абразаў, на якіх ужо амаль нічога не відаць. Хоць храм размешчаны ў ажыўленым месцы горада,на аўтамабільным коле, калі ўваходзіш унутр, пра гэта забываеш: усё нібы замірае, вакол становіцца цішэй.

царква

Далей наш шлях вёў у Магілёўскую вобласць, дакладней, у вёску Грудзінаўка,  дзе знаходзіцца сядзіба Талстых, цяпер закінутая і зачыненая, аднак, як высветлілася пасля, амаль зачыненая. Пакуль мы ехалі, сустрэлі мноства рыбакоў. На гэтых землях размяшчаецца завод па перапрацоўцы торфу, і адзін з кар'ераў быў затоплены, таму цяпер тут могуць лавіць рыбу ўсе жадаючыя. Мы падышлі да іх, каб паглядзець, што тут можна злавіць. У вядры плёскаліся тры карасі памерам крыху больш за мужчынскую далонь. Рыбіны звычайнага памеру, як патлумачыў нам мясцовы рыбак Васіль. Ён ужо не першы год тут вудзіць рыбу, акрамя таго, у гэтыя маляўнічыя месцы часта прыязджаюць парыбачыць і замежнікі. Добра, што месца хопіць усім.

Садзiба Талстых

Сядзібу Талстых знайсці нескладана: правільныя каардынаты знаходзяцца на сайце VETLIVA. Пад’язджаючы да сядзібы, Вы заўважыце вялікае возера, за ім - шырокі парк і вароты. Вы сапраўды зразумееце, што гэта яна, хоць і няма тут ніякіх паказальнікаў. У парку растуць розныя дрэвы, але асабліва дзівяць вялікія дубы. 

Насупраць сядзібы размешчаны закінуты фантан, які калісьці быў поўны вады. Цяпер там толькі гнілая лістота...

Сам будынак сядзібы забіты дошкамі, хоць не так даўно туды можна было лёгка ўвайсці. Мы змаглі знайсці адно адкрытае акно ззаду будынка і вырашылі паглядзець, што ж унутры. Не так даўно будынак сядзібы выкарыстоўваўся ў якасці ці то  дзіцячага саду, ці то піянерскага лагера: мы разгледзелі малюнкі чырвоных сцягоў і Леніна, там жа мы ўбачылі сцэну з дрэва. На цокальным паверсе размяшчаюцца душавыя і туалеты, на першым паверсе - нейкія агульныя памяшканні, а на трэцім - жылыя пакоі. Тут было значна святлей, чым на першых двух паверхах. 

Садзiба

Падключыўшы фантазію, можна сабе ўявіць, як калісьці тут гулялі дамы ў пышных сукенках, а хтосьці накіраоўваўся ў бок возера, каб пакатацца на лодцы. Пахадзіўшы трохі па парку і сфатаграфаваўшы дубы, мы вырашылі, што трэба ехаць далей.

дубы

Дубы

Мы рухаліся ў бок Магілёва, зрэдку спыняючыся па дарозе, каб зрабіць прыгожае фота. Падарожнічаючы праз розныя населеныя пункты, можна заўважыць рознакаляровыя хаткі ці лясныя ручаі.  Ландшафт Магілёўскай вобласці ўсё яшчэ раўнінны, аднак ужо пачынаюць сустракацца невялікія ўзвышэнні.

Прырода

У самім Магілёве мы жадалі паглядзець адразу некалькі цікавых месцаў: магілёўскую Ратушу, Драматычны тэатр, Буйніцкае поле і Заасад, а таксама Пешаходную вуліцу. Акрамя таго, менавіта ў гэтым абласным цэнтры мы вырашылі пераначаваць, каб не стамляцца падчас падарожжа. Дарэчы, невялікі лайфхак, які дапаможа зрабіць Ваша падарожжа больш прыемным. Свой маршрут лепш будаваць, пераадольваючы кожны дзень не больш за 300 км. Так і паглядзець можна шмат, і моцна не стамляешся за рулём.

Усе выбітнасці Магілёва знаходзяцца ў крокавай даступнасці адзін ад аднаго. Так, аглядная пляцоўка і ратуша знаходзяцца ў адным і тым жа месцы, што дазваляе значна зэканоміць час. Недалёка ад агляднай пляцоўкі знаходзіцца і падземны пераход, у якім прадстаўлена ўся гісторыя Магілёва ў старых фатаграфіях. У Магілёве мы былі не ўпершыню, але і цяпер ён нас не расчараваў.

Свой шлях па горадзе мы пачалі з пешаходнай вуліцы. На ёй размяшчаецца некалькі вядомых выбітнасцяў. Першым гасцей горада сустракае Астролаг. Вакол помніка стаяць 12 крэслаў, якія сімвалізуюць знакі задыяку. Існуе традыцыя: знаходзіш свой і фатаграфуешся побач з ім. Увечары з падзорной трубы Астролага ў неба б'е яркі прамень пражэктара. Кажуць, што яго відаць нават з космасу! Хай нават і тых, хто яго бачыў, можна па пальцах пералічыць. Напэўна, магілёўцы проста самі жадаюць верыць у такую выключнасць сваёй выбітнасці. 

Тэатр

Першае, што сустракаеш пасля шпацыру па пешаходнай вуліцы - гэты вялікі чырвоны будынак. Падыходзіш бліжэй і заўважаеш афішы, і тады становіцца зразумела, што гэта драматычны тэатр. Забягаючы наперад, скажам, што Гомельскі і Віцебскі тэатры - гэта будынкі з калонамі вышынёй у 5 паверхаў і вялікім уваходам. Яны збудаваны не з чырвонай цэглы і не маюць такіх выгнутых дахаў. 

Злева ад тэатра схаваўся касцёл, акружаны пяціпавярхоўкамі: падобнае суседства сустракаецца рэдка. Прайшлі яшчэ 5 хвілін  - і наша каманда апынулася ў беласнежнай вежы. Гэта быў прыгожы будынак часоў Магдэбургскага права, гарадскі орган самакіравання - Магілёўская Ратуша.

Ратуша

Гэта ўжо другая Ратуша, якую мы сустракаем на нашым шляху. На ёй размяшчаецца гадзіннік, які мае адну асаблівасць: у вызначаны час тут з'яўляецца механічная фігурка трубача, які дудзіць у трубу. Расклад яго з'яўленняў знаходзіцца пад вежай. У нашым выпадку гэта адбылося ў 20:42.  На плошчы ў гэты будні дзень мы былі адны, таму нам здавалася, што ён грае толькі для нас. Мелодыя вельмі прыемная і разносіцца па ўсёй акрузе.

Магілёўская Ратуша - старадаўні будынак, які з'явіўся ў горадзе яшчэ ў 1681 годзе. З тых часоў яна неаднаразова руйнавалася і перабудоўвалася, і ў 1957 годзе была знесена канчаткова. З 1992 па 2007 гады вяліся будаўнічыя працы, і ў 2008 году абноўлены будынак Ратушы зноў упрыгожыў вуліцы горада.

Ратуша стаіць на вялікай агляднай пляцоўцы, з якой адкрываецца выдатная панарама на горад і яго інфраструктуру. Цікава глядзець, як унізе кіпіць жыццё,  не спыняецца рух транспарта, усё кудысьці спяшаюцца, а наверсе ты слухаеш гукі трубы і час для цябе спыняецца. 

Магилёy

Ужо цямнее, таму вывучэнне наваколляў Магілёва мы вырашылі перанесці на заўтрашні дзень і пачаць з Буйніч і іх наваколляў. Гэта ўжо будзе іншы дзень і іншая гісторыя. Заўтра нас чакае паездка ў Віцебск - у самы паўночны край Беларусі.

У наступным артыкуле Вас чакае рэпартаж з памежнай зоны, глухой вёскі і снегапад, а таксама пад’ём на сёмае неба.

Вярнуцца да спісу