20.07.2017
Турыстычны гід па Беларусі VETLIVA працягвае цыкл артыкулаў "Вакол Беларусі за 7 дзён". Мы адправілі групу нашых супрацоўнікаў у экспедыцыю па Беларусі.
Пасля прыгод у вёсках Ідолта і Друя, да заходу мы прыехалі ў Браслаў. Пасяліліся мы ў дзяржаўнай гасцініцы Заезны Двор з выдатным відам з акна, прама на возера. Надвор'е хутка змянялася, то ярка свяціла сонца, то хмурыліся дажджавыя хмары, таму тут атрымаліся вельмі добрыя здымкі. Дарэчы, у будынку гасцініцы знаходзіцца музей традыцыйнай культуры, дзе можна купіць сувеніры.
Хутка перакусіўшы ў мясцовым буфеце з назвай "Азёрны" за 4 рублі на чалавека, мы ўзялі фотаапараты і пайшлі здымаць акаляючую нас прыгажосць.
На беразе мы сустрэлі мясцовага жыхара, які якраз рыхтаваў сваю лодку да новага сезону. Яе трэба было высушыць, а потым прасмаліць. Мы дапамаглі яму выцягнуць лодку з вады і перавярнулі яе, паклаўшы на сонца. Як сказаў рыбак, цяпер рыбнай лоўляй ніхто не займаецца, паколькі паездкі на лодках забаронены з-за нерасту рыбы. Тут можна злавіць сома, шчупака, ментуза, рапушку, акрамя таго, водзяцца ракі і бяззубкі. Мы яму пазайздросцілі белай зайздрасцю, бо ён жыве зусім побач з возерам і кожны дзень бачыць такую прыгажосць. З возера дзьме свежы вецер, і ты яшчэ больш адчуваеш непаўторную атмасферу гэтага месца.
Калі вы шукаеце, дзе парыбачыць ці адпачыць сярод гэтай прыгажосці, прапануем Вам азнаёміцца з падборкай месцаў, дзе гэта можна зрабіць. Раён багаты на базы адпачынку і аграсядзібы на любы густ і кашалёк.
Раніцай нам ужо трэба было адпраўляцца ў Гродна і, паколькі дарога нас чакала няблізкая, мы вырашылі выехаць завідна і ўсталі ў 8 раніцы. Першай на прыкмеце была гара Маяк, размешчаная ў пары кіламетраў ад Браслава.
Гара Маяк на Браслаўскіх азёрах - лепшае месца, дзякуючы якому можна атрымліваць асалоду ад выдатных панарам беларускіх ландшафтаў. Перад уздымам на гару вісіць невялікая таблічка з вычарпальнай інфармацыяй пра папулярную кропку. Гара Маяк на Браслаўскіх азёрах уваходзіць у маштабны комплекс камовых узгоркаў, дзе кожны з іх мае ўласную мудрагелістую назву, пачынаючы з Лысай гары і заканчваючы Дзедавай печчу. Безліч узгоркаў аб'яднана ў Кезікаўскія горы, а назву ім дала размешчаная па суседстве вёсачка. Маяк у гэтым горным багацці - самы вялікі па памерах узгорак.
Адгэтуль адкрываецца выдатная панарама. Калі прыехаць сюды не ў турыстычны сезон, то вам пашчасціць застацца тут сам-насам з сабой, што яшчэ больш набліжае вас да акаляючай прыроды. Дарэчы, не забудзьцеся ўзяць з сабой пашпарт: гэта месца знаходзіцца ў памежнай зоне, і памежнікі пры пад'ездзе да гары могуць Вас папрасіць іх прад’явіць.
А гэтая выява ўсім знаёмая дзякуючы падручніку гісторыі Беларусі. Увогуле, куды не зірні, усюды можна зрабіць удалы здымак. Непадалёк ад гэтага месца знаходзіцца зачараваная крыніца. Прызнаёмся сумленна: мы блукалі вакол хвілін 30, але так і не змаглі знайсці яе. Калі ў вас атрымаецца знайсці гэтую крынічку - дашліце нам фота, калі ласка. Завецца яна Крыніца Акменіца, і пра яе вядома шмат міфічных гісторый, да якіх зараз дадалася і наша.
Удосталь налюбаваўшыся краявідамі, мы паехалі далей. Наперадзе нас чакалі 500 кіламетраў дарогі і яшчэ больш цікавых месцаў.
Да прыезду ў Гродна мы запланавалі наведванне яшчэ некалькіх выбітнасцяў, якія мы рэкамендуем абавязкова паглядзець і Вам: возера Нарач і царква Ражаства Багародзіцы ў вёсцы Мураванка.
Па дарозе да першай кропкі мы сустрэлі нямала цікавых храмаў у маленькіх вёсачках. Часам здаецца, што ў такім месцы, дзе ўсяго дзве вуліцы, немагчыма ўбачыць штосьці цікавае. Аднак раптам над дахамі хат паказваюцца спічакі, і ты разумееш, наколькі быў няправы.
Касцёл Ражаства Панны Марыі ў вёсцы Відзы
Гарадскі пасёлак Відзы вядомы ўсім, хто захапляецца архітэктурнай і культурнай спадчынай нашай краіны. Бо менавіта тут знаходзіцца адзін з самых высокіх, калі быць дакладней, другі па вышыні ў Беларусі касцёл. Яго вышыня (разам са спічакамі) складае 59 метраў, у той час, як касцёл, які трымае пальму першынства самага высокага, знаходзіцца ў Гервятах і яго вышыня ўсяго на пару метраў вышэй з улікам крыжа на спічаку - 61 метр.
Спідометр машыны паказаў, што мы праехалі ўжо каля 200 кіламетраў. На гарызонце з'явілася яно - возера Нарач.
У параўнанні з Браслаўскімі азёрамі Нарач, вядома, ужо не стварае ўражання некранутага кутка прыроды - тут развіта інфраструктура і ўсё падпарадкавана турыстычным патрэбам. Поруч азёр стаяць санаторыі і гасцініцы, арганізаваны асфальтаваныя дарожкі і зоны адпачынку, і, нягледзячы на тое, што турыстычны сезон яшчэ не пачаўся, вельмі шмат людзей.
Цалкам магчыма, нам так здалося таму, што мы заехалі з боку курортнага мястэчка Нарач.
Тут жа, прама на набярэжнай, мужчына прадае вэнджаную рыбу і вугроў, а таксама супчыкі і сала. Мы вырашылі сагрэцца, пачаставаўшыся юхай, і паехалі далей, бо да Гродна было яшчэ далёка.
На календары было 12 мая, а на вуліцы ляжаў пласт снега ў 7 сантыметраў таўшчынёй. Уключыўшы радыё, мы даведаліся, што ён выпаў сёння ўначы. Вельмі незвычайнае гледзішча! Свеціць сонца і ляжыць тоўсты пласт снега на дахах хат.
Праязджаючы міма аднаго з гарадоў, я заўважыў вялікія трубы, якія ўзвышаліся над верхавінамі дрэў. Як высвялілася, менавіта тут і ідзе будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў Астраўцы. Мы вырашылі зазірнуць туды, бо зусім хутка гэтае месца стане вялікай выбітнасцю.
Дарэчы, вось вам невялікая падказка: каб не змарнаваць 2 лішнія гадзіны на аб'езд Белавежскай пушчы, уважліва прасачыце за тым маршрутам, які пракладае навігатар. Ён падумаў, што праехаць праз забароненую зону Белавежскай пушчы - гэта добрае рашэнне, а таксама вырашыў, што ў нас ёсць пропускі ў гэту зону. Увогуле, глядзіце, каб у вашым маршруце не было дарогі P146, а то прыйдзецца аб'язджаць, як мы.
Паблукаўшы трохі непадалёку ад мяжы з Літвой, мы ўсё ж такі знайшлі патрэбную дарогу і паехалі далей.
Яшчэ адной кропкай у нашым маршруце стала вёска Мураванка, дзе знаходзіцца царква з вельмі незвычайнай архітэктурай.
Гэта старадаўняя цэркаўка - адзін з выдатна захаваных храмаў абарончага дойлідства. У Беларусі, на жаль, такіх храмаў практычна не засталося. Аднак, нягледзячы на гэта, храму каля 500 гадоў, ён знаходзіцца ў выдатным стане і з'яўляецца адным з галоўных архітэктурных манументаў XVI стагоддзя, а таксама важнай выбітнасцю Рэспублікі Беларусь.
Да Гродна заставалася каля сотні кіламетраў, і там нас будуць чакаць новыя выбітнасці. Але пра гэта Вы даведаецеся ў нашым наступным артыкуле.
З нашым маршрутам можна азнаёміцца вось на гэтай карце.
1
2...
489