26.04.2017

У гонар 950-годдзя Мінска будзе ўсталявана новая скульптура ў выглядзе кола. Такая форма помніка абрана невыпадкова: кола - адзін з найстаражытных славянскіх знакаў, які ўвасабляе ў сабе сонца, кола жыцця, цыклічнасць нашага быцця. Акрамя таго, кола з'яўлялася абавязковым атрыбутам сялянскай гаспадаркі і выкарыстоўвалася на святы Купалля і Каляд.

Эскіз ужо зацверджаны, да ўвасаблення яго ў жыццё далучылася прадпрыемства "Мінская спадчына", а скульптарам стане лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Фінскі. Кампазіцыя дыяметрам каля трох метраў будзе адліта з бронзы. Яе ўсталююць на гранітным валуне, а на стужцы з беларускім арнаментам, якая дапоўніць скульптурную кампазіцыю, будзе змешчаны надпіс "Беларусам свету".

Скульптура будзе прысвечана ўсім беларусам, якія воляй жыцця і лёсу жывуць у розных кутках нашай планеты. І калі ідэя і форма будучага помніка былі зацверджаны аднагалосна, то з размяшчэннем пытанне вырашылася толькі нядаўна. Спачатку планавалася ўсталяваць скульптуру ў Лошыцкім парку, аднак, улічваючы яе значнасць, было вырашана, што памятны знак павінен знаходзіцца ў цэнтры. Таму скульптуру ўсталююць на набярэжнай Свіслачы, непадалёку ад Траецкага прадмесця.

Вярнуцца да спісу