02.07.2021 Мінск
Унутраны турызм зараз асабліва папулярны. Тым больш, што надвор'е ў Беларусі цяпер не горшае за паўднёвыя краіны.
У Беларусі мноства цікавых месцаў і ўтульных санаторыяў, дзе можна парэлаксіраваць і паправіць здароўе. Мы абралі для вас ТОП-3 самых папулярных месцаў краіны, што ідэальна падыходзяць для адпачынку з сям'ёй.
Мабыць, пра «Наносы» чуў кожны. Комплекс «Наносы Адпачынак» — вёска XIX стагоддзя, пабудаваная на паўвостраве і акружаная хваёвым лесам. Тут прапануюць этнічны адпачынак: турысты засяляюцца ў камфартабельныя вясковыя хаткі, у кожнай з якіх ёсць лазня. Усе хароствы сельскага жыцця: чысцюткая вадзіца са студні, спеў пеўняў на досвітку і традыцыйная беларуская кухня прыкладаюцца.
Апроч звычайных забавак: прагулак па лесе, рыбалкі і арэнды яхты, у «Наносах» прапануюць розныя мерапрыемствы і экскурсіі, якія абавязкова спадабаюцца і вам, і вашым дзецям.
Бурнае захапленне ў дзяцей і дарослых выклікае казачнае коннае шоў. Не меней займальна наведаць дзейсны вадзяны млын. Прычым можна не толькі паназіраць за яго працай, але і паўдзельнічаць у падрыхтоўцы хлеба пад чулым кіраўніцтвам майстра. Госці ў адзін голас сцвярджаюць, што больш смачнага хлеба ў жыцці не елі, і забіраюць дахаты па некалькі боханаў духмянага, свежага.
Ёсць у комплексе і вятрак. Ён у адрозненне ад вадзянога млына не працуе, затое від, які адкрываецца з яго назіральнай пляцоўкі, падорыць масу ўражанняў. У самым млыне арганізаваны музей самагонкі.
І гэта яшчэ не ўсё. Да вашых паслуг музеі грошай, рэтра-аўтамабіляў і самавараў, заняткі верхавой яздой, дзіцячая пляцоўка. Бацькам у дапамогу арганізаваны паслугі няні.
Колькі каштуе пражыванне:
Арэнда абшчыннай хаты на 4 чалавекі з трохразовым харчаваннем абыйдзецца ў 560 BYN у суткі.
Арэнда мяшчанскай хаты на 6 чалавек з трохразовым харчаннем выйдзе 1065 BYN за суткі.
Дабрацца да «Наносаў» можна як самастойна, так і з дапамогай трансферу.
«Дукорскі маёнтак» — гэта не толькі перавернутая хата, хоць яна, вядома, прыцягвае мноства турыстаў. У Дукоры вы зможаце даведацца больш пра працу рамеснікаў. Мабыць, больш, чым тут, іх у адным месцы вам не знайсці — ткачы, ганчары, кавалі, майстры па вырабе свечак і вінакуры — усё да вашых паслуг. Майстры раскажуць пра тонкасці прафесіі, пакажуць, як ствараюцца шэдэўры, і адкажуць на вашы пытанні.
Аматары актыўнага адпачынку таксама не будуць расчараваны — для іх у «Дукорскім маёнтку» арганізаваны прагулкі на канях і брычцы, мінігольф і пэйнтбольная пляцоўка. Дзяцей напэўна зацікавіць паляна казак, вяровачны гарадок, цір і заасад.
Знатакі рамантыкі могуць зняць лодку і бунгала, а гурманы станоўча ацэняць дэгустацыйную залу і шынок. Расце тут і дуб жаданняў. Кажуць, калі абняць яго і загадаць жаданне, яно абавязкова спраўдзіцца — прыязджайце спрабаваць!
У «Дукорскі маентак» можна адправіцца на экскурсію ці пажыць тут некаторы час.
Кошт:
Пражыванне: гасцявыя хаткі на кампанію да 6 чалавек абыйдуцца ў 180 BYN у суткі, да 12 чалавек — у 320 BYN.
Харчаванне неабходна заказваць і аплачваць асобна.
Прыроду Беларусі нездарма на розныя лады ўсхвалялі творчыя людзі. Іскрыстыя азёры, вабныя зялёныя астраўкі і бязмежныя лясныя масівы пад чыстым блакітным небам — не паэзія, а рэальнасць! База адпачынку «Дрывяты» размясцілася на адным з самых прыгожых азёр Нацыянальнага парку «Браслаўскія азёры». Прыгажосць гэтых месцаў зачароўвае!
Вас чакаюць рэлакс каля возера, экскурсія ў Браслаў і вёску Іказнь, дзе размешчаны старадаўнія праваслаўныя і каталіцкія храмы.
А можна адправіцца на водную прагулку па сістэме Браслаўскіх азёр Снуда і Струста. З апошнім, дарэчы, звязана вельмі прыгожая і рамантычная беларуская легенда.
Марылі пабываць на сапраўдным паляванні ці рыбалцы? У «Дрывятах» могуць арганізаваць незабыўную прыгоду. А пасля можна расслабіцца ў лазні ці сауне, пагуляць у більярд.
Дзецям у «Дрывятах» таксама будуць рады: для дзяцей арганізавалі адкрытую дзіцячую пляцоўку, пракат ровараў і электрамабіля, прагулкі на лодках і наведванне сафары-парку.
Кошт:
З 20 ліпеня кошты на арэнду жылля будуць вар'іравацца ад 42,5 BYN да 158,55 BYN у залежнасці ад нумара і таго, ці ўключана харчаванне.
23-25 ліпеня, у перыяд фэсту Viva Braslav, кошт арэнды будзе вышэй.
Дабрацца да базы адпачынку «Дрывяты» можна на асабістым транспарце або скарыстацца трансферам.
Адпачывайце разам з намі і даведвайцеся пра новае кожны дзень!
Белавія ў ліку самых пунктуальных авіякампаній
Экстраныя пытанні турызму дапамогуць вырашыць на прамой лініі Нацыянальнага агенцтва
Чаму варта наведаць Палескі радыяцыйны запаведнік
Хто стаў пераможцам фотаконкурсу #страна_ветлива
Дзе дазволена купацца і адпачываць валя вады ў абласных цэнтрах Беларусі
1
2...
487