17.06.2021

Праз 35 гадоў пасля Чарнобыльскай аварыі турысты могуць наведаць зону адсялення. Расказваем, чаму вам варта запісацца на экскурсію ў Палескі радыяцыйны запаведнік. 

Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік арганізавалі на тэрыторыі Брагінскага, Нараўлянскага і Хойніцкага раёнаў Гомельскай вобласці, найболей забруджаных у Беларусі пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Доўгі час зона адсялення была зачынена, допуск мелі толькі нешматлікія працаўнікі запаведніка. 

У прыроды быў час на тое, каб вярнуць свае валоданні. Дрэвы і хмызнякі выраслі на калісьці ўрадлівых пашах, дзіцячых пляцоўках, вуліцах вёсак, дахах хат. Жывёлы, якія ніколі не ведалі чалавека, дазваляюць назіраць за сабой, фатаграфаваць і нават падыходзяць пазнаёміцца. 

Менавіта тут пасяліліся самыя вялікія папуляцыі занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі чорных буслаў і балотных чарапах. З украінскага боку прыйшлі коні Пржэвальскага — від, які знаходзіцца пад пагрозай знікнення. Павялічыліся папуляцыі зубраў, ваўкоў і аленяў. На тэрыторыі запаведніка яны — не рэдкасць. Самыя рэдкія ў Беларусі расліны і грыбы таксама знайшлі тут сваю радзіму. Перад вачыма — прырода ў амаль першародным выглядзе.

Апакаліптычныя карціны савецкага мінулага

Але чапляе не толькі прырода. Экскурсавод правядзе вас да паселішчаў, дзе можна ўбачыць, як быў арганізаваны побыт савецкага чалавека: школа, калгас, інтэрнат, офіс хай і ў разбураным стане, але здольныя яшчэ шмат чаго расказаць. Людзі з'яжджалі ў паспеху, пакінуўшы калісьці патрэбныя і любімыя рэчы. На парце ў закінутай школе ляжыць пакінутая 35 гадоў таму ручка, каля дошкі — кавалачак крэйды. У паўразбуранай хрушчоўцы на пакрытай мохам пліце ўсё яшчэ стаіць чайнік, а ў шафе — сукенка савецкай модніцы, калісьці набытая за велізарныя грошы. На дарозе ўсё яшчэ чакае гаспадыню пупс Ванюша… Чарнобыльская трагедыя ў адно імгненне змяніла лёсы сотні тысяч савецкіх грамадзян. 

У Палескім радыяцыйным запаведніку вы зможаце паглядзець на свет пасля апакаліпсісу ў паменшаным маштабе. Пабываўшы ў зоне адсялення, разумееш, як лёгка пазбавіцца ўсяго і што чалавек — зусім не вянок эвалюцыі прыроды. 

Нагадаем, што ў 2021 годзе будзе арганізавана ўсяго 3 экскурсіі ў Палескі радыяцыйны запаведнік: 26 чэрвеня, 24 ліпеня, 21 жніўня. Перад экскурсіяй запатрабуецца зарэгістравацца. Зрабіць гэта неабходна да 15 чэрвеня, 13 ліпеня і 10 жніўня адпаведна. Даведацца больш пра экскурсію і запісацца на яе можна па спасылцы.

Не прапусціце свой шанс!



Вярнуцца да спісу

Cannot find 'tours' template with page '' Cannot find 'hotels' template with page '' Cannot find 'hotels' template with page ''