11.12.2020 Мінск
Калі вас запросяць на вяселле ў Мінск, ды яшчэ ў сядзібу Ваньковічаў, не варта разважаць і хвіліны - адразу пагаджайцеся. Гэта шанец трапіць у мінулае, на 200 гадоў таму, са звыклых джунгляў мегаполісу ў свет даўніны і раскошы. Туды, дзе мармур, аксаміт і паркет. Туды, дзе на жырандолях крышталь, а на сценах карціны. Туды, дзе мужчыны элегантныя, а дамы вытанчаныя. Дзе ёсць бальная залы, салон і вялікая сталовая, якая можа і была сталовай у XIX стагоддзі, але зараз выглядае больш раскошнай, за рэстаран. Такім чынам вам забяспечаць не толькі прыемную сустрэчу са сваякамі, але яшчэ і паход у музей, магчымасць заглыбіцца ў выдатныя абставіны гэтага месца і таго, дваранскага, часу. Прытым проста ў цэнтры сучаснага Мінску.
А ўсё пачалося ў канцы XVIII стагоддзя, калі драўляная сядзіба Вялікая Сляпянка ад роду Радзівілаў перайшла да роду Ваньковічаў, менш знакамітага, але таксама значнага. Са зменай гаспадароў стаў змяняцца і дом: замест старога драўлянага з'явіўся новы мураваны. А ў ім французская мэбля, бібліятэка, карціны - усё, што належыць мець загараднаму маёнтку шляхецкай сям'і. Утульнасць унутры дапаўнялася камфортам звонку - 14 гектараў прыбранага парку вакол. Ды яшчэ з сажалкамі. Ды са скульптурамі. Такая прыгажосць, памножаная на ветлівасць гаспадароў, стварыла сядзібе Ваньковічаў рэпутацыю гасціннага дому - амаль сто гадоў ён заставаўся месцам збору і гасцявання мінскай інтэлігенцыі. І гэта нягледзячы на значную аддаленасць ад тагачаснага Мінску.
Да 1839 года ў маёнтку жыў таленавіты сын роду Ваньковічаў - Валенці. Мастак, аўтар партрэтаў многіх сучаснікаў. Самыя вядомыя з іх - Адам Міцкевіч і Аляксандр Пушкін. Як і Ўладзімір Высоцкі, Валенці пражыў усяго 42 гады. Яго нашчадкі заставаліся ў маёнтку да прыходу савецкай улады.
А як жылося сядзібе далей, у разбуральным XX-м стагоддзі? Як і іншым шматлікім помнікам архітэктуры: у 1920-м маёнтак нацыяналізавалі. 60 гадоў савецкая дзяржава пісала яго журботную біяграфію, выкарыстоўваючы дваранскія сцены то пад школу НКУС, то пад сельсавет, то пад парнікова-цяплічны камбінат. І толькі ў 1981 годзе сядзібу Ваньковічаў прызналі помнікам гісторыі і культуры. Пачалася яе найноўшая гісторыя, першыя 30 гадоў якой прайшлі пад знакам безгаспадарнсці і разрухі. Дом паволі гінуў, пакуль не знайшоўся інвестар.
Дзесяць мільёнаў долараў плюс чатыры гады карпатлівай працы гісторыкаў, архітэктараў, рэстаўратараў, кансультантаў - і ў 2013 годзе маленькая сядзіба Ваньковічаў адкрыла свае дзверы гасцям вялікага Мінску. Нягледзячы на аварыйны стан будынку, праекціроўшчыкі беражліва паставіліся да яго спрадвечнага аблічча. Спатрэбіўся цуд інжынернай думкі, каб упісаць сучасныя тэхнічныя магчымасці ў крохкія гістарычныя сцены: кандыцыянаванне, камунікацыі, магутная вентыляцыя, велічэзная кухня, пахаў якой вы не адчуеце ў залах. А іх тут дзесяць, дзесяць залаў шматфункцыянальнага комплексу прымаюць сёння гасцей.
Хтосьці скажа: не самае высакароднае выкарыстанне будынка з такой гісторыяй. Але тут можна падыскутаваць. Што лепш: гістарычны помнік, у якім ладзяць банкеты, прэзентацыі, канцэрты і фуршэты, або помнік, якога няма? А ўсё ішло менавіта да гэтага.
А наогул, сардэчна запрашаем. І зусім не абавязкова чакаць запрашэнне на вяселле. Проста прыязджайце на вуліцу Філімонава, 24. Вас сустрэне сапраўдны шляхецкі дом - сядзіба Ваньковічаў. Вас ўразяць не толькі кухня, сэрвіс, інтэр'ер. Вам запомніцца гісторыя, якая прысутнічае тут паўсюль у высокай канцэнтрацыі, на ўсіх трох паверхах.
Дарэчы, у старадаўніх сутарэннях маёнтку Ваньковічаў падаюць хвацкае піва.
ПАДАРОЖНІЧАЦЬ - ЗНАЧЫЦЬ ЖЫЦЬ!
Падпішыся на рассылку!
Цікавыя падарожжы па Беларусі, гайды па гарадах, парады па санаторыях, гастратуры,
навіны і акцыі з лепшымі коштамі на адпачынак.
Роля здраўніц у аздараўленні падчас пандэміі COVID-19
Месца сілы ў Беларусі - Беразінскі біясферны запаведнік
Мемарыяльны комплекс «Курган Славы» ў дэталях: яго гісторыя, легенда і архітэктура
1
2...
488