Ружанскі палац Сапегаў: гісторыя і факты

16.12.2020 Ружаны

Гісторыя Беларускага Версалю

Ружаны2.jpg

Беларускі Версаль - такім пахвальным эпітэтам узнагароджваюць турысты Палацавы комплекс у Ружанах. Нават цяпер, калі ён толькі паўстае з руінаў, гэтае параўнанне не здаецца перабольшаннем. Па значнасці палаца - дакладна!

У 1552 годзе мястэчка належала роду Тышкевічаў, потым - Брухальскім. У 1598 годзе Ружаны купіў будучы канцлер Вялікага Княства Літоўскага Леў Сапега для сваёй рэзідэнцыі. Менавіта тут, у Ружанах, пазней ён склаў прагрэсіўны для свайго часу звод законаў, Статут ВКЛ, які, дарэчы, быў напісаны на старабеларускай мове. У сутарэннях замка ў Ружанах захоўвалася казна ВКЛ і цэлы арсенал зброі. Таксама існуе легенда аб тым, што з Ружанаў канцлер адправіў Ілжэдзмітрыя (нібыта малодшага сына Івана IV Жахлівага, царэвіча Дзмітрыя, які цудоўным чынам выратаваўся) у авантурны паход на Маскву.

Варта адзначыць, што ў часы Льва Сапегі гэта быў абарончы замак. У пачатку XVIII стагоддзя падчас вайны са шведамі замак у Ружанах быў разрабаваны і знішчаны. Нашчадак Льва Сапегі Аляксандр быў вымушаны будаваць усё наноў, і ўжо пры ім з'явіўся палац, які параўноўвалі з Версалем, дзе быў уласны тэатр (яго называлі «оперхаузе»), найбагацейшая бібліятэка, калекцыя мастацтва і зброі. Была тут і даволі экзатычная калекцыя велізарных кубкаў - рэверанс разгульнаму ладу жыцця гаспадароў.

Ружаны5.jpg

Дзякуючы Сапегам мястэчка стала вядомым у Еўропе, а ў 1637 Ружаны нават атрымалі магдэбургскае права. Тут была свая ратуша і герб з выявай Святога Казіміра, нябеснага апекуна ВКЛ. Дарэчы, мошчы гэтага шанаванага святога былі скрадзеныя ў 1655 годзе з капліцы кафедральнага касцёла ў Вільні і перавезеныя ў Ружаны, дзе некалькі гадоў захоўваліся ў мясцовым касцёле.

У Сапегаў часта гасцявалі прадстаўнікі каралеўскіх сем'яў ды і самі каралі. Напрыклад, завітваў у Ружаны Жыгімонт I Стары. У 1617 годзе каралевіч Уладзіслаў выпраўляўся з Ружанаў ў ваенны паход. Пазней, стаўшы каралём, зноў прыязджаў сюды ў госці.

Палацавы комплекс у Ружанах ў нашы дні

Ружаны4.jpg

Час, вайна, пажары і змена палітычных эпох зрабілі сваю справу - да нашых дзён дайшлі толькі руіны галоўнага і ўсходняга карпусоў, аркады, флігелі і ўязная брама з дзівам ацалелым гербам Сапегаў, выразаным з дрэва. Пабудовы Ружанскага палаца, якія захаваліся трохі лепш, ужо ў наш час рэканструявалі. Ва ўсходнім флігелі адкрылі музей з чатырма экспазіцыйнымі і адной выставачнай залай, дзе можна ўбачыць палацавы комплекс у Ружанах у мініяцюры такім, якім ён мог быць, калі б не войны і існаванне за савецкім часам. У палацы аднавілі «гасцёўню канцлера» з мэбляй у стылі XVII-XVIII стагоддзяў. Нажаль, ад колішняга раскошнага інтэр'еру палаца засталіся толькі два падсвечнікі, што належалі Сапегам.

Апошнія ўладальнікі Ружанскага палаца збеглі ў 1939 годзе. Але ў наш час нашчадкі Сапегаў прыязджалі сюды сама менш шэсць разоў, каб дапамагчы з аднаўленнем. Ходзіць таксама пагалоска пра тое, што прапрапраўнучка Льва Сапегі прыязджала сюды па скарб, які пакінуў яе знакаміты продак, і нават знайшла яго, але не змагла вывезці за мяжу праз беларускія законы.

Уладзімір Высоцкі ў Ружанах

Мясцовыя жыхары распавядуць вам яшчэ адну цікавую показку пра Ўладзіміра Высоцкага. Справа ў тым, што ў Палацавым комплексе ў Ружанах здымалі фільм «Я родам з дзяцінства» рэжысёра Віктара Турава. Тураў і Высоцкі сябравалі, таму не дзіва, што актор здымаўся ў гэтым фільме. Жартуюць, што Уладзімер Высоцкі пакінуў тут не толькі памяць пра сябе, але і незаконнанароджаных дзяцей.

Калі хочаце дакрануцца да жывой беларускай гісторыі, нельга не наведаць палацавы комплекс у Ружанах. Тым больш, што ў адзін турыстычны маршрут можна ўлучыць яшчэ нямала славутасцяў, што знаходзяцца непадалёк.

Відэа

ПАДАРОЖНІЧАЦЬ - ЗНАЧЫЦЬ ЖЫЦЬ!

Падпішыся на рассылку!
Цікавыя падарожжы па Беларусі, гайды па гарадах, парады па санаторыях, гастратуры,
навіны і акцыі з лепшымі коштамі на адпачынак.


Вярнуцца да спісу

Cannot find 'tours' template with page ''