Прамысловы турызм: майстры раскрываюць свае сакрэты

03.01.2020

Прамысловы турызм у Беларусі набірае абароты! І ў гэтым няма нічога дзіўнага, бо толькі падчас вытворчай экскурсіі можна даведацца пра штосьці сапраўды ўнікальнае, вядомае толькі майстрам сваёй справы. Жадаеце даведацца, як ствараюць легендарныя БЕЛАЗы? Ці як здабываюць жыццё фірмовыя скураныя торбы беларускага брэнда Галантэя? Прама тут і прама цяпер VETLIVA раскажа вам пра экскурсіі на прамысловыя прадпрыемствы, якія расчыняюць сакрэты вытворчасці.

Прамысловы турызм у Беларусі

Экскурсія на завод БЕЛАЗ: насустрач самым вялікім самазвалам у свеце

Завод БЕЛАЗ у Жодзіна

Дзе: Жодзіна
Кошт: ад 40 BYN
Колькасць турыстаў: ад 1
Дні правядзення: залежаць ад даты тура

Нават 2-мятровы баскетбаліст выглядае побач з гэтым монстрам айчыннага аўтапрама сапраўдным насякомым! Толькі ўявіце: любы самазвал, які вырабляецца на заводзе ў беларускім горадзе Жодзіна, можа за адзін рэйс перавезці ад 90 да 450 тон грузу! Каб вы разумелі маштаб гэтых лічбаў, дазвольце прывесці статыстыку гэтай вагі ў параўнані са сланамі і кітамі (менавіта гэтыя млекакормячыя з'яўляюцца самымі цяжкімі ў свеце):

  1. Сіні кіт, які з'яўляецца самым буйным млекакормячым у свеце, важыць ад 50 да 150 тон, гэта значыць, што ў тэорыі самы файны БЕЛАЗ 75410 грузападымальнасцю 450 тон можа лёгка перавезці трох кітоў (калі б яны маглі, вядома, змясціцца ў яго кузаў).

  2. Афрыканскі слон, самае цяжкае наземнае млекакормячае, важыць усяго толькі каля 3 тон, гэта значыць паўтары сотні сланоў БЕЛАЗ перавёз бы без праблем!

А зараз уявіце, што падчас прамысловай экскурсіі ў Жодзіна вы не толькі ўбачыце легендарную машыну, але зможаце нават пабываць у кабіне вадзіцеля! Уражанняў будзе мора. Вы пабываеце ў зборачным цэху, дзе на вашых вачах народзіцца легенда, даведаецеся пра сакрэты вытворчасці самазвалаў і, вядома ж, зможаце зрабіць ашаламляльна файныя фатаграфіі!

Экскурсія на завод «Галантэя»: усё, што трэба жаночай душы

Экскурсія на завод «Галантэя» ў Беларусі

Дзе: Мінск
Кошт: ад 27 BYN
Колькасць турыстаў: ад 1
Дні правядзення: залежаць ад даты тура

Шлях да сэрца жанчыны ляжыць праз дыяменты, пра што спявала ў мінулым стагоддзі Мэрылін Манро. А калі да зіхатлівых упрыгожванняў прыкласці яшчэ і новую сумачку — усё, на бліжэйшыя 24 гадзіны больш нічога для шчасця не трэба! Вытворчая экскурсія на прадпрыемстве «Галантэя» наглядна паказвае, як рукамі майстроў сваёй справы ствараецца прыгажосць. Партманэты, торбы, рамяні, партфелі — тут вырабляецца ўсё неабходнае кожнаму чалавеку без выключэння.

Ад прыгажосці практычнай пераходзім да прыгажосці эстэтычнай. Экскурсія працягнецца на заводзе Zorka. А вось тут, дамы, не прапусціце свой шанс: экскурсія дорыць унікальную магчымасць наведаць закрыты шоў-рум, дзе ўсе вырабы заводу прадстаўлены па вельмі прывабных коштах. Ды і мужчынам спатрэбіцца: выбар упрыгожванняў проста нерэальны!

Coca-Cola: знаёмімся з гісторыяй легендарнага напоя

Coca-Cola у Беларусі

Дзе: вёска Калядзічы
Кошт: бясплатна
Колькасць турыстаў: ад 10 да 45
Дні правядзення: кожны дзень з 9 да 17.30

Жадаеце даведацца, як гатуецца легендарны напой, які заваяваў сэрцы мільёнаў людзей ва ўсім свеце? Тады самы час адправіцца на завод Coca-Cola. Вы напэўна заўважалі яго, падарожнічаючы па Беларусі: стваральнікі заводу вельмі крэатыўна падышлі да яго архітэктурнага рашэння, таму будынкі, дзе вырабляюць Coca-Cola, падобныя на дзве вядомыя шклянкі ахаладжальнага напоя.

Завод размешчаны ў вёсцы Калядзічы, у 10 км ад Мінска, так што дабрацца да яго сваім ходам не складзе працы. Праўда, улічыце, што вытворчыя экскурсіі праводзяцца выключна для груп!

Экскурсія на бровар «Лідскае»

Экскурсія на бровар «Лідскае» у Беларусі

Дзе: Ліда
Кошт: ад 6 BYN (падчас фэсту Lidbeer бясплатна)
Колькасць турыстаў: ад 1
Дні правядзення: аўторак, чацвер, субота ў 12, 14 і 16, у нядзелю — у 12 і 14

«Лідскае» — гэта вытворчасць са 140-гадовай гісторыяй, а значыць, яму ёсць, чым ганарыцца, і ёсць, чым з вамі падзяліцца. У самым сэрцы бровара захавалася сапраўдная гістарычная вуліца! Вы пройдзеце па ёй, пазнаёміцеся з маштабнай вытворчасцю, дзе варыцца штогод 250 мільёнаў літраў напояў, і зможаце па добрай якасці ацаніць майстэрства мясцовых півавараў падчас дэгустацыі.

Рада ад VETLIVA: падарожжа ў Ліду лепш за ўсё прымеркаваць да фэсту Lidbeer, які штогод праходзіць у пачатку верасня. У гэты дзень прамысловыя экскурсіі праводзяцца бясплатна.

Хлебазавод №6: сакрэты выпечкі хлеба

Экскурсія на Хлебазавод №6 у Беларусі

Дзе: Мінск
Кошт: ад 15 BYN
Колькасць турыстаў: ад 5
Дні правядзення: кожны дзень у 9.00

Адны толькі водары, якія лунаюць у гэтым месцы, спакусяць любога! Свежаспечаны хлебушак, гарачы, з хрумсткай скарыначкай з'яўляецца самым сапраўдным упрыгожваннем стала. Падчас экскурсіі па хлебазаводзе No.6, які належыць кампаніі «Мінскхлебпрам», вы даведаецеся, як ён з'яўляецца на святло. І, вядома ж, не абыйдзецца без дэгустацыі булачак з запалу з жару.

Лайфхак ад VETLIVA: пасля прагулкі па такім духмяным месцы вам дакладна захочацца чагосьці больш істотнага. І тут як нельга дарэчы прыйдзецца наш гайд па ўстановах беларускай нацыянальнай кухні ў Мінску.

Кандытарская фабрыка «Спартак»: водар шакаладу, які так і дражніць

Кандытарская фабрыка «Спартак» у Беларусі

Дзе: Гомель
Кошт: ад 10 BYN 
Колькасць турыстаў: ад 15 да 45
Дні правядзення: кожны панядзелак, аўторак, сераду і чацвер у 12:30 і 14:30

Нават калі вы не ласун, перад водарамі расплаўленага шакаладу, салодкай карамелі, цудоўнай глазуры і іншых ласункаў, якія будуць гатаваць прама ў вас на вачах, выстаяць проста немагчыма! На фабрыцы «Спартак» робяць шакалад і цукеркі топавай якасці, нездарма гэты беларускі брэнд вядомы далёка за межамі рэспублікі.

Тураўскі малочны камбінат: італьянскі сыр па-беларуску

Тураўскі малочны камбінат у Беларусі

Дзе: Тураў
Кошт: бясплатна
Колькасць турыстаў: ад 20
Дні правядзення: фіксаванага часу правядзення няма

Беларусь славіцца сваёй малочнай прадукцыяй. Прычым яна папулярная настолькі, што шматлікія расіяне прыязджаюць у нашу краіну выключна за ёй. Таму вытворчы турызм, які знаёміць з таямніцамі выраба малочкі, таксама карыстаецца папулярнасцю.

Чаму трэба накіраваць свае стопы менавіта ў Тураў, хоць малочных камбінатаў у Беларусі хапае? Не толькі таму, што гэта адзін з найстаражытнейшых гарадоў нашай краіны, а яшчэ і таму, што менавіта тут гатуюць рыкоту, маскарпонэ, мацарэлу і іншыя італьянскія сыры. І яны атрымліваюцца не горш, чым на радзіме гэтай прадукцыі (а можа, і лепш, паколькі выраблены з нацыянальным каларытам). Так што калі жадаеце, каб вас прысвяцілі ў таямніцу сыраварства, збірайце сабе каманду з 20 аднадумцаў і адпраўляйцеся ў Тураў!

«Малочны свет»: тут вырабляюць сапраўднае малако

«Малочны свет» у Гродна

Дзе: Гродна
Кошт: залежыць ад колькасці турыстаў
Колькасць турыстаў: ад 1
Дні правядзення: фіксаванага часу правядзення няма

Гродзенскі малочны камбінат арыгінальна падышоў да рашэння праблемы санітарных абмежаванняў для наведвальнікаў. Вытворчасць надзейна абаронена ад пранікнення бактэрый шклом, што зручна і для турыстаў у тым ліку: ім выдатна бачны працэс выраба прадукцыі. Арганізатары маршруту запэўніваюць, што кожны госць праходзіць той жа шлях, што і малако: ад стану сыравіны да гатовага пакавання, якое мы бачым на паліцах крам.

«Нёман»: тут ажывае шкло

Экскурсія па шклозаводзе «Нёман» у Беларусі

Дзе: Беразоўка
Кошт: ад 8 BYN
Колькасць турыстаў: ад 5 (ёсць магчымасць аб'яднання з іншымі групамі)
Дні правядзення: туры праводзяць ва ўсе дні з 8 да 17

Жадаеце ўбачыць, як з агню нараджаецца прыгажосць? Менавіта такім з’яўляецца працэс вытворчасці шкляных вырабаў, які можна ўбачыць падчас экскурсіі па шклозаводзе «Нёман». Дарэчы, маршрутаў тут цэлых 2: адзін для тых, хто жадае пазнаёміцца з працэсам бліжэй, і другі — для ахвотнікаў убачыць, якія шэдэўры ствараюць дасведчаныя майстры-шкловыдзімальшчыкі.

«Слуцкія паясы»: захоўваючы традыцыі Беларусі

«Слуцкія паясы» ў Беларусі

Дзе: Слуцк
Кошт: ад 4 BYN
Колькасць турыстаў: ад 1
Дні правядзення: усе дні тыдня, акрамя панядзелку з 9 да 17.30

Ці ведаеце вы, што слуцкі пояс у свой час маглі сабе дазволіць нават не ўсе князі? Ці што ўтрыманне золата ў адным шэдэўры слуцкіх майстроў магло дасягаць да 200 грам? Калі не, то гэта экскурсія сапраўды для вас. У Слуцку, на радзіме гэтых дзіўных твораў мастацтва, ім прысвечаны цэлы музей. Экскурсаводы распавядаюць пра іх узнікненне, віды, сімволіку. Самае галоўнае, што вы сваімі вачамі ўбачыце ўвесь працэс вытворчасці!

Прамысловы турызм у Беларусі: спіс папаўняецца

Зразумела, што ў нашым артыкуле пералічаны далёка не ўсе аб'екты, дзе можна пабываць на вытворчай экскурсіі. Падарожжы на заводы МТЗ, МАЗ і Гомсельмаш апавядаюць пра стварэнне важнай для эканомікі Беларусі тэхнікі; патрапіўшы на завод «Атлант», вы даведаецеся, як робяць якасныя беларускія халадзільнікі; адправіўшыся на «Слодыч», вы даведаецеся пра сакрэты выпечкі печыва «па фэншую» і гэтак далей. Прамысловыя экскурсіі цікавыя ўсім без выключэння: на тым жа заводзе БЕЛАЗ падабаецца і дзецям, і дарослым, таму што маштабы беларускіх самазвалаў уражваюць! І гэта ўжо не кажучы пра магчымасць паспрабаваць самыя свежыя прысмакі ад беларускіх кандытараў ці толькі што зваранае піва (толькі памятайце, што пенны напой 18+).

Чытайце і далей наш Блог, а мы будзем цешыць вас новымі апавяданнямі пра турыстычныя будні Беларусі.

ПАДАРОЖНІЧАЦЬ - ЗНАЧЫЦЬ ЖЫЦЬ!

Падпішыся на рассылку!
Цікавыя падарожжы па Беларусі, гайды па гарадах, парады па санаторыях, гастратуры,
навіны і акцыі з лепшымі коштамі на адпачынак.


Вярнуцца да спісу