Парк-музей інтэрактыўнай гісторыі «Сула»
Парк-музей інтэрактыўнай гісторыі «Сула»
21.12.2020 Сула
Парк-музей на беразе возера
Знаходзіцца парк-музей інтэрактыўнай гісторыі «Сула» зусім недалёка ад Мінска, на беразе аднайменнага возера. «Сула» у перакладзе з літоўскай азначае «сок дрэва», «жывіца». А калі капнуць яшчэ глыбей, у перакладзе з санскрыту гэта - «якая нясе ў сабе жыццё». Месца для парка-музея абранае не выпадкова - у канцы XVIII стагоддзя тут пабудаваў свой маёнтак Павел Ленскі. У сядзібным доме размяшчаліся два вялікіх салона, адзін з якіх пазней, у XX стагоддзі, распісаў праўнук Паўла, таленавіты мастак Зянон Ленскі. Жывапісец меў прагрэсіўныя погляды, падарожнічаў па Егіпце і Блізкім Усходзе, дзе вывучаў старажытнаегіпецкую, месапатамскую і шумерскую культуры. Вярнуўшыся дадому, ён арганізаваў раскопкі на тэрыторыі ўласнай сядзібы, дзе знайшоў нямала рарытэтаў.
Вакол сядзібнага дома раскінуўся маляўнічы парк з возерам, а наводдаль месцілася сямейная пахавальня. Былі там і гаспадарчыя пабудовы - лядоўня, бровар, у якім варылі піва, вяндлярня і аранжарэя. Апошняй гаспадыняй сядзібы стала Эльжбета Ленская, сястра жывапісца. У 1939 году ранейшых гаспадароў выгналі, усё каштоўнае ў доме экспрапрыявалі, а саму сядзібу падарвалі.
Парк-музей у наш час
Ужо ў наш час узнікла ідэя адкрыць на тэрыторыі былой сядзібы парк-музей інтэрактыўнай гісторыі «Сула». Яго стваральнікі старанна вывучалі гісторыю, збіралі артэфакты і дакументы, што належалі роду Ленскіх. Паступова была створаная зала шляхецкай славы, аздобленая габеленамі, што былі ўзноўленыя па эскізах XV-XVIII стагоддзяў і з ужываннем тэхналогіі тых гадоў. Асвятляюць залу сярэднявечныя жырандолі і паходні, а галоўнае яе ўпрыгажэнне - каралеўскі камін.
На стварэнне парка-музея інтэрактыўнай гісторыі «Сула» пайшло больш за 15 гадоў. У працэсе работ на тэрыторыі сядзібы вырашылі ўзнавіць свайго роду спіраль часу - пачынаючы ад каменнага веку з экспанатамі, якія адносяцца да ~ 8000 гадоў да н.э., і да пачатку XX стагоддзя. Трынаццаць інтэрактыўных пляцовак аб'яднаныя агульнай назвай «Каралеўская асамблея Сула».
Парк-музей інтэрактыўнай гісторыі «Сула» не музей у чыстым выглядзе, тут можна спыніцца пераначаваць і нават пажыць некаторы час. Кожны з будынкаў унікальны сваёй архітэктурай і атмасферай, але мае ўсе сучасныя выгоды для камфортнага пражывання гасцей. Тут могуць зладзіць мерапрыемства для кампаніі да 200 чалавек з меню, у якім будуць сялянскія і шляхецкія стравы.
Забавы ў Суле
Забавак у Суле мноства - напрыклад, пакатацца на конях, палётаць на верталёце і нават паспрабаваць ім кіраваць пад пільным кантролем пілота. Для тых, хто хоча адчуць сябе ваяром, можна паспрабаваць праплысці на дракары, караблі вікінгаў, або прайсці майстар-клас па боі на шаблях. Ёсць і больш сучасныя забавы - сауна або катанне на квадрацыклах, роварах, каньках, лыжах. А можна проста расслабіцца на рыбалцы, дзе вашым уловам, калі пашчасціць, могуць стаць карп, карась, таўсталобік, белы амур, шчупак або мянтуз.
Усё ў парку-музеі інтэрактыўнай гісторыі «Сула» прасякнутае любоўю і ўважлівым стаўленнем да нацыянальнай культуры беларусаў. Нават адзін дзень, праведзены тут, будзе не толькі пазнавальным, але і выключна прыемным для адпачынку ад гарадской мітусні. Завітаўшы сюды аднойчы, вы захочаце вярнуцца ізноў.
Відэа
ПАДАРОЖНІЧАЦЬ - ЗНАЧЫЦЬ ЖЫЦЬ!
Падпішыся на рассылку!
Цікавыя падарожжы па Беларусі, гайды па гарадах, парады па санаторыях, гастратуры,
навіны і акцыі з лепшымі коштамі на адпачынак.
Чытайце таксама
Палацава-паркавы комплекс XVI-XIX стст. у Нясвіжы
Косаўскі палац: гісторыя ў дэталях
Што трэба ведаць аб Мінскім моры?

