Косаўскі палац: гісторыя ў дэталях

14.12.2020 Косава

У Беларусі ёсць сваё Косава. Гэта самы маленькі горад краіны, да якога нават не падведзеная чыгунка. Жыве тут усяго 2700 чалавек, хаця згодна з цяперашнімі нормамі статус горада можа атрымаць населены пункт ад 15 тысяч жыхароў. У Косава заўсёды шмат турыстаў, асабліва з Польшчы, якія вабяць сюды дзве вельмі важныя славутасці.

Cядзіба Мерачоўшчына

Меречевщина.jpg

Адна з іх - сядзіба Мерачоўшчына, месца нараджэння аднаго з самых вядомых нашых суайчыннікаў, удзельніка вайны за незалежнасць ЗША і кіраўніка паўстання ў Польшчы, Беларусі і Літве 1794 года, Тадэвуша Касцюшкі. Доўгі час на месцы фальварка (шляхецкай сядзібы) Мерачоўшчына стаяў толькі памятны камень. Сам дом з незвычайным двух'ярусным чаротавым дахам спалілі падчас Другой сусветнай вайны. Аднак засталіся літаграфіі знакамітага мастака Напалеона Орды, і паводле іх сядзібу, у якой нарадзіўся Тадэвуш Касцюшка, цалкам аднавілі у 2004 годзе. А у 2018 годзе на народныя грошы тут паставілі першы ў краіне помнік нацыянальнаму герою.

Косаўскі палац

Дворец Пусловских.jpg

Другая славутасць - гатычны Косаўскі палац. Граф Вандалін Пуслоўскі не выпадкова загадаў пабудаваць сваё радавое гняздо побач з малой радзімай Тадэвуша Касцюшкі. Граф быў гарачым прыхільнікам гэтага ваенна-палітычнага дзеяча. У першай палове XIX стагоддзя гатычная архітэктура была свайго роду выклікам афіцыйнай ідэалогіі царскай Расіі. У палацы было больш за сто пакояў, і пры гэтым ніводны з іх не паўтараўся па сваім інтэр'еры. Для баляў прызначалася Белая зала, для гульні ў карты - Чорная, абліцаваная мармурам адпаведнага колеру. Падлога ў адным з пакояў палаца была шкляная, а пад ёй плавалі экзатычныя рыбы. Для XIX стагоддзя гэта здаецца неверагодным, легендай, але калі палац стаяў у руінах, мясцовая дзеці нярэдка знаходзіли там аскепкі тоўстага шкла. Старажылы казалі таксама, што ў Косаўскім палацы жыў сапраўдны леў, якога гаспадары выпускалі па начах пагуляць па калідорах. Але, можа, гэта была ўсяго толькі страшылка для няпрошаных гасцей.

Да гэтага часу жыве легенда пра 25-кіламетровы падземны ход ад Косаўскага палаца да Ружанскага. Даследчыкі спрабавалі намацаць пустэчы ў зямлі адмысловымі прыборамі, але, на жаль, тунэль не знайшлі. Можа, і быў, ды засыпала зямлёй.

Дворец Пусловских2.jpg

Паколькі Косаўскі палац размешчаны на ўзвышшы, уніз да штучных азёраў і сядзібы Тадэвуша Касцюшкі вёў тэрасны парк. Цяпер яго спрабуюць аднавіць. Жонка Пуслоўскага любіла скочвацца з гэтай гары на санках усё роўна, зіма была ці лета. Калі ёй карцела, дарожку пакрывалі тканымі палотнамі, а зверху пасыпалі соллю, па якой санкі слізгалі як па снезе.

У час Вялікай Айчыннай вайны Косаўскі палац спалілі партызаны, прычым ужо пасля адступлення фашыстаў. Чорны дым пажару быў бачны з Косава тыдзень, пасля чаго ад замка засталіся толькі каменныя сцены. Доўгі час Косаўскі палац стаяў у запусценні і разбураўся, і аб яго былой велічы нагадвалі толькі вінаградныя слімакі, якія з'яўляліся пасля дажджу. Раней Пуслоўскія гадавалі іх як дэлікатэс. Толькі ў 2008 годзе Косаўскі палац Пуслоўскіх пачалі аднаўляць. Рэстаўрацыйныя работы абяцаюць цалкам скончыць да сакавіка 2022 году.

Відэа

ПАДАРОЖНІЧАЦЬ - ЗНАЧЫЦЬ ЖЫЦЬ!

Падпішыся на рассылку!
Цікавыя падарожжы па Беларусі, гайды па гарадах, парады па санаторыях, гастратуры,
навіны і акцыі з лепшымі коштамі на адпачынак.


Вярнуцца да спісу

Cannot find 'tours' template with page ''