Гарналыжны комплекс «Сілічы»

30.12.2020

Беларускі гарналыжны комплекс

Силичи2.jpg

У Беларусі няма гор, затое ёсць як найменш шэсць гарналыжных комплексаў. Самы вядомы з іх - Сілічы, ён знаходзіцца ўсяго ў 30 кіламетрах ад Мінска. Лагойскі раён у прынцыпе адметны ўзгорыстым рэльефам, а тут яшчэ і галоўную гару, з якой вядуць трасы ў Сілічах, грунтоўна падсыпалі. У выніку атрымаўся перапад вышынь большы за 100 метраў. Прасунутыя гарналыжнікі, мусіць, ўсміхнуцца, але аматары кажуць, што ім цалкам хапае, пагатоў даўжыня самай працяглай трасы складае 920 метраў.

Сілічы любяць не толькі беларусы, але і замежныя турысты - кожную зіму яны прыбываюць сюды тысячамі. Сакрэт такой папулярнасці курорта ў тым, што пры наяўнасці сучаснай інфраструктуры і камфорце, цэны тут у параўнанні з еўрапейскімі цалкам дэмакратычныя. Хаця, варта зазначыць, што сам па сабе занятак гарналыжным спортам нятанная забава.

Інфраструктура ў Сілічах

Силичи склон.jpg

У Сілічах агулам дзевяць гарналыжных трас рознага ўзроўню складанасці, якія абслугоўваюць 4-месцавая і 2-месцавая канатныя дарогі. А вучэбная траса абсталяваная бугельным пад'ёмнікам, бяспечным для «чайнікаў». Калі вы ані разу не стаялі на горных лыжах або сноўбордзе, інструктары літаральна за пару заняткаў раскажуць і пакажуць вам асноўныя прынцыпы катання. Аматарам вытвараць штукі на сноўбордзе дакладна спадабаецца экстрым-парк у Сілічах. Штогод яго змяняюць, дадаючы або мадэрнізуючы трампліны па просьбах саміх сноўбардыстаў. У экстрым-парк дапускаюць усіх жадаючых сноўбардыстаў, але толькі пры наяўнасці спецыяльнай ахоўнай экіпіроўкі, у тым ліку шлема.

Вядома, на лыжах і сноўбордзе ў Сілічах свет клінам не сышоўся. Тут можна паганяць па снежнай нерушы на снегаходзе. Дзеці любяць катацца на «ватрушках» з адмысловай гары. Побач ёсць крыты і звычайна нешматлюдны каток, хочаце адтачыць навыкі катання на каньках - калі ласка! Пры жаданні, у Сілічах гатовыя зладзіць для вас і іншыя віды актыўнага адпачынку: лазертаг і пейнтбол, гонкі на картах і квадрацыклах. А ўлетку, дарэчы, можна пазмагацца ў баскетбол, валейбол і тэніс. Напракат вам прапануюць любы спартыўны рыштунак - хай гэта будуць горныя лыжы, сноўборды, санкі, цюбінгі або канькі. Усё у вельмі добрым стане і ад найлепшых сусветных спартыўных брэндаў.

Дзе застацца на начлег у Сілічах?

Номер в Силичах.jpg

У Сілічах недалёка ад трасы ёсць гасцініцы і гасцявыя дамкі, дзе можна размясціцца ўсёй сям'ёй або індывідуальна. Нумары сучасныя, абсталяваныя ўсім неабходным, а персанал вымуштраваны і ветлівы. На тэрыторыі Сілічаў ёсць тры лазні, разлічаныя на розную колькасць гасцей, у якіх асабліва прыемна расслабіцца пасля фізічна актыўнага дня. Варта сказаць пару словаў і пра аздараўленчы цэнтр, дзе гасцям прапануюць як эстэтычныя, так і медыцынскія паслугі - напрыклад, масаж, інгаляцыі, гала-, гідра- і бальнеатэрапію, тэрма-, светла- і электралячэнне.

Святы і спаборніцтвы ў Сілічах

У Сілічах пастаянна ладзяць святы і спаборніцтвы, так што сумаваць, нават калі вы катэгарычна не жадаеце ні на чым катацца, таксама не давядзецца. Можна проста шпацыраваць! Уздоўж схіла вядзе маляўнічая драўляная лесвіца. Узімку яна ператвараецца ў любімую пляцоўку для інстаграм-сэлфі. Можна смела падпісваць фота, што вы ў Альпах - падвох не заўважаць. Гэта жарт, вядома, але ў Сілічах сапраўда казачна прыгожа. Дрэвы стаяць у велізарных белых шапках, вельмі ціха, толькі парыпвае снег пад кантам гарналыжнікаў і сноўбардыстаў, што пралятаюць міма. 

Сезон катання пачынаецца літаральна праз два тыдні пасля таго, як на зямлю ляжа снег. А сканчаецца, калі на ўсю моц ужо спяваюць птушкі і вясна ўступае ў свае правы. Дарэчы, звычайна сезон у Сілічах завяршаецца неверагодным святам «Каліфарнікейшн». Адчайныя аматары горных лыж і сноўборда апранаюць самыя вар'яцкія касцюмы і, разагнаўшыся з гары, скачуць у поўнай амуніцыі ў басейн з вадой. Калі ўбачыце анонс гэтага свята, не прапусціце!

Да сустрэчы на ​​трасах у Сілічах. Мы верым, што ў новым годзе снегу хопіць усім аматарам горных лыжаў і экстрэмальных зімовых відаў спорту!

ПАДАРОЖНІЧАЦЬ - ЗНАЧЫЦЬ ЖЫЦЬ!

Падпішыся на рассылку!
Цікавыя падарожжы па Беларусі, гайды па гарадах, парады па санаторыях, гастратуры,
навіны і акцыі з лепшымі коштамі на адпачынак.


Вярнуцца да спісу