Браслаўскія азёры. Усё самае-самае.

18.12.2020 Браслаў

Браслаўскія азёры - гэта не проста нацыянальны парк. Гэта месца сілы, «мекка адпачынку» Беларусі. Гэта сапраўдны здабытак краіны і адзін з самых вядомых яе турыстычных брэндаў. У рэшце рэшт, гэта проста космас. І не толькі ў сэнсе прыгажосці і маштабнасці. Гэта цалкам касмічныя пейзажы, столькі ў іх экзотыкі, загадкі, экспрэсіі і разам з тым сусветнага спакою. Асабліва калі падняцца высока і паглядзець на іх вачыма птушак.

Браславские озера.jpg

Блакітныя каралі Беларусі

Браслаўскія азёры - гэта яшчэ і блакітныя каралі Беларусі, у якіх амаль 300 пярлін, аднолькава выдатных, хаця і розных па памеры, форме, глыбіні, складзе і празрыстасці. Гэта найбуйнейшы азёрны рэгіён сінявокай краіны. І ў яго ёсць шмат свайго самага-самага. Напрыклад, самае вялікае возера Дрывяты: 10 кіламетраў удоўжкі і амаль 4 ўшыркі! У цёплыя месяцы года па ім можна пакатацца на цеплаходзе - амаль як па моры.

Божье око.jpg

Калі ёсць самае вялікае возера, значыць, ёсць і самае маленькае. Называецца яно Божае вока, таму што па форме нагадвае вока, памер якога не большы за сотню метраў. Вядома, акрамя памеру возера мае і глыбіню. І ў гэтым сэнсе самым выбітным на Браслаўшчыне лічыцца возера Валасо Паўднёвае. Месцамі ад паверхні да дна набягае 40 метраў! Але не толькі глыбінёй вядомае Валасо, а яшчэ і чысцінёй - празрыстасць яго вады складае 8 метраў! А ўзімку яшчэ болей. Аднак галоўная ўнікальнасць палягае ў тым, што менавіта тут упершыню ў свеце апісалі жыццёвы цыкл рэліктавай мізіды, маленькага, вельмі старажытнага сантыметровага рачка, падобнага да крэветкі.

Ёсць на Браслаўскіх азёрах і свой цуд - унікальнае возера Струста, на якім ёсць востраў Чайчын, усярэдзіне якога ёсць сваё возера, хай сабе і маленькае. Чайчын - месца жыхарства вялікай калоніі чаек. А наогул у Нацыянальным парку Браслаўскія азёры пражывае 200 відаў птушак! Усіх масцей. Ды і ў цэлым столькі ўсялякай фауны, што гэта заслугоўвае асобнай главы вялікай кнігі. Напрыклад, на возеры Струста можна злавіць метровага шчупака на цэлых 10 кг!

Ну, і, мабыць, нельга не згадаць самы цяжкадаступны тутэйшы вадаём, Азерайцы. Найбліжэйшая да яго вёска Мілашкі ляжыць у трох кіламетрах. Дабрацца да возера - вялікая прыгода: забалочаная мясцовасць і густы лес зрабілі яго амаль незаселеным. Так што падарожжа да вадаёма ператвараецца ў сапраўдны афлайнавы квэст.

След ледавіка

Але не толькі вадой і зямлёй слаўны Браслаўскі край. Напрыклад, з шэрагу самага-самага тут ёсць валун, які важыць больш за 40 тон! Нямала іх раскідана вакол тысячагадовага Браслава. Таму што 15 000 гадоў таму ледавік, што сыходзіў на поўнач, пакінуў тут не толькі россыпы заліваў, бухт і выспаў, але і шчодра засыпаў гэтую дабраславёную зямлю камянямі. Вось і ляжаць яны то тут, то там, спаборнічаюць аб'ёмамі ды вагой.

Гара Маяк

Гора маяк.jpg

А яшчэ ў Нацыянальным парку Браслаўскія азёры ёсць самая высокая кропка, з якой адкрываецца неверагодны, проста феерычны від! Называецца яна гара Маяк, хаця хутчэй гэта група пагоркаў на тэрыторыі ў некалькі квадратных кіламетраў. Панарама вакол проста ўражвае! Усяго паўсотні метраў над узроўнем азёраў, якія разбегліся наўкола карагодам, - і адкрываюцца касмічныя пейзажы, што асляпляюць сінню і прымушаюць сэрца біцца часцей.

Такая першародная прырода - магутная рэч, жыватворная, яна робіць поўную перазагрузку, вяртаючы чалавека самому сабе. А можна ж не толькі любавацца. Можна паплаваць на вадзе або пад ёй, павеславаць на лодцы або байдарцы, пастаяць пад ветразем або палавіць рыбу. А вогнішча, а шашлык, а юшка, а гітара, нарэшце. Ёсць столькі важных і прыемных спраў, якімі можна заняцца на Браслаўскіх азёрах!

Усё што вам патрэбна - проста прыехаць

Дривяты.jpg

І пажыць знойдзецца дзе: базы адпачынку, турыстычныя стаянкі, мясцовыя жыхары, нарэшце, - многія з іх здаюць турыстам свае кватэры і пакоі. Усё ёсць. Трэба проста прыехаць у гэты рай на зямлі і пагрузіцца ў незямную атмасферу.

P.S. Аднойчы, шмат гадоў таму, мне пашчасціла пакупацца ў адным з Браслаўскіх азёраў. Яно не было блакітным. Яно было аранжавым! Зусім цаглянага колеру, быццам фарбы падлілі ў ваду: апускаеш руку і не бачыш сваіх далоняў. Дзіўнае адчуванне - плывеш у такой вадзе, быццам і не ў вадзе... Аказалася, справа ў дрэвах - лісцяных зарасніках, што шчыльнымі радамі навісаюць над возерам. Апалае ўвосень лісце не горш за вохру фарбуе ваду. Так нам сказалі мясцовыя жыхары, якіх заставалася ўсяго пяць двароў. Нажаль, я не памятаю назваў - ні возера, ні вёсачкі. Напэўна, трэба вярнуцца. Дамоў тых, можа, ужо і няма. Але ж возера засталося.

Відэа

ПАДАРОЖНІЧАЦЬ - ЗНАЧЫЦЬ ЖЫЦЬ!

Падпішыся на рассылку!
Цікавыя падарожжы па Беларусі, гайды па гарадах, парады па санаторыях, гастратуры,
навіны і акцыі з лепшымі коштамі на адпачынак.


Вярнуцца да спісу