Фіёрды, вампіры, вадаспады: 12 незвычайных вёсак Беларусі

25.08.2021

Якіх толькі цудаў няма ў Беларусі! Гэта і ўнікальныя помнікі архітэктуры, і цікавыя этнаграфічныя комплексы, і містычныя месцы, дзе можна прыадчыніць заслону таямніцы і залезці па вушы ў нязведанае. Такім чынам, сёння VETLIVA расказвае пра беларускія вёскі, у кожнай з якіх ёсць свая разыначка. Прычым зусім не абавязкова адпраўляцца ў далёкае падарожжа: ва ўсіх абласцях нашай краіны знойдзецца некалькі незвычайных лакацый.

Брэсцкая вобласць

Віцебская вобласць

Гомельская вобласць

Гродзенская вобласць

Мінская вобласць

Магілёўская вобласць


Брэсцкая вобласць


Вёска Парэ

Старажытныя могілкі, высаджаныя кветкамі

Дзе: Пінскі раён, Брэсцкая вобласць

Чым вядомая: вампіры

Здавалася б, як мілая і прыгожая вёска Беларусі можа быць звязана з крыважэрнымі крывасмокамі? Уся справа ў незвычайнай традыцыі, якой і дагэтуль прытрымліваюцца мясцовыя жыхары. Кожную новую магілу, якая з'яўлялася на могілках, абавязкова прыкрывалі… масіўнымі дубовымі калодамі! Зразумела, рабілася гэта не для прыгажосці: лічылася, што так званыя «нарубы» не даюць мёртвым паўставаць з магіл і трывожыць супакой жывых.

Дарэчы, шматлікія сучасныя пахаванні выглядаюць ужо цалкам штодзённа і нічым не адрозніваюцца ад звычайных. Але і сярод іх часам сустракаюцца магілы, закладзеныя газасілікатнымі блокамі.

Цікавы факт ад VETLIVA: у вёсцы існуе традыцыя ўпрыгожваць крыжы стужачкамі і ручнікамі. Мясцовыя жыхары завуць гэты абрад аброкам: лічыцца, што ўпрыгожаныя крыжы абараняюць ад усялякага зла, напрыклад, неўраджаю і мору скаціны. Так што будзеце на Піншчыне — абавязкова зазірніце ў горад, дзе можна пракаціцца на цеплаходзе па Піне і пабрацца шлюбам у самым сапраўдным палацы, а затым пабывайце ў беларускай вёсцы Парэ, якую акаляе з усіх бакоў асіннік. Яна захоўвае дзіўныя таямніцы!


Аграгарадок Моталь

Рондаль з варанай бульбай і хатнімі каўбаскамі

Дзе: Іванаўскі раён, Брэсцкая вобласць

Чым вядомы: нацыянальная беларуская кухня

Колькі вёсак у Беларусі ёсць, але Моталь — адна з самых дзіўных! Тут жыве пяць тысяч жыхароў, і кожны з іх зберагае родную культуру і традыцыі, як можа. Тут ёсць унікальны музей народнай творчасці, у якім каля 30 тысяч унікальных для Беларусі экспанатаў. Часткай яго экспазіцыі з'яўляецца таксама вятрак, у якім размешчаны музей хлеба.

Штогод у пачатку жніўня ўсе дарогі Беларусі вядуць у Моталь. Тут уладкоўваюць сапраўднае баляванне пад назвай «Мотальскія прысмакі» — свята смачных страў і напояў традыцыйнай беларускай кухні. Так што за чаркай-скваркай едуць менавіта сюды.

Рада ад VETLIVA: ёсць вёскі Беларусі, дзе вас гатовыя накарміць смачняшкамі круглы год. Чытайце наш гастратур (настойліва рэкамендуем рабіць гэта на сыты страўнік!) і плануйце, куды адправіцеся ў першую чаргу!

Віцебская вобласць


Вёска Пруднікі

Вадаспад з двума парогамі ў асяроддзі дрэў

Дзе: Міёрскі раён, Віцебская вобласць

Чым вядомая: вадаспады

Засумавалі па незвычайных мясцовасцях і лакацыях? Міёршчына чакае вас! Мала таго, што ў гэтым рэгіёне знаходзіцца надзвычай маляўнічы заказнік Ельня і мястэчка Дзісна, дзе дагэтуль можна пераправіцца праз раку на пароме, так яшчэ і вадаспады ёсць. З'явіліся яны не натуральным, а штучным шляхам: у пачатку ХХ стагоддзя на рацэ Вята каля вёскі Пруднікі пабудавалі плаціну. Да сярэдзіны мінулага стагоддзя яна дапамагала выпрацоўваць электраэнергію з дапамогай вадзянога млына. Акрамя таго, у планах была яшчэ і пабудова кардоннай фабрыкі…

Млын ужо даўным-даўно не працуе, а фабрыку так і не ўзвялі. Затое вадаспады цешаць кожнага, хто сюды прыязджае. Нават наша каманда ўжо пабывала ў Прудніках! Так што самы час і вам знайсці дарогу да беларускіх вадаспадаў.


Вёска Сахновічы

Светлая пячора з высокімі скляпеннямі

Дзе: Глыбоцкі раён, Віцебская вобласць

Чым вядомая: карставая пячора

Адзіная беларуская пячора не пацешыць дасведчаных спелеолагаў, але дакладна будзе цікавая ўсім астатнім. Няхай лаз, які вядзе да яе, даволі вузкі, затое ў самай пячоры лёгка могуць размясціцца тры чалавекі!

Навукоўцы лічаць, што беларуская славутасць глыбінёй 10 метраў утварылася даўным-даўно, яшчэ 25 тысяч гадоў таму. Так што, калі жадаеце ўбачыць сапраўды незвычайную лакацыю, нехарактэрную для нашай краіны — пазначце ў навігатары ці на карце беларускую вёску Сахновічы. Дарэчы, ёсць яшчэ адна нагода тут пабываць: ходзяць чуткі, што ўнутры пячоры хавалі свае скарбы варшаўскія шляхцянкі пасля чарговага падзелу Рэчы Паспалітай. Некаторыя шукаюць тут нават знакамітыя напалеонаўскія скарбы! Хто ведае, можа быць, менавіта вам пашчасціць знайсці скарбы, што канулі ў Лету.

Гомельская вобласць


Вёска Юравічы

Каменая глыба з наскальнымі малюнкамі

Дзе: Калінкавіцкі раён, Гомельская вобласць

Чым вядомая: стаянка першабытнага чалавека

Яшчэ ў 1929 годзе ў вёсцы Юравічы на Гомельшчыне знайшлі стаянку першабытнага чалавека. Толькі ўявіце: 26 тысяч гадоў таму паселішча людзей ужо існавала тут! Цяпер стаянку можа паглядзець любы ахвотнік: мясцовыя жыхары заўсёды гатовыя падказаць, як знайсці «галоўную гару» Юравіч. Славутасць размешчана на 30-мятровым узгорку, каля падножжа якога працякае Прыпяць. Ідэальнае месца для пасялення: нядзіўна, што першабытныя людзі жылі тут да наступу ледніковага перыяду, і пасля таго, як ён скончыўся, вярнуліся сюды зноў.

Рада ад VETLIVA: зараз у Юравічах вядзецца актыўнае будаўніцтва гістарычнага комплексу. Неўзабаве тут можна будзе ўбачыць узноўленую стаянку, начынне і вогнішча краманьёнцаў, а таксама зрабіць фота ў стылізаванай пад біўні маманта альтанцы. Ну а пакуль вы можаце наведаць і іншыя музеі пад адкрытым небам, якіх у Беларусі больш, чым звышдастаткова!


Вёска Глушкавічы

Скалістыя берагі над ракой

Дзе: Лельчыцкі раён Гомельская вобласць

Чым вядомая: фіёрды

Глушкавічы можна смела аднесці да самых прыгожых вёсак Беларусі. А абавязаны населены пункт такім статусам… друзаваму заводу, дзякуючы якому і з'явіліся ў сінявокай свае фіёрды. Так завуць парэзаныя хвалямі вузкія і звілістыя марскія залівы са скалістымі берагамі, якія з'яўляюцца фірмовымі славутасцямі Нарвегіі, Фінляндыі і іншых скандынаўскіх краін.

У 1985 годзе ў Глушкавічах пачалі здабываць высакаякасны граніт і мармур, якімі аздаблялі фасады хат і станцыі метро. І ў 1991 годзе, з развалам Савецкага саюза, здабыча каменя спынілася. Затое зараз былыя гранітныя кар'еры, дзе на паверхню выходзіць крышталічная парода, нагадваюць сваёй прыгажосцю знакамітыя нарвежскія фіёрды.

Гродзенская вобласць


Вёска Хрустава

Закінуты бункер з лесвіцай і некалькімі заламі

Дзе: Свіслацкі раён, Гродзенская вобласць

Чым вядомая: савецкі бункер

Аматары закінутак, спакуслівы кавалачак для вас! Дзе, як не ў бункеры 1611, можна цалкам пагрузіцца ў невымоўную атмасферу сталкерства і сусвету «Метро 2033». Дзіўная лакацыя знаходзіцца ў 4 км ад вёскі Хрустава (мясцовыя без праблем падкажуць вам, як дабрацца да славутасці).

Бункер пачалі будаваць у 1986 годзе на выпадак вайны. І ўжо пасля распаду СССР, у 1992 годзе, патрэба ў ім адпала. Аднак большасць прац да гэтага часу ўжо была завершана. Толькі ўявіце сабе маштаб пабудовы: бункер складаецца з дзвюх шахт 61 і 62 метра ў глыбіню. А гэта адпавядае памерам дзесяціпавярховага дома!

VETLIVA папярэджвае: афіцыйна бункер зачынены, але адчайныя смельчакі знайшлі дарогу ўнутр. Уваход уяўляе сабою шчыліну паміж дзвюма бетоннымі плітамі. Аднак памятайце, што лакацыя лічыцца закінутай і паступова руйнуецца. Калі вам больш па душы бяспечнае сталкерства, тады запрашаем ў вандроўку па зоне адчужэння. Выдатны варыянт для аматараў усяго незвычайнага!


Пасёлак Краснасельскі

Ярка-блакітнае возера ў асяроддзі гор

Дзе: Ваўкавыскі раён, Гродзенская вобласць

Чым вядомы: крэйдавыя кар'еры

Крэйдавыя кар'еры няхай і гучаць досыць празаічна, але прыгажосцю здольныя параўнаецца са знакамітым курортам Мальдывы. Нездарма іх менавіта так і завуць у народзе. «Мальдываў» насамрэч у Беларусі некалькі, але самыя маляўнічыя і знакамітыя знаходзяцца ў Краснасельскім. Так што калі ваш Instagram пакутуе ад недахопу выдатных кадраў — адпраўляйцеся за файнымі фота ў гэту вёску Беларусі.

VETLIVA папярэджвае: дадзеныя вадаёмы ўтвораны штучным спосабам, у іх абрывістыя берагі і глыбіня каля 20 метраў. Купацца ў крэйдавых кар'ерах катэгарычна забаронена!

Мінская вобласць


Вёска Дукора

Перавернуты дом, які стаіць на ўласным даху

Дзе: Пухавіцкі раён, Мінская вобласць

Чым вядомая: перавернутая хата

Дукора пакуль што адзіная вёска ў Беларусі, дзе ёсць хата дагары нагамі. І гаворка цяпер ідзе не пра хатняе бязладдзе, а пра будынак, дзе падлога знаходзіцца на столі, і наадварот. І калі ў вас у галаве мільганула: «Ой, ну і што тут такога?», значыць, унутры вы яшчэ не бывалі. І вельмі дарэмна!

Нават у самых устойлівых духам тут падкошваюцца ногі, а вестыбулярны апарат быццам знаходзіццв ў змове з мозгам і адмаўляецца паверыць, што насамрэч нічога не змянілася. Падлога па-ранейшаму пад нагамі, столь — над галавой. Але… на столі заходзіцца мэбля, а на падлозе люстра! Гэта і прыводзіць наш арганізм у поўную збянтэжанацсь. Але не бойцеся: гэта не страшна, а нават вельмі весела! І гэта, дарэчы, далёка не адзіная забаўка ў Дукоры. Шматлікія экскурсійныя маршруты вядуць сюды: далучайцеся да іх і вы!

Магілёўская вобласць


Вёска Жылічы

Беласнежны палац з калонамі і высокімі вокнамі

Дзе: Кіраўскі раён, Магілёўская вобласць

Чым вядомая: рэзідэнцыя Булгакаў

Калісьці палацава-паркавы ансамбль у Жылічах, які насіў імя «Дабосна», практычна не саступаў раскошай і вядомасцю Мірскай і Нясвіжскай рэзідэнцыям Радзівілаў. Палац у свой час быў настолькі выдатны, што яго называлі «Жыліцкім Версалем». Перабольшанне толькі частковае: першы ўладальнік маёнтка, Ігнат Булгак, падчас вайны з Напалеонам дайшоў да Францыі. Яго так уразілі прыгажосці Парыжа, што па прыездзе пан распачаў маштабнае будаўніцтва. І атрыманы вынік, у якім знайшла адлюстраванне любоў Ігната да французскай архітэктуры, уражваў. Багацце ляпнога дэкору на столі і сценах, патаемны паверх для музыкаў, дарагое дрэва і люстэркі — вось толькі малая частка таго, што сустракала гасцей у палацы.

Цяпер жыліцкі палац знаходзіцца на рэканструкцыі. І неўзабаве можна будзе ў поўнай меры нацешыцца яго абноўленай прыгажосцю.


Вёска Буйнічы

Арка на дарозе да капліцы

Дзе: Магілёўская вобласць (3 км ад Магілёва)

Чым вядомая: мемарыял + заасад + этнаграфічная вёска

Мабыць, такой канцэнтрацыі цікавых лакацый, як у беларускай вёсцы Буйнічы, складана знайсці яшчэ дзе-небудзь. Тут вам і:

  • мемарыяльны комплекс, які ўвекавечвае 23-дзённую абарону Магілёва;

  • заасад, дзе ў прасторных вальерах блукаюць усурыйскі тыгр, высакародны алень, зубр і іншыя рэдкія віды жывёл;

  • этнаграфічная вёска з хатамі каваля, ганчара, пекара, ткача і іншых народных майстроў, якія з радасцю падзяляюцца сакрэтамі майстэрства з усімі ахвотнікамі.

Адным словам, кожны знаходзіць тут лакацыю сабе па душы. Так што выбірайце падыходны маршрут, браніруйце пражыванне ў Магілёве (ад абласнога цэнтра да Буйніч рукою дастаць) і адпраўляйцеся за новымі эмоцыямі і ўспамінамі!

Яшчэ больш цікавых вёсак Беларусі

Шматлікія вёскі Беларусі хаваюць у сабе славутасці, якіх больш нідзе не знайсці. Гэта могуць быць незвычайныя ландшафты, як прыродныя, так і штучныя, старадаўняя архітэктура, цікавыя музеі і проста лакальныя традыцыі, якія становяцца мясцовай разыначкай. Напрыклад, ці ведаеце вы, што ў вёсцы Козішча пад Магілёвам гадуюць… страўсаў? Ці што ў Сар’і, маленькім аграгарадку Віцебскай вобласці, ёсць праваслаўны неагатычны храм?

Пра гэта і шматлікае іншае вы даведаецеся, калі будзеце і далей чытаць наш Блог. Абяцаем: сумна не будзе!

ПАДАРОЖНІЧАЦЬ - ЗНАЧЫЦЬ ЖЫЦЬ!

Падпішыся на рассылку!
Цікавыя падарожжы па Беларусі, гайды па гарадах, парады па санаторыях, гастратуры,
навіны і акцыі з лепшымі коштамі на адпачынак.


1

Вярнуцца да спісу